Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-2. Сацыяльныя і палітычныя вынікі прамысловай рэвалюцыі

Ключавая ідэя: многія сацыяльныя з’явы XIX — пачатку ХХ ст., такія як змяненне структуры грамадства і ладу жыцця людзей, з’яўленне рабочага руху, а таксама афармленне новых ідэалогій і партый, былі выкліканы прамысловай рэвалюцыяй.

Прамысловая рэвалюцыя зрабіла ўплыў на ўсе бакі жыцця еўрапейскага грамадства, прама або ўскосна закранула не толькі сацыяльную, але і палітычную сферу.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 2-2. Сацыяльныя і палітычныя вынікі прамысловай рэвалюцыі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:19

1. Змяненне сацыяльнай структуры грамадства

Пераход ад мануфактурнай да машыннай, фабрычнай вытворчасці, як вядома, пачаўся ў тэкстыльнай прамысловасці Вялікабрытаніі ў сярэдзіне XVIII ст. Перадумовай прамысловай рэвалюцыі стаў пастаянны рост попыту на англійскую воўну, які ўзнік яшчэ ў XVI ст. У выніку для пашырэння пашаў ўзнікла патрэба вызваліць землі ад дробных сялянскіх гаспадарак, ажыццявіць «агароджванні», што ў сваю чаргу прывяло да вызвалення з сельскай гаспадаркі вялікай колькасці свабодных рабочых рук. Пазбаўленыя зямлі сяляне ператвараліся ў сельскагаспадарчых рабочых.

Падобныя «агароджванні», толькі ў меншых маштабах, праходзілі таксама ў Германіі, Нідэрландах і Францыі. Рады пралетарыяту папаўнялі збяднелыя рамеснікі, дробныя гандляры. Масы нядаўніх сялян і рамеснікаў сталі выступаць у якасці прадаўцоў сваёй рабочай сілы. Такім чынам, пачаў складвацца клас наёмных рабочых, якія паступова ўсведамлялі свае інтарэсы.

Крыніцай фарміравання буржуазіі былі багатыя гараджане, купцы, ліхвяры, якія назапасілі вялікія грашовыя сумы, а таксама прадстаўнікі дваранскага саслоўя, што ператваралі свае ўладанні ў буйныя гаспадаркі з выкарыстаннем працы сельскагаспадарчых рабочых-парабкаў.

У XIX ст. сацыяльная структура грамадства заўважна ўскладнілася. Адбылося павелічэнне колькасці прадстаўнікоў буржуазіі, класа буйных уласнікаў, якія шырока выкарыстоўвалі наёмную працу, і наёмных рабочых, прамысловага рабочага класа — пралетарыяту. Прамежкавае становішча паміж імі займалі заможныя сяляне, дробныя гандляры і крамнікі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі. Асноўнай крыніцай сродкаў для існавання пралетарыяту быў продаж уласнай рабочай сілы. У адрозненне ад рамеснікаў і надомных работнікаў, якія карысталіся ўласнымі інструментамі для вытворчасці тавараў, пралетарыят не меў уласнасці, яго не абаранялі цэхавыя прывілеі мінулага, ён не меў, як сяляне, сваёй гаспадаркі.

Важным вынікам прамысловай рэвалюцыі стала з’яўленне звышбагатай праслойкі буржуазіі. Гаспадары буйных манапалістычных аб’яднанняў кантралявалі вытворчасць большай часткі прадукцыі пэўнага віду. Напрыклад, у ЗША пад кантролем канцэрна Ракфелера «Стандард ойл» у 1879 г. знаходзілася 90 % нафтаздабыўнай прамысловасці краіны. У банкаўской сферы таксама развіваліся працэсы канцэнтрацыі капіталу. Пачалося зліццё банкаўскага капіталу з прамысловым. Прадстаўнікі вядучых фінансава-прамысловых груп сталі аказваць значны ўплыў на эканоміку дзяржаў, кантралюючы буйнейшыя фірмы ў сферы вытворчасці, транспарту і гандлю. Яшчэ больш, яны аказаліся здольнымі вызначаць палітычнае развіццё дзяржаў, імкнуліся ўмацавацца на знешніх рынках. Найстарэйшыя цэнтры банкаўскай дзейнасці Францыі і Англіі абслугоўвалі фінансавыя патокі метраполій і калоній, дзе можна было атрымаць максімальныя прыбыткі.

2. Змены ў ладзе жыцця ў эпоху прамысловай рэвалюцыі

Развіццё прамысловасці непазбежна вяло да збяднення мануфактур, дробных рамесных вытворчасцей. Рост колькасці беспрацоўных прывёў да з’яўлення «работных дамоў», у якіх беспрацоўным прадастаўлялі нізкааплатную працу пры ўмове пражывання і падпарадкавання ўнутранаму распарадку такога дома.

