Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год

Дарагія сябры!

Вось і завяршаецца школьны этап літаратурнай адукацыі. На працягу адзінаццаці гадоў вы паслядоўна і сістэматычна далучаліся да мастацтва нацыянальнага слова. Спадзяёмся, што беларуская літаратура была для вас не толькі вучэбным прадметам, але і крыніцай чалавеказнаўства, сродкам эстэтычнага спасціжэння жыцця, яго маральных норм і вартасцей.

Наперадзе вас чакае самастойнае жыццё... Няхай духоўны вопыт, набыты пры вывучэнні лепшых твораў айчыннай літаратуры, зберажэ вас ад памылак і расчараванняў. У самыя скрушлівыя моманты жыцця няхай прыходзяць вам на ўспамін радкі-запавет Алеся Разанава:

Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, анічога,
Усё ж ідзі, любі, крычы і пасягай на перамогу!

Да апошняга школьнага ўрока беларускай літаратуры прапануем вам напісаць міні-сачыненне на адну з пералічаных ніжэй тэм рэфлексійнага характару:

 

Роля мастацкай літаратуры ў жыцці сучаснага чалавека.

Урокі беларускай літаратуры ў маім жыцці.

Твор нацыянальнай літаратуры, які можна лічыць візітоўкай беларуса і Беларусі.

Мой любімы беларускі пісьменнік.

Разважаючы над прачытанымі кнігамі беларускіх аўтараў...

Кнігу якога беларускага аўтара і чаму я параіў бы прачытаць свайму сябру.

Свет учора, сёння і заўтра.

Каго можна лічыць сапраўдным настаўнікам?

Культура маўлення і духоўнае аблічча чалавека.

 

Можна выканаць альтэрнатыўныя заданні: падрыхтаваць вуснае выказванне па адной з цытат беларускіх пісьменнікаў, змешчаных на форзацы вучэбнага дапаможніка, або напісаць водгук на верш П. Панчанкі «На нягоды жыцця не жальцеся...»:

На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.

У вачах любімай дзяўчыны,
У вачах суседзяў, сяброў,
У вачах прафесараў чынных
І забеганых дактароў,

І ў шырока раскрытых дзіцячых
Вачанятах,
І ў плыткай вадзе.
Не старэйце, людзі, дачасна,
Нараджайцеся кожны дзень.


1974