§ 3-1. Францыя ў эпоху Консульства і імперыі Напалеона Банапарта
Ключавая ідэя: падзеі 9 лістапада 1799 г. адкрылі шлях генералу Банапарту да тытула імператара Францыі і пераўтварэння Французскай рэспублікі ў буржуазную імперыю.
З прыходам да ўлады Напалеона Банапарта ў дзяржаве пачаліся пераўтварэнні ў інтарэсах буржуазіі. Сканцэнтраваўшы ўладу ў сваіх руках, абапіраючыся на армію і паліцыю, Банапарт цэнтралізаваў сістэму кіравання, заканадаўча аформіў новую мадэль маёмасных адносін, ліквідаваў у Францыі перажыткі феадальнага ладу.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 3-1. Францыя ў эпоху Консульства і імперыі Напалеона Банапарта |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 21:33 |
1. Францыя: ад рэспублікі да імперыі. Канстытуцыя 1799 г.
Тэрмідарыянскі пераварот 27 ліпеня (9 тэрмідора) 1794 г. прывёў да ўлады ў Францыі людзей, што імкнуліся стабілізаваць эканамічную і палітычную сітуацыю, каб дагадзіць новай буржуазіі, якая ўзбагацілася ў ходзе рэвалюцыі. Тэрмідарыянцы спынілі нацыяналізацыю знешняга гандлю, адмянілі нарміраванне цэн і зарплат. У выніку ў 1795 г. уладам давялося душыць узброеныя паўстанні даведзенай да адчаю беднаты і прыхільнікаў манархіі. Пры задушэнні раялісцкага мецяжу ў Парыжы вызначыўся малады генерал Напалеон Банапарт. На вуліцах сталіцы ён спакойна прымяніў артылерыйскую карцеч супраць натоўпаў мяцежнікаў, за што быў узведзены ў дывізійныя генералы.
Пагаршэнне становішча шырокіх слаёў насельніцтва прывяло да падзення аўтарытэту ўлады тэрмідарыянцаў. У 1795 г. аформіўся рэжым Дырэкторыі — урада Першай Французскай рэспублікі, пры якім у Францыі ажыццяўлялася калегіяльнае праўленне. 9 лістапада (18 брумера) 1799 г. генерал Напалеон Банапарт здзейсніў ваенны дзяржаўны пераварот, які быў падтрыманы большасцю насельніцтва краіны. Асаблівасцю гэтага дзяржаўнага перавароту было тое, што яго ажыццявілі не толькі шляхам змовы палітычнай эліты, але і пры прамой падтрымцы арміі, якая стала апорай дзяржаўнай улады ва ўмовах палітычнай і эканамічнай нестабільнасці. Выканаўчая ўлада перайшла да трох консулаў, з якіх рэальнымі правамі валодаў толькі першы — Напалеон Банапарт. У яго руках сканцэнтраваліся ўсе рычагі знешняй і ўнутранай палітыкі. Заканадаўчая ўлада была прадстаўлена дзвюма камісіямі, задачай якіх стала выпрацоўка новай Канстытуцыі.
Новы рэжым падтрымала сялянства, якому была абяцана, а пасля і забяспечана абарона ўласнасці на зямлю.
Рэжым Консульства юрыдычна замацоўваўся Канстытуцыяй, прынятай у снежні 1799 г. і напісанай па дырэктыве Напалеона: «Выказваць коратка і незразумела!» Згодна з гэтай крайне заблытанай Канстытуцыяй асноўнымі рысамі дзяржаўнага ладу сталі вяршэнства ўрада і прадстаўніцтва народа на аснове плебісцыту (рэферэндуму); Францыя заставалася рэспублікай, заснаванай на раздзяленні ўладаў. Заканадаўчая ўлада стала цалкам залежаць ад урада.
Першы консул меў асаблівыя паўнамоцтвы: ажыццяўляў выканаўчую ўладу, прызначаў і здымаў міністраў, членаў Дзяржаўнага савета, паслоў, генералаў, вышэйшых чыноўнікаў мясцовага кіравання і суддзяў. Толькі першы консул мог уносіць на разгляд законапраекты. Другі і трэці консулы мелі выключна дарадчыя паўнамоцтвы.
