Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

Ключавая ідэя: прамысловая рэвалюцыя была выклікана тэхнічнымі вынаходніцтвамі і інавацыямі, якія, у сваю чаргу, паслужылі асновай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі сярэдзіны ХХ ст.

Прамысловая рэвалюцыя выразілася ў масавым выкарыстанні новых тэхналогій, якія мянялі не толькі характар вытворчага працэсу, крыніцы энергетычнай сыравіны, але і сістэму кіравання, камунікацыі і сацыяльную структуру грамадства.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 6 Апрель 2025, 23:54

1. Новыя крыніцы энергіі

Прамысловая рэвалюцыя прывяла перш за ўсё да ўкаранення ў прамысловасць машыннай тэхнікі і з’яўлення ў штодзённым жыцці сродкаў масавай інфармацыі (СМІ). У выніку ўзнікла «фабрычная эканоміка», а друкаванае слова істотна змяніла інфармацыйную і адукацыйную прастору. З’яўленне электрычнасці, рухавікоў унутранага згарання і канвеернай зборкі дало магчымасць рэалізаваць масавую вытворчасць тавараў, а аўтамабілі, тэлефон, радыё і тэлебачанне ажыццявілі радыкальныя змены ў сферы сацыяльнага жыцця.

Выкарыстанне машын запатрабавала здабычы каменнага вугалю і развіцця металургіі. Быў ажыццёўлены так званы «першы энергетычны зрух» — выкарыстанне вугалю ў якасці паліва. У авангардзе гэтага працэсу ішла Вялікабрытанія. У XVII ст. яна кантралявала 70 % здабычы вугалю і гандлю вугалем. У сярэдзіне XVIII ст. яна стала «сусветнай фабрыкай», выпускаючы 50 % еўрапейскага металу, 80 % вугалю і практычна 100 % машын. Яна ж з’яўлялася сусветным лідарам у сферы экспарту тэхналогій і капіталу. Завяршаючым этапам прамысловага перавароту было стварэнне ў 1840-я гг. машынабудавання — вытворчасці машын машынамі.

«Другі энергетычны зрух» быў звязаны з пераходам на новы энергетычны рэсурс — нафту. Ён быў ажыццёўлены ў 1913 г., калі Вялікабрытанія прымусова скараціла здабычу вугалю. Спачатку сусветны нафтавы рынак сумесна кантралявалі ЗША і Вялікабрытанія. Але ўжо пасля Першай сусветнай вайны паміж нядаўнімі саюзнікамі пачалася схаваная барацьба за знешнія крыніцы нафты, уключаючы такія рэгіёны, як Блізкі Усход, Лацінская Амерыка, Афрыка, Паўднёвая Азія (Індыя), Еўропа (Румынія). ЗША імкнуліся да аслаблення Вялікабрытаніі, што і адбылося ў выніку Другой сусветнай вайны, калі Брытанская імперыя спыніла сваё існаванне.

2. Развіццё транспарту і сувязі

Павелічэнне здабычы жалезнай руды і каменнага вугалю патрабавала развіцця транспартнай сістэмы. Будаваліся дарогі з палепшаным пакрыццём, якія можна было выкарыстоўваць у любую пару года, каналы. У 1825 г. для перавозкі вугалю на паўночным усходзе Вялікабрытаніі была адкрыта першая ў свеце чыгунка (Стоктан-Дарлінгтонская).

У канцы XIX ст. навучыліся перадаваць электраэнергію па правадах на вялікія адлегласці, з’явіліся першыя электрычныя трамваі, метрапалітэн.

Сапраўдны прарыў у сферы транспарту (аўтамабіле- і авіябудаванне) адбыўся з вынаходніцтвам рухавіка ўнутранага згарання. Сярод яго стваральнікаў і вытворцаў вядомыя многім А. Ота, К. Бенс, Г. Даймлер, В. Майбах і інш. У пачатку XX ст. на прадпрыемстве Г. Форда ў ЗША быў створаны аўтамабіль для масавага карыстання.