Машынная вытворчасць не патрабавала вялікай фізічнай сілы. Прадпрымальнікі шырока выкарыстоўвалі працу дзяцей і жанчын. Ненармальная працягласць рабочага дня (14—17 гадзін), цяжкія ўмовы працы, кепскае харчаванне і адсутнасць паўнавартаснага адпачынку вялі да высокай смяротнасці сярод рабочых. Толькі ў канцы XIX ст. рабочыя ў развітых краінах Заходняй Еўропы дабіліся і лепшых умоў працы, і значна большай зарплаты.

У канцы XIX ст. пачаліся паступовае згортванне рынку свабоднага прадпрымальніцтва, пераход да канцэнтрацыі і манапалізацыі капіталу, «глабалізацыі» бізнесу. Дробныя і сярэднія прадпрыемствы паглыналіся буйнымі.

Першапачаткова манапалісты дзейнічалі напорыста і адкрыта, не маскіравалі свае дзеянні, хоць і хавалі ад шырокай грамадскасці свае прыбыткі. Напрыклад, у ЗША аб шакіруючых махлярскіх аперацыях прадпрымальнікаў стала вядома дзякуючы рэпарцёрам, так званым «разграбальнікам бруду». Іх выкрыцці выклікалі ў краіне хвалю абурэння. Гэта прымусіла амерыканскі ўрад прыступіць да рэфармавання працоўнага і падатковага заканадаўства, да распрацоўкі антыманапольных актаў.

«Групы інтарэсаў» з ліку буйных бізнесменаў імкнуліся дабіцца прыняцця выгадных для іх урадавых рашэнняў і павінны былі пастаянна звяртацца да грамадскага меркавання. У якасці інструмента ўсё часцей выкарыстоўвалі сродкі масавай інфармацыі (СМІ). Гэта быў час станаўлення масавай прэсы, ужо тады здольнай аператыўна распаўсюджваць інфармацыю ў маштабах краіны.

Фінансавыя і прамысловыя магнаты даволі хутка ўсвядомілі ролю і значэнне прэсы ў грамадстве і пачалі выкарыстоўваць яе ў сваіх інтарэсах. З дапамогай СМІ яны імкнуліся нейтралізаваць крытычныя настроі. Для гэтага наймаліся журналісты, праца якіх шчодра аплачвалася. Праплачаныя работнікі прэсы павінны былі мэтанакіравана падносіць грамадскасці меркаванне прадпрымальнікаў з нагоды тых ці іншых падзей. Так, у 1914 г. супраць гарнякоў, якія баставалі на рудніках Ракфелераў, была ўжыта зброя. «Пабоішча ў Лудлоў» выклікала абурэнне ў насельніцтва. Але так званыя піяршчыкі дапамаглі нейтралізаваць незадаволенасць людзей, пераключыўшы іх увагу на іншыя тэмы і падзеі.

З сярэдзіны XIX ст. сталі мяняцца сямейныя адносіны, са зніжэннем нараджальнасці і ўрбанізацыяй узнікла малая сямя, якая аб’ядноўвала толькі бацькоў і дзяцей. Раней вялікія шматдзетныя сем’і аб’ядноўвалі людзей, што знаходзіліся ў розных сваяцкіх адносінах, належалі да розных пакаленняў і ўяўлялі сабой вытворчую ячэйку. У нядаўнім мінулым дом у горадзе служыў і майстэрняй, і крамай па продажы тавараў. Цяпер само домаўладанне стала важнай крыніцай даходу, кватэры здавалі разам з мэбляй. У багатых дамах і кватэрах з’явіліся электрычнае асвятленне і тэлефон. У побыт увайшлі швейныя машыны і веласіпеды.

3. «Сацыяльнае пытанне»

Прамысловая рэвалюцыя суправаджалася абвастрэннем новых сацыяльных праблем і супярэчнасцей. Канкурэнцыя на сусветных рынках пастаянна абвастралася. Павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі адбывалася за кошт зніжэння выдаткаў на яе вытворчасць, а гэта ў сваю чаргу дасягалася шляхам пагаршэння сацыяльнага становішча наёмных рабочых: павелічэння працягласці рабочага дня, павышэння інтэнсіўнасці працы і зніжэння зарплаты.

Падобныя метады выклікалі незадаволенасць рабочых. Аднолькавыя ўмовы жыцця і працы вялікіх мас людзей садзейнічалі фарміраванню ў рабочых асэнсавання агульнасці сваіх інтарэсаў і здольнасці да сумесных дзеянняў у сваю абарону. Сканцэнтраваныя ў прамысловых рэгіёнах масы рабочых паступова асэнсавалі, што ўяўляюць сабой магутную сілу, здольную аказваць уплыў на капіталістаў.

Сацыяльнае расслаенне і імкненне рабочых палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, а прадпрымальнікаў — павялічыць прыбыткі выклікалі сутыкненне інтарэсаў гэтых двух слаёў грамадства.

Многія бачылі прычыны сваіх бедстваў у з’яўленні машын, у 1760-я гг. распаўсюджанай з’явай стаў лудзізм — стыхійны пратэст у Вялікабрытаніі першай чвэрці XIX ст. супраць укаранення машын. У 1769 г. англійскі парламент прыняў закон, які прадугледжваў смяротнае пакаранне за разбурэнне машын.