У краіне ўсталёўвалася строгая іерархія падначаленасці службовых асоб першаму консулу. «Абмяркоўваць калегіяльна, прымаць рашэнні адзінаасобна»,— такая была воля Напалеона. Было ўсталявана новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Францыі на дэпартаменты, дыстрыкты, камуны. Прэфектаў, мэраў і членаў саветаў камун і гарадоў, якія сталі на чале дэпартаментаў, назначаў урад.
Банапарт стварыў крайне цэнтралізаваную сістэму кіравання, магчыма, нават больш цэнтралізаваную, чым у дарэвалюцыйныя часы. Так, месца каралеўскіх інтэндантаў занялі прэфекты, якія валодалі большай уладай, чым першыя. У той жа час яны знаходзіліся пад больш строгім кантролем цэнтральнага ўрада.
У 1802 г. па выніках плебісцыту Напалеон Банапарт стаў пажыццёвым консулам з правам прызначэння пераемніка. Ён цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках выканаўчую і заканадаўчую ўладу, што, па сутнасці, азначала аднаўленне манархіі. Паводле закона ад 18 мая 1804 г. у Францыі быў ажыццёўлены афіцыйны пераход да манархічнай формы праўлення, кіраванне краінай ускладалася на «імператара французаў». Пад гэтым тытулам Напалеон I узышоў на трон, заснаваўшы новую дынастыю. Гэтую акцыю падтрымалі не толькі «новыя багацеі», але і сяляне, якія набылі землі дваран-эмігрантаў.
2. Унутраная палітыка Напалеона. Кодэкс Напалеона
Банапарту трэба было наноў стварыць дзяржаўнае кіраванне краінай, аднавіць прамысловасць, фінансы пры поўнай адсутнасці крэдыту. Ён ліквідаваў дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, стварыў Французскі банк, увёў новую грашовую адзінку — франк. Урад Напалеона ўсяляк заахвочваў земляробства, прадпрымальніцкую дзейнасць, прадастаўляў буйной буржуазіі выгадныя дзяржаўныя заказы. У 1801 г. было заснавана Таварыства заахвочвання нацыянальнай прамысловасці. У парадак прыводзіліся сухапутныя і рачныя шляхі зносін.
Палітыка Напалеона выражала інтарэсы ўласнікаў, а галоўнае — буржуазіі і «новых багацеяў». Лозунг «Свабода, роўнасць і братэрства!» быў заменены лозунгам «Свабода, роўнасць і ўласнасць!». Прынятыя законы пацвердзілі права валодання ўласнасцю і маёмасцю, набытымі ў гады рэвалюцыі.
Імператарская ўлада абапіралася на армію і паліцыю. Армія набыла вялізны ўплыў на палітычнае жыццё краіны, ператварылася ў прафесійную і ўключала прывілеяваныя войскі — імператарскую гвардыю. Вельмі важную ролю адыгрывала паліцэйская сістэма. Была створана разгалінаваная сетка палітычнага вышуку і шпіянажу. Кіраўнікі (камісары) паліцыі ў акругах і гарадах прызначаліся міністрам паліцыі Напалеона Ж. Фушэ і дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам. «На час вайны» Напалеон закрыў 60 з 73 парыжскіх газет, а астатнія паставіў пад урадавы кантроль.
Важным заканадаўчым актам напалеонаўскай эпохі быў Грамадзянскі кодэкс, прыняты ў 1804 г. У 1807 г. ён быў перайменаваны ў Кодэкс Напалеона, які замацоўваў буржуазную мадэль маёмасных адносін, спадчыннага права і становішча наёмнага работніка, адмену феадальных перажыткаў, перадачу зямлі на карысць буржуазіі і сялянства, гэта значыць абарону прыватнай уласнасці і роўнасць усіх перад законам. Асноўныя палажэнні Кодэкса Напалеона былі пазней прынятыя ў многіх краінах свету.
