Печатать книгуПечатать книгу

§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства

Ключавая ідэя: у культуры знайшла адлюстраванне эпоха з яе светапоглядам, каштоўнасцямі, навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі; заўважна ўзмацніўся ўзаемаўплыў культур.

У першай палове XX ст. заходняя цывілізацыя перажывала сур’ёзныя выпрабаванні. Многія мысліцелі гаварылі пра яе крызіс, які быў звязаны не толькі з навуковым прагрэсам, але і з Першай сусветнай вайной, фашызмам, эканамічным крызісам 1929—1933 гг., каланіяльнымі праблемамі. У той час калі інтэлектуальнае асяроддзе перажывала духоўны крызіс, урбанізаваныя народныя масы індустрыяльных краін патроху адыходзілі ад спадчыны традыцыйнай культуры і пераймалі спажывецкую культуру забаў, прыўнесеную новымі камунікацыйнымі тэхналогіямі. Уступіўшы ў супярэчнасць з навуковым развіццём і эканамічнымі, палітычнымі, сацыяльнымі зменамі, царква вагалася паміж кансерватызмам, які абапіраўся на традыцыі, і жаданнем прыстасавацца да сучаснага свету.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 22:07

1. Ідэалагізацыя і палітызацыя культуры

Сацыяльныя працэсы і палітычная сітуацыя ў грамадстве не могуць не ўплываць на творчасць і развіццё культуры. Прыклады ідэалагічнага мастацтва можна знайсці са старажытных часоў — ад «Гальскіх нататак» Цэзара да фальсіфікацыі падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. У міжваенны перыяд ХХ ст. ідэалагізацыя культуры стала больш маштабнай і таму больш заўважнай.

Пасля Першай сусветнай вайны шырока распаўсюдзіліся ліберальная, сацыялістычная, камуністычная і фашысцкая ідэалогіі. Прынята лічыць, што ідэалагізацыя культуры адбывалася толькі ў Савецкім Саюзе, дзе мастацтва было пастаўлена на службу ідэалогіі, накіравана на пабудову ідэалу новага камуністычнага грамадства і фарміраванне чалавека сацыялістычнай фармацыі. Рэалізацыі пастаўленай мэты садзейнічалі мадэрнісцкая паэзія (У. Маякоўскі, В. Брусаў), смелыя авангардныя праекты (У. Татлін), сацрэалізм, які апеў чалавека працы. У савецкай літаратуры прыкладамі могуць служыць М. Шолахаў, М. Астроўскі, у жывапісе — М. Дайнека, А. Герасімаў, у скульптуры — В. Мухіна і інш.

Аднак не менш актыўна ідэалагізацыя культуры адбывалася ў капіталістычным грамадстве, дзе дамінавалі ліберальная ідэалогія, культ грошай, дзе задавальненне і асалода абвяшчаліся вышэйшым сэнсам жыцця. Асабліва шырока яна распаўсюдзілася ў культуры і грамадскай свядомасці з развіццём сродкаў камунікацыі. Масавая камунікацыя стала важнейшым інструментам ідэалогіі. У пачатку XX ст. узніклі новыя віды мастацтва — кінематограф, радыё і тэлебачанне, — што прывяло да ўзнікнення масавай культуры, прымітыўнай, прызначанай для спажывання шырокімі слаямі насельніцтва. Культ тэхнікі і дакладных навук пранік у культуру і змяніў уяўленне аб гуманнасці, дабры, справядлівасці. Сродкі масавай інфармацыі забаўлялі чалавека, адводзілі яго ад рэальнасці. Гэтаму садзейнічалі новыя кірункі ў мастацтве: авангардызм, мадэрнісцкія плыні (абстракцыянізм, дадаізм, сюррэалізм). Аднак развівалася і рэалістычнае мастацтва. У творах Б. Шоу, Д. Голсуорсі даследаваліся новыя складаныя працэсы ў духоўным жыцці індустрыяльнага грамадства, Т. Драйзер, У. Фолкнер апісвалі амерыканскае грамадства, дзе аснова шчасця і мэта поспеху — грошы.

