§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства

1. Ідэалагізацыя і палітызацыя культуры

Сацыяльныя працэсы і палітычная сітуацыя ў грамадстве не могуць не ўплываць на творчасць і развіццё культуры. Прыклады ідэалагічнага мастацтва можна знайсці са старажытных часоў — ад «Гальскіх нататак» Цэзара да фальсіфікацыі падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. У міжваенны перыяд ХХ ст. ідэалагізацыя культуры стала больш маштабнай і таму больш заўважнай.

Пасля Першай сусветнай вайны шырока распаўсюдзіліся ліберальная, сацыялістычная, камуністычная і фашысцкая ідэалогіі. Прынята лічыць, што ідэалагізацыя культуры адбывалася толькі ў Савецкім Саюзе, дзе мастацтва было пастаўлена на службу ідэалогіі, накіравана на пабудову ідэалу новага камуністычнага грамадства і фарміраванне чалавека сацыялістычнай фармацыі. Рэалізацыі пастаўленай мэты садзейнічалі мадэрнісцкая паэзія (У. Маякоўскі, В. Брусаў), смелыя авангардныя праекты (У. Татлін), сацрэалізм, які апеў чалавека працы. У савецкай літаратуры прыкладамі могуць служыць М. Шолахаў, М. Астроўскі, у жывапісе — М. Дайнека, А. Герасімаў, у скульптуры — В. Мухіна і інш.

Аднак не менш актыўна ідэалагізацыя культуры адбывалася ў капіталістычным грамадстве, дзе дамінавалі ліберальная ідэалогія, культ грошай, дзе задавальненне і асалода абвяшчаліся вышэйшым сэнсам жыцця. Асабліва шырока яна распаўсюдзілася ў культуры і грамадскай свядомасці з развіццём сродкаў камунікацыі. Масавая камунікацыя стала важнейшым інструментам ідэалогіі. У пачатку XX ст. узніклі новыя віды мастацтва — кінематограф, радыё і тэлебачанне, — што прывяло да ўзнікнення масавай культуры, прымітыўнай, прызначанай для спажывання шырокімі слаямі насельніцтва. Культ тэхнікі і дакладных навук пранік у культуру і змяніў уяўленне аб гуманнасці, дабры, справядлівасці. Сродкі масавай інфармацыі забаўлялі чалавека, адводзілі яго ад рэальнасці. Гэтаму садзейнічалі новыя кірункі ў мастацтве: авангардызм, мадэрнісцкія плыні (абстракцыянізм, дадаізм, сюррэалізм). Аднак развівалася і рэалістычнае мастацтва. У творах Б. Шоу, Д. Голсуорсі даследаваліся новыя складаныя працэсы ў духоўным жыцці індустрыяльнага грамадства, Т. Драйзер, У. Фолкнер апісвалі амерыканскае грамадства, дзе аснова шчасця і мэта поспеху — грошы.

У гітлераўскай Германні складанай часткай фашысцкай ідэалогіі з’яўляўся нацызм. Пасля паражэння ў Першай сусветнай вайне ў нямецкім грамадстве пачалі прапагандавацца ліберальная ідэалогія і мадэлі паводзін, якія раней лічыліся распуснымі. У адказ на гэта сталі ажыццяўляцца палітызацыя і ідэалагізацыя культуры ў духу нацыянал-кансерватызму, які пазней перарос у фашызм. Ля вытокаў новай ідэалогіі стаялі вядомы нямецкі філосаф О. Шпенглер, пісьменнік Э. Юнгер і інш. Прыкладам ідэалагізаванага мастацтва ў Трэцім рэйху служыць знакаміты дакументальны фільм Л. Рыфеншталь, які расказывае аб XI летніх Алімпійскіх гульнях, што прайшлі ў Берліне ў 1936 г. У карціне паказаны эталон нацысцкіх ідэалагаў — культ маладога і здаровага цела, апяваюцца «звышлюдзі», якія пераўзыходзяць чалавечыя магчымасці.

Такім чынам, варта прызнаць, што праблема палягала не столькі ў ідэалагізацыі культуры, колькі ў тым, на што яна была накіравана і якім мэтам служыла.