§ 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

1. Новыя крыніцы энергіі

Прамысловая рэвалюцыя прывяла перш за ўсё да ўкаранення ў прамысловасць машыннай тэхнікі і з’яўлення ў штодзённым жыцці сродкаў масавай інфармацыі (СМІ). У выніку ўзнікла «фабрычная эканоміка», а друкаванае слова істотна змяніла інфармацыйную і адукацыйную прастору. З’яўленне электрычнасці, рухавікоў унутранага згарання і канвеернай зборкі дало магчымасць рэалізаваць масавую вытворчасць тавараў, а аўтамабілі, тэлефон, радыё і тэлебачанне ажыццявілі радыкальныя змены ў сферы сацыяльнага жыцця.

Выкарыстанне машын запатрабавала здабычы каменнага вугалю і развіцця металургіі. Быў ажыццёўлены так званы «першы энергетычны зрух» — выкарыстанне вугалю ў якасці паліва. У авангардзе гэтага працэсу ішла Вялікабрытанія. У XVII ст. яна кантралявала 70 % здабычы вугалю і гандлю вугалем. У сярэдзіне XVIII ст. яна стала «сусветнай фабрыкай», выпускаючы 50 % еўрапейскага металу, 80 % вугалю і практычна 100 % машын. Яна ж з’яўлялася сусветным лідарам у сферы экспарту тэхналогій і капіталу. Завяршаючым этапам прамысловага перавароту было стварэнне ў 1840-я гг. машынабудавання — вытворчасці машын машынамі.

«Другі энергетычны зрух» быў звязаны з пераходам на новы энергетычны рэсурс — нафту. Ён быў ажыццёўлены ў 1913 г., калі Вялікабрытанія прымусова скараціла здабычу вугалю. Спачатку сусветны нафтавы рынак сумесна кантралявалі ЗША і Вялікабрытанія. Але ўжо пасля Першай сусветнай вайны паміж нядаўнімі саюзнікамі пачалася схаваная барацьба за знешнія крыніцы нафты, уключаючы такія рэгіёны, як Блізкі Усход, Лацінская Амерыка, Афрыка, Паўднёвая Азія (Індыя), Еўропа (Румынія). ЗША імкнуліся да аслаблення Вялікабрытаніі, што і адбылося ў выніку Другой сусветнай вайны, калі Брытанская імперыя спыніла сваё існаванне.