У гітлераўскай Германні складанай часткай фашысцкай ідэалогіі з’яўляўся нацызм. Пасля паражэння ў Першай сусветнай вайне ў нямецкім грамадстве пачалі прапагандавацца ліберальная ідэалогія і мадэлі паводзін, якія раней лічыліся распуснымі. У адказ на гэта сталі ажыццяўляцца палітызацыя і ідэалагізацыя культуры ў духу нацыянал-кансерватызму, які пазней перарос у фашызм. Ля вытокаў новай ідэалогіі стаялі вядомы нямецкі філосаф О. Шпенглер, пісьменнік Э. Юнгер і інш. Прыкладам ідэалагізаванага мастацтва ў Трэцім рэйху служыць знакаміты дакументальны фільм Л. Рыфеншталь, які расказывае аб XI летніх Алімпійскіх гульнях, што прайшлі ў Берліне ў 1936 г. У карціне паказаны эталон нацысцкіх ідэалагаў — культ маладога і здаровага цела, апяваюцца «звышлюдзі», якія пераўзыходзяць чалавечыя магчымасці.

Такім чынам, варта прызнаць, што праблема палягала не столькі ў ідэалагізацыі культуры, колькі ў тым, на што яна была накіравана і якім мэтам служыла.

2. Навука і культура

Драматычны вопыт Першай сусветнай вайны і новыя тэхналогіі значна паўплывалі на трансфармацыю як народнай, так і элітарнай культуры. Да вайны радыё выкарыстоўвалася перш за ўсё ў якасці бяздротавага тэлеграфа на караблях. У 1920-я гг. яно ператварылася ў сродак трансляцыі музыкі, навін і рэкламы. Урад ЗША дазволіў стварыць прыватнае радыёвяшчанне. Але ў большасці іншых дзяржаў радыёвяшчанне знаходзілася ва ўласнасці дзяржавы, і новы сродак інфармацыі выкарыстоўваўся ў адукацыйных, культурных і прапагандысцкіх мэтах.

Новыя тэхналогіі ўплывалі на развіццё іншых сродкаў масавай інфармацыі (масмедыя). Тут таксама наперадзе былі ЗША, за якімі ішла Еўропа. Павялічваліся тыражы газет і часопісаў, якія прываблівалі чытачоў сенсацыйнымі загалоўкамі і фотаздымкамі. Маляўнічыя аб’явы ў газетах заклікалі спажыўца набываць новыя тавары. Недарагія грамафоны і патэфоны дазвалялі нават сем’ям з сярэднімі даходамі атрымліваць асалоду ад музыкі ў сваіх дамах, што раней было прывілеяй багатых. Усё больш папулярным станавіўся кінематограф. Джаз, мультыплікацыйныя і гангстарскія фільмы набылі вядомасць на ўсіх кантынентах, што сведчыла пра ўзнікненне глабальнай масавай культуры.

У цэлым жа культура не толькі змянялася пад уплывам тэхнічных дасягненняў, але і трансфармавалася пасля вайны дзякуючы адкрыццям у прыродазнаўчых і сацыяльных навуках. Сярод мноства тэорый і адкрыццяў першых дзесяцігоддзяў XX ст. некаторыя мелі глабальныя вынікі.

Рэвалюцыя ў фізіцы змяніла ўсе старыя ўяўленні аб прыродзе. Выявілася, што атам не з’яўляецца апошняй непадзельнай часцінкай матэрыі, паколькі складаецца з яшчэ больш дробных часцінак. М. Планк адкрыў, што святло і энергія не ўтвараюць безупынны паток, а выпраменьваюцца ў выглядзе нейтральных элементарных часцінак — квантаў. Агульная тэорыя адноснасці А. Эйнштэйна паставіла пад сумненне непахіснасць ньютанаўскай фізікі. Згодна з яго тэорыяй час, прастора і маса з’яўляюцца не фіксаванымі, а адноснымі велічынямі. Людзям, далёкім ад навукі, гэта здавалася пазбаўленым усялякага сэнсу. Тым не менш фізікі абяцалі адкрыць многія таямніцы прыроды і забяспечыць людзей новымі крыніцамі энергіі.

Вынікі даследаванняў у сацыяльных навуках былі больш уражальнымі, чым у новай фізіцы, паколькі яны кінулі выклік віктарыянскай маралі, буржуазным каштоўнасцям і нават самой ідэі заходнееўрапейскай перавагі. Аўстрыйскі псіхіятр З. Фрэйд стварыў тэорыю і тэхніку псіхааналізу. Ён выявіў у чалавечай свядомасці не толькі рацыянальны пачатак, але таксама схаваныя пласты эмоцый і жаданняў, прыглушаных сацыяльнымі абмежаваннямі. Фрэйд пісаў: «Прымітыўныя, дзікія і злосныя імпульсы не зніклі з індывідуума, але працягваюць сваё існаванне, хаця і ў прыглушаным стане». Тым часам сацыёлагі, антраполагі пачалі эмпірычнае вывучэнне грамадстваў, як заходніх, так і незаходніх. Яшчэ напярэдадні вайны французскі сацыёлаг Э. Дзюркгейм прыйшоў да сенсацыйнай тады высновы, што «няма фальшывых рэлігій, усе яны правільныя па-свойму».