Акрамя Грамадзянскага кодэкса ў час імперыі былі прыняты і іншыя кодэксы, якія рэгламентавалі ўсе сферы жыцця грамадства: грамадзянскага і крымінальнага судаводства (1806), гандлёвага права (1807), крымінальных законаў (1810). Ва ўсіх гэтых заканадаўчых актах былі знішчаны рэшткі феадалізму. Праўда, у сферы крымінальнага права напалеонаўскае заканадаўства захавала некаторыя дарэвалюцыйныя традыцыі. У прыватнасці, былі адноўлены такія пакаранні, як адсячэнне забойцам бацькоў перад смяротнай карай правай рукі, клеймаванне пляча, прыкоўванне да катаржнікаў цяжкага ядра, адмененыя толькі ў 1832 г.
Акрамя бюракратычнага апарата Напалеон стаў абапірацца на царкву. 25 снежня 1799 г. царкоўныя будынкі былі вернуты царкве. Канфіскацыя ж царкоўных зямель, праведзеная рэвалюцыянерамі, была прызнана законнай. У перыяд Консульства 15 ліпеня 1801 г. Напалеон заключыў пагадненне з Папам Піем VII. У Францыі была адноўлена дзяржаўная царква. Епіскапы прызначаліся першым консулам, але атрымлівалі зацвярджэнне ад папы рымскага. 1 студзеня 1806 г. быў адменены рэспубліканскі каляндар і адноўлены хрысціянскі. Напалеон аб’явіў каталіцызм веравызнаннем большасці французаў. Каталіцкая царква прымірылася з новым парадкам рэчаў у Францыі, і Папа Рымскі каранаваў Напалеона на царства. Праўда, пазней адносіны паміж імі сапсаваліся, і пантыфік адлучыў Напалеона ад царквы.
Грамадства з пераходам Францыі да імперыі набыла стабільнасць і парадак, але страціла ўсе асноўныя заваёвы рэвалюцыі. Абарона прыватнай уласнасці і прадпрымальніцтва суправаджалася цяжкімі ўмовамі найму, бяспраўем рабочых, забаронай на правядзенне публічных сходаў, маніфестацый, забастовак, усталёўвалася цэнзура над прэсай. Напалеон бязлітасна распраўляўся з апазіцыяй. Сутнасцю палітыкі Напалеона было лавіраванне паміж рознымі сацыяльнымі сіламі з апорай на магутны бюракратычны апарат, армію і паліцыю. Напалеон стварыў новы, буржуазны па сваёй сутнасці, парадак у Францыі.
Пытанні
1. Складзіце храналагічную табліцу падзей, якія прывялі да пераходу Францыі ад рэспублікі да імперыі. Чаму падзеі 18 брумера 1799 г. разглядаюцца як канец Французскай рэвалюцыі?
2. Вызначце характар дзяржаўнай улады, якая склалася ў Францыі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1799 г.
3. Як вы думаеце, чаму ў час плебісцыту ў 1802 г. большая частка французаў выказалася за пажыццёвы характар улады першага консула?
4. Акрэсліце значэнне Грамадзянскага кодэкса Напалеона. Растлумачце, чаму Грамадзянскі кодэкс, хаця і ў змененым выглядзе, працягвае дзейнічаць у наш час.
5. Ахарактарызуйце дзейнасць Напалеона Банапарта. Дайце ёй ацэнку.
6. Напалеон пакінуў вялікую колькасць прац пра сваю дзейнасць, была апублікавана яго перапіска. Ці можна на падставе гэтых крыніц стварыць гістарычна дакладны партрэт самога Напалеона і ацаніць яго дзейнасць? Як бы вы ацанілі дзейнасць Напалеона Банапарта?
7. Апішыце змены, якія зрабіў Напалеон, прыйшоўшы да ўлады. Дакажыце, што гэтыя пераўтварэнні прывялі да знішчэння феадалізму і станаўлення буржуазных парадкаў.