§ 2-2. Сацыяльныя і палітычныя вынікі прамысловай рэвалюцыі
1. Змяненне сацыяльнай структуры грамадства
Пераход ад мануфактурнай да машыннай, фабрычнай вытворчасці, як вядома, пачаўся ў тэкстыльнай прамысловасці Вялікабрытаніі ў сярэдзіне XVIII ст. Перадумовай прамысловай рэвалюцыі стаў пастаянны рост попыту на англійскую воўну, які ўзнік яшчэ ў XVI ст. У выніку для пашырэння пашаў ўзнікла патрэба вызваліць землі ад дробных сялянскіх гаспадарак, ажыццявіць «агароджванні», што ў сваю чаргу прывяло да вызвалення з сельскай гаспадаркі вялікай колькасці свабодных рабочых рук. Пазбаўленыя зямлі сяляне ператвараліся ў сельскагаспадарчых рабочых.
Падобныя «агароджванні», толькі ў меншых маштабах, праходзілі таксама ў Германіі, Нідэрландах і Францыі. Рады пралетарыяту папаўнялі збяднелыя рамеснікі, дробныя гандляры. Масы нядаўніх сялян і рамеснікаў сталі выступаць у якасці прадаўцоў сваёй рабочай сілы. Такім чынам, пачаў складвацца клас наёмных рабочых, якія паступова ўсведамлялі свае інтарэсы.
Крыніцай фарміравання буржуазіі былі багатыя гараджане, купцы, ліхвяры, якія назапасілі вялікія грашовыя сумы, а таксама прадстаўнікі дваранскага саслоўя, што ператваралі свае ўладанні ў буйныя гаспадаркі з выкарыстаннем працы сельскагаспадарчых рабочых-парабкаў.
У XIX ст. сацыяльная структура грамадства заўважна ўскладнілася. Адбылося павелічэнне колькасці прадстаўнікоў буржуазіі, класа буйных уласнікаў, якія шырока выкарыстоўвалі наёмную працу, і наёмных рабочых, прамысловага рабочага класа — пралетарыяту. Прамежкавае становішча паміж імі займалі заможныя сяляне, дробныя гандляры і крамнікі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі. Асноўнай крыніцай сродкаў для існавання пралетарыяту быў продаж уласнай рабочай сілы. У адрозненне ад рамеснікаў і надомных работнікаў, якія карысталіся ўласнымі інструментамі для вытворчасці тавараў, пралетарыят не меў уласнасці, яго не абаранялі цэхавыя прывілеі мінулага, ён не меў, як сяляне, сваёй гаспадаркі.
Важным вынікам прамысловай рэвалюцыі стала з’яўленне звышбагатай праслойкі буржуазіі. Гаспадары буйных манапалістычных аб’яднанняў кантралявалі вытворчасць большай часткі прадукцыі пэўнага віду. Напрыклад, у ЗША пад кантролем канцэрна Ракфелера «Стандард ойл» у 1879 г. знаходзілася 90 % нафтаздабыўнай прамысловасці краіны. У банкаўской сферы таксама развіваліся працэсы канцэнтрацыі капіталу. Пачалося зліццё банкаўскага капіталу з прамысловым. Прадстаўнікі вядучых фінансава-прамысловых груп сталі аказваць значны ўплыў на эканоміку дзяржаў, кантралюючы буйнейшыя фірмы ў сферы вытворчасці, транспарту і гандлю. Яшчэ больш, яны аказаліся здольнымі вызначаць палітычнае развіццё дзяржаў, імкнуліся ўмацавацца на знешніх рынках. Найстарэйшыя цэнтры банкаўскай дзейнасці Францыі і Англіі абслугоўвалі фінансавыя патокі метраполій і калоній, дзе можна было атрымаць максімальныя прыбыткі.