Буйныя тэхналагічныя рэвалюцыі адбываюцца тады, калі энергетычная рэвалюцыя супадае з пераваротум у сферы камунікацый.

Менавіта такі пераварот адбыўся ў другой палове XIX ст. у сувязі з вынаходніцтвам тэлефона, радыё і тэлеграфа. Новыя сродкі сувязі значна паскорылі абмен інфармацыяй, скарацілі дастаўку паведамленняў да некалькіх гадзін, а затым і хвілін. Аднак кантыненты, падзеленыя акіянамі, абменьваліся інфармацыяй, як і раней, на паперы. Вялікая тэхнічная праблема заключалася ў тым, што доўгі час не маглі вынайсці добрыя ізалятары для медных і жалезных правадоў, каб пракласці кабель па дне акіяна. Таму пракладка ў 1860-я гг. трансатлантычнага тэлеграфнага кабелю, які звязаў Амерыку з Еўропай, лічыцца адным з самых грандыёзных тэхнічных праектаў XIX ст.

З развіццём транспарту і сувязі навука стала інтэрнацыянальнай: вучоныя перасталі працаваць ізалявана, хутка даведваліся пра дасягненні адзін аднаго, дапаўнялі іх, што значна паскорыла навукова-тэхнічны прагрэс.

3. Міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

Перамяшчэнне людзей на вялікія адлегласці і ў вялікай колькасці — адно з важнейшых наступстваў прамысловай рэвалюцыі. Міграцыі садзейнічалі росту не толькі гарадоў, але і цэлых краін. Адрозніваюць унутраную (перасяленне) і знешнюю міграцыю.

Практычна ў кожнай еўрапейскай краіне існаваў рух насельніцтва з сяла ў горад. У той жа час назіралася перасяленне людзей у іншыя краіны. Ірландскія рабочыя ўладкоўваліся ў прамысловых цэнтрах Англіі. Францыя прымала бельгійцаў, італьянцаў, палякаў, немцаў, швейцарцаў. Па эканамічных і палітычных прычынах многія еўрапейцы вымушаны былі эмігрыраваць за акіян. У Злучаных Штатах Амерыкі на працягу XIX ст. знайшлі прытулак больш за 30 млн чалавек. Сотні тысяч аселі ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, Бразіліі і Аргенціне. Актыўна ішоў працэс перасялення жыхароў еўрапейскай часткі Расіі ў Сібір. Магутная хваля міграцыі садзейнічала распаўсюджванню культурнага ўплыву Еўропы ва ўсім свеце.

У XIX ст. значна ўзмацніліся рост гарадоў і гарадскога насельніцтва і распаўсюджванне гарадскога ладу жыцця на ўсё грамадства. Важнейшымі перадумовамі ўрбанізацыі сталі рост прамысловасці ў гарадах, узмацненне іх культурнай і палітычнай ролі. Калі ў пачатку XIX ст. у гарадах свету пражывала 29,3 млн чалавек (3 % насельніцтва Зямлі), то да 1900 г. — 224,4 млн (13,6 %).

Буйныя гарады ўзнікалі і ў эпоху антычнасці. Уздым гарадскога будаўніцтва назіраўся на Захадзе ў Сярэднія вякі, асабліва з XIII ст. Але заўсёды і паўсюль гарады былі невялікімі астраўкамі сярод вялізнай масы сельскага насельніцтва. З канца XVIII ст. становішча змянілася, і гарады сталі паступова ператварацца ў буйныя населеныя пункты з вялікай колькасцю людзей, занятых не ў сельскай гаспадарцы. Да канца XIX ст. у развітых прамысловых краінах гарадское насельніцтва альбо наблізілася колькасна да сельскага, альбо перавысіла яго. Напрыклад, у Вялікабрытаніі гарадское насельніцтва склала 75 % усіх жыхароў краіны.