Рабочы рух стаў адыгрываць важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці ў XX ст. Найбольш арганізаванай і згуртаванай сілай былі прамысловыя рабочыя. Яны сталі арганізоўваць забастоўкі, або стачкі. Іх барацьба прымала арганізаваны характар, яшчэ ў XIX ст. галоўным сродкам забеспячэння інтарэсаў наёмных работнікаў стаў профсаюзны рух, які аб’ядноўваў работнікаў адной галіны. Першапачаткова прафсаюзы ўзніклі ў Англіі. У 1830 г. рабочы-прадзільшчык Догерці арганізаваў «Нацыянальную асацыяцыю для абароны працы», адзіную прафесійную арганізацыю ў маштабах усёй краіны. Яна была зачынена ўладамі. Рабочыя пачалі ўсведамляць, што неабходна змяніць палітычны лад у краіне і дабіцца свободы дзейнасці рабочых саюзаў.

У 1840-я гг. класавая барацьба паміж пралетарыятам і буржуазіяй выступіла на першы план у найбольш развітых краінах Еўропы: паўстанні ліёнскіх ткачоў у 1831 і 1834 гг., уздым палітычнага і сацыяльнага руху англійскіх чартыстаў у сярэдзіне 1830-х — пачатку 1850-х гг., паўстанне ткачоў у Сілезіі ў 1844 г.

4. Новыя палітычныя ідэалогіі і партыі

Новай з’явай у грамадскім жыцці краін Захаду сталі палітычныя партыі, якія прадстаўлялі інтарэсы той ці іншай сацыяльнай групы. Асноўнымі, пераважна буржуазнымі, партыямі былі ліберальная і кансерватыўная, што змянялі адна адну ва ўладзе. Напрыклад, у Францыі гэта былі рэспубліканцы і манархісты, а ў Англіі галоўную апазіцыю кансерватарам-торы склалі лібералы-вігі.

Ім супрацьстаялі партыі і арганізацыі левай арыентацыі, якія рэзка крытыкавалі капіталізм і заклікалі да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Вялікай прыцягальнай сілай валодаў марксізм, які абвясціў сваёй мэтай звяржэнне буржуазіі, панаванне пралетарыяту і заснаванне новага грамадства, без класаў і прыватнай уласнасці.

Самымі ўплывовымі партыямі левай арыентацыі былі сацыял-дэмакраты. Аднак у сярэдзіне 1890-х гг. у сацыял-дэмакратычным руху ўзмацнілася ліберальна-рэфармісцкае крыло. Яго ідэолаг нямецкі сацыяліст Э. Бернштэйн адмаўляў неабходнасць сацыялістычнай рэвалюцыі і лічыў, што частковае ажыццяўленне сацыялізму магчымае ў рамках капіталістычнага грамадскага ладу.

Такім чынам, прамысловая рэвалюцыя садзейнічала з’яўленню новых сацыяльных груп, умацаванню ліберальна-кансерватыўнай палітычнай мадэлі, пашырэнню выбарчага права, барацьбе рабочых за свае правы, з’яўленню прафсаюзаў і партый.

У выніку з развіццём прафсаюзнага руху і ўзнікненнем палітычных партый, якія адстойвалі інтарэсы наёмных рабочых, у большасці індустрыяльных краін былі прыняты законы, што абмяжоўвалі працягласць рабочага дня, вызначалі мінімальныя зарплаты. Пры ўзнікненні працоўных спрэчак дзяржава для захавання сацыяльнага міру стала выконваць ролю арбітра. У гэтых умовах асноўным метадам росту прадукцыйнасці, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці стала выкарыстанне больш дасканалага абсталявання. Канкурэнтаздольнасць нарошчвалася за кошт абнаўлення асартыменту і росту якасці выпушчанай прадукцыі.

Пытанні

1. Вынікам прамысловай рэвалюцыі стала замена саслоўнага грамадства на класавае. Сфармулюйце вызначэнне паняцця «класы». Якія класы склаліся ў перыяд прамысловай рэвалюцыі?

2. Чаму прамысловая рэвалюцыя суправаджалася абвастрэннем сацыяльных праблем і супярэчнасцей?

3. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь: цяжкія ўмовы працы рабочых — адстойванне імі сваіх эканамічных інтарэсаў — стварэнне прафсаюзаў — палітычная барацьба рабочых — з’яўленне палітычных партый.

4. Чаму мадэрнізацыя прывяла да змянення сямейных адносін? Як змяніліся ролі членаў сям’і ў індустрыяльным грамадстве?

5. Які ўплыў на сусветную журналістыку зрабіла развіццё тэхнікі і тэхналогій у XIX ст.? Чаму брытанскі філосаф і публіцыст Т. Карлейль назваў СМІ «чацвёртай уладай»?

6. Растлумачце, чаму першапачаткова рабочыя вялі эканамічную барацьбу, а пазней перайшлі да барацьбы палітычнай. Якія формы характэрныя для эканамічнай, а якія для палітычнай барацьбы?

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка