§ 3-1. Францыя ў эпоху Консульства і імперыі Напалеона Банапарта

1. Францыя: ад рэспублікі да імперыі. Канстытуцыя 1799 г.

Тэрмідарыянскі пераварот 27 ліпеня (9 тэрмідора) 1794 г. прывёў да ўлады ў Францыі людзей, што імкнуліся стабілізаваць эканамічную і палітычную сітуацыю, каб дагадзіць новай буржуазіі, якая ўзбагацілася ў ходзе рэвалюцыі. Тэрмідарыянцы спынілі нацыяналізацыю знешняга гандлю, адмянілі нарміраванне цэн і зарплат. У выніку ў 1795 г. уладам давялося душыць узброеныя паўстанні даведзенай да адчаю беднаты і прыхільнікаў манархіі. Пры задушэнні раялісцкага мецяжу ў Парыжы вызначыўся малады генерал Напалеон Банапарт. На вуліцах сталіцы ён спакойна прымяніў артылерыйскую карцеч супраць натоўпаў мяцежнікаў, за што быў узведзены ў дывізійныя генералы.

Пагаршэнне становішча шырокіх слаёў насельніцтва прывяло да падзення аўтарытэту ўлады тэрмідарыянцаў. У 1795 г. аформіўся рэжым Дырэкторыі — урада Першай Французскай рэспублікі, пры якім у Францыі ажыццяўлялася калегіяльнае праўленне. 9 лістапада (18 брумера) 1799 г. генерал Напалеон Банапарт здзейсніў ваенны дзяржаўны пераварот, які быў падтрыманы большасцю насельніцтва краіны. Асаблівасцю гэтага дзяржаўнага перавароту было тое, што яго ажыццявілі не толькі шляхам змовы палітычнай эліты, але і пры прамой падтрымцы арміі, якая стала апорай дзяржаўнай улады ва ўмовах палітычнай і эканамічнай нестабільнасці. Выканаўчая ўлада перайшла да трох консулаў, з якіх рэальнымі правамі валодаў толькі першы — Напалеон Банапарт. У яго руках сканцэнтраваліся ўсе рычагі знешняй і ўнутранай палітыкі. Заканадаўчая ўлада была прадстаўлена дзвюма камісіямі, задачай якіх стала выпрацоўка новай Канстытуцыі.

Новы рэжым падтрымала сялянства, якому была абяцана, а пасля і забяспечана абарона ўласнасці на зямлю.

Рэжым Консульства юрыдычна замацоўваўся Канстытуцыяй, прынятай у снежні 1799 г. і напісанай па дырэктыве Напалеона: «Выказваць коратка і незразумела!» Згодна з гэтай крайне заблытанай Канстытуцыяй асноўнымі рысамі дзяржаўнага ладу сталі вяршэнства ўрада і прадстаўніцтва народа на аснове плебісцыту (рэферэндуму); Францыя заставалася рэспублікай, заснаванай на раздзяленні ўладаў. Заканадаўчая ўлада стала цалкам залежаць ад урада.

Першы консул меў асаблівыя паўнамоцтвы: ажыццяўляў выканаўчую ўладу, прызначаў і здымаў міністраў, членаў Дзяржаўнага савета, паслоў, генералаў, вышэйшых чыноўнікаў мясцовага кіравання і суддзяў. Толькі першы консул мог уносіць на разгляд законапраекты. Другі і трэці консулы мелі выключна дарадчыя паўнамоцтвы.

У краіне ўсталёўвалася строгая іерархія падначаленасці службовых асоб першаму консулу. «Абмяркоўваць калегіяльна, прымаць рашэнні адзінаасобна»,— такая была воля Напалеона. Было ўсталявана новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Францыі на дэпартаменты, дыстрыкты, камуны. Прэфектаў, мэраў і членаў саветаў камун і гарадоў, якія сталі на чале дэпартаментаў, назначаў урад.

Банапарт стварыў крайне цэнтралізаваную сістэму кіравання, магчыма, нават больш цэнтралізаваную, чым у дарэвалюцыйныя часы. Так, месца каралеўскіх інтэндантаў занялі прэфекты, якія валодалі большай уладай, чым першыя. У той жа час яны знаходзіліся пад больш строгім кантролем цэнтральнага ўрада.

У 1802 г. па выніках плебісцыту Напалеон Банапарт стаў пажыццёвым консулам з правам прызначэння пераемніка. Ён цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках выканаўчую і заканадаўчую ўладу, што, па сутнасці, азначала аднаўленне манархіі. Паводле закона ад 18 мая 1804 г. у Францыі быў ажыццёўлены афіцыйны пераход да манархічнай формы праўлення, кіраванне краінай ускладалася на «імператара французаў». Пад гэтым тытулам Напалеон I узышоў на трон, заснаваўшы новую дынастыю. Гэтую акцыю падтрымалі не толькі «новыя багацеі», але і сяляне, якія набылі землі дваран-эмігрантаў.