Асабліва высокай ступенню ўрбанізацыі характарызаваліся прамысловыя раёны, што ўзнікалі, як правіла, у каменнавугальных і металургічных басейнах Еўропы. Такія раёны ўтварыліся ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Германіі. Насельніцтва Манчэстара, цэнтра баваўнянай прамысловасці Ланкашыра, за стагоддзе павялічылася ў 10 разоў. Горад Эсэн у Рурскім басейне, які з’яўляўся «цытадэллю» Крупаў, у пачатку стагоддзя быў невялікім населеным пунктам з насельніцтвам 4 тыс. чалавек. У 1900 г. у ім пражывала 300 тыс. Падобную «эвалюцыю» здзейсніў расійскі партовы горад Адэса, насельніцтва якога ў 1800—1900 гг. павялічылася з 6 тыс. до 500 тыс. чалавек.

Гарадамі-гігантамі сталі Лондан і Парыж, колькасць насельніцтва якіх у пачатку XX ст. узрасла адпаведна да 4,7 і 3,6 млн чалавек. Але асабліва дзіўным быў рост Берліна, які знаходзіўся ўбаку ад асноўных прамысловых раёнаў Германіі. У пачатку XVIII ст. гэта быў утульны і параўнальна невялікі горад (усяго 30 тыс. жыхароў), «заціснуты» з усіх бакоў цытадэльнымі сценамі. У 1800 г. у ім налічвалася 170 тыс. чалавек. І раптам, нібыта па ўзмаху чароўнай палачкі, горад пачаў будавацца, пашырацца, імкліва выйшаў за межы цытадэльных сцен, паглынаючы прылеглыя да яго тэрыторыі са шматлікімі населенымі пунктамі. Прычынамі росту насельніцтва сталі індустрыялізацыя, якая пачалася пасля напалеонаўскіх войнаў, і буржуазныя рэформы ў Прусіі, уключаючы адмену прыгоннага права. Да 1900 г. Берлін, у якім налічвалася 2,7 млн жыхароў, ператварыўся ў буйнейшы пасля Лондана і Парыжа горад Еўропы.

Прамысловая рэвалюцыя садзейнічала з’яўленню «вертыкальных» гарадоў са шчыльнай забудовай і развіццю прыгарадных зон. У 1885 г. у Чыкага быў пабудаваны першы ў свеце хмарачос. Першапачаткова ён меў 10 паверхаў; у 1891 г. былі надбудаваныя яшчэ два.

З ростам індустрыі, развіццём транспарту і сувязі, гандлю і адукацыі, з’яўленнем манаполій і буйных банкаў узнікла катэгорыя асоб наёмнай працы, якія маглі існаваць толькі ў гарадах. Найбольш высокімі тэмпамі рост гарадоў забяспечваўся за кошт прытоку прамысловых рабочых і служачых. Ствараючы культурныя і матэрыяльныя каштоўнасці, яны рабілі вялізны ўплыў на грамадства. Цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся з вёскі ў горад. Гарады ў XIX—XX стст. былі крыніцай пастаяннай сацыяльнай напружанасці і рэвалюцыйных хваляванняў.

4. Роля навукі ў развіцці прамысловасці

Да пачатку XIX ст. у Еўропе назапасіліся шырокія навуковыя веды. Іх вынікам сталі выдатныя тэхнічныя вынаходніцтвы, якія мелі выключнае значэнне для вытворчасці. Цесна звязаныя адно з адным навуковыя дасягненні і тэхнічны прагрэс развіваліся не паасобку. Яны былі запатрабаваны грамадствам, і перш за ўсё патрэбамі прамысловай рэвалюцыі. Гэта добра відаць на прыкладзе практычнага выкарыстання дасягненняў навукі ў найбольш развітай у Англіі тэкстыльнай прамысловасці.

Спачатку Д. Кей, просты механік, вынайшаў прадзільны станок з «лятучым чаўнаком» (1733), які прыводзіўся ў рух не ўручную, а нажной педаллю. У выніку працэс ткацтва паскараўся ў два разы, але гэтага было мала. Інтарэсы прадпрымальнікаў, якія імкнуліся да максімальна магчымага прыбытку, патрабавалі патаннення вытворчасці. Праз 30 гадоў Д. Харгрыўс, які працаваў цесляром і ткачом, пабудаваў механічную прадзільную машыну «Джэні», якая дазваляла скручвать адначасова 16 нітак. І толькі ў 1785 г. Э. Картрайт, які атрымаў адукацыю ў Оксфардскім універсітэце, стварыў механічны ткацкі станок, які павялічыў прадукцыйнасць працы ў 40 разоў. Гэтым вынаходніцтвам у Англіі завяршылася поўная механізацыя прадзення і ткацтва. Па хадайніцтве фабрыкантаў Э. Картрайт атрымаў ад парламента буйное на той час узнагароджанне ў 10 тыс. фунтаў стэрлінгаў.

Пасля таго як тэкстыльная прамысловасць у Англіі была цалкам механізавана, узнікла патрэба ў стварэнні ўніверсальнага рухавіка — прылады, якая б не залежала ад прыродных крыніц энергіі, як, напрыклад, ветразь або вадзяныя і ветраныя колы. У Англіі такім універсальным рухавіком стала паравая машына, якую стварыў Д. Уат у 1784 г. Яна ператварала энергію вадзяной пары ў механічную работу. Варта заўважыць, што першая паравая машына пастаяннага дзеяння была створана рускім механікам І. І. Палзуновым яшчэ ў 1763 г., але машына Уата была больш дасканалай. Такім чынам была пераадолена залежнасць чалавека ад сіл прыроды — ветру, вады і г. д.

Абапіраючыся на навуковыя адкрыцці, тэхнічны прагрэс упершыню стаў важным фактарам эканамічнага развіцця. У XIX ст. былі вынайдзены рухавікі, якія ператваралі электрычную энергію ў механічную. З’явіліся электратэхнічная і хімічная прамысловасць, машынабудаванне, нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка. У новых сферах прамысловай вытворчасці вядучыя пазіцыі занялі ЗША і Германія.

У пачатку XX ст. быў ажыццёўлены пераход да сучаснай індустрыяльнай вытворчасці. Аб’ёмы тэхналагічна складанай прадукцыі, якія ўвесь час узрасталі, патрабавалі не толькі абнаўлення станкоў, але і новай арганізацыі вытворчасці. Амерыканскі інжынер Ф. У. Тэйлар вынайшаў канвеерную вытворчасць, падзяліўшы працэс стварэння  складаных вырабаў на простыя аперацыі, якія выконваліся ў дакладнай паслядоўнасці і за дакладна вызначаны час. Гэта значна паскорыла працэс вытворчасці і рост прадукцыйнасці працы.

Пытанні

1. Чаму Вялікабрытанію сярэдзіны XIX ст. называлі «майстэрняй свету»?

2. Якія навукі і галіны вытворчасці з’явіліся ў перыяд прамысловай рэвалюцыі?

3. Чым можна патлумачыць той факт, што з 1860 да 1890 г. у ЗША было аформлена каля 500 тыс. патэнтаў на новыя вынаходніцтвы — у 10 разоў больш, чым за папярэднія семдзесят гадоў?

4. Растлумачце значэнне паняцця «міграцыя». Ахарактарызуйце міграцыю насельніцтва ў XIX ст. паводле плана: асноўныя накірункі; прычыны; вынікі.

5. Дакажыце, што ўрбанізацыя з’яўлялася заканамерным вынікам прамысловай рэвалюцыі. Выкарыстоўвайце матэрыялы рубрык.

6. Параўнайце сродкі перамяшчэння і сувязі ў Сярэднія вякі з тымі, што з’явіліся ў эпоху прамысловага перавароту. Як гэта паўплывала на змяненне сусветнай вытворчасці і ў цэлым жыцця людзей?

7. Ці можна сказаць, што развіццё навукі ў другой палове XVIII — пачатку ХХ ст. мела рэвалюцыйны характар?

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка

Асаблівае меркаванне