Хаця гэтыя ідэі былі выказаны да 1914 г., менавіта досвед Першай сусветнай вайны шмат у чым пацвердзіў іх справядлівасць, паставіўшы пад сумненне веру еўрапейцаў у розум і прагрэс. Калі словы «прымітыўны» і «дзікі» прыдатныя да еўрапейцаў у роўнай ступені, як і да іншых народаў, і калі ўсе рэлігіі ў роўнай ступені правільныя, то што ж застаецца ў выніку ад перавагі заходняй цывілізацыі? Новы падыход да вывучэння чалавечага грамадства быў названы культурным рэлятывізмам па аналогіі з паняццем «адноснасць» у фізічным свеце. Адны прынялі новыя ідэі з энтузіязмам, іншыя асудзілі і адхілілі іх. Самаўпэўненае ўспрыняцце парадку і прагрэсу, характэрнае для еўрапейскай і амерыканскай культуры, пахіснулася.

3. Супярэчлівы характар развіцця навукі

Ва ўмовах перыядычнага абвастрэння міжнароднай палітыкі многія навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы ўсё часцей выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах. З’явіліся новыя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкі і самалёты, падводныя лодкі і караблі-браняносцы.  Сур’ёзныя поспехі, дасягнутыя ў 1920—1930-я гг. у сферы ядзернай фізікі, максімальна наблізілі навукоўцаў да атрымання атамнай энергіі. Крыху пазней вучоныя змаглі стварыць атамную бомбу.

Такім чынам, развіццё сучаснай навукі і тэхнікі ад самага пачатку набывала супярэчлівы характар. З аднаго боку, яно садзейнічала прагрэсу і вяло да рэзкага паляпшэння жыцця і побыту людзей, а з іншага — рабіла ўсё больш масавымі і разбуральнымі сродкі знішчэння. Гэтая тэндэнцыя праявілася ўжо ў час Першай сусветнай вайны.

4. Літаратура і мастацтва

Менавіта навуковы прагрэс, а таксама войны і рэвалюцыі разбурылі грамадскія традыцыі і паставілі пад сумненне ранейшую сістэму каштоўнасцей. Людзі, усё больш вызваляючыся ад маральных і грамадскіх прымусаў і забарон, звярталіся да падсвядомасці і прыродных інстынктаў, свету сваіх сноў, унутраных сіл, якія кіравалі іх учынкамі. Гэты супярэчлівы рацыяналізму кірунак у культуры зарадзіўся яшчэ ў канцы XIX ст., у поўнай жа меры ён праявіў сябе ў сферы мастацтва пасля Першай сусветнай вайны. Вынікам канфлікту рацыянальнага і ірацыянальнага ў культуры стала разнастайнасць літаратурных жанраў.

Паколькі розныя віды мастацтва ўзаемадзейнічалі паміж сабой і па-рознаму інтэрпрэтаваліся, у розных краінах свету і галінах культуры праявілася мноства мастацкіх школ і кірункаў. Разнастайнасць стыляў і метадаў, якія адышлі ад класічных прыёмаў мастацкай творчасці, атрымала назву мадэрнізм.

Экспрэсіянізм, які ўзнік у Германіі пасля Першай сусветнай вайны, знайшоў адлюстраванне спачатку ў жывапісе, затым у пластычным мастацтве, а таксама ў літаратуры, музыцы і кінематографе. Творы экспрэсіяністаў прасякнуты песімістычным бачаннем свету, напоўнены пачуццямі трывогі і страху, безвыходнасці і тугі, глыбокай незадаволенасцю навакольнай рэальнасцю.

Футурызм, які ўзнік у Італіі ў 1909 г., усхваляў рух, тэмп, хуткасць і знайшоў сваё адлюстраванне ў літаратуры, жывапісе, скульптуры і архітэктуры.

Свой скептыцызм альбо сумненне ў значнасці традыцыйных грамадскіх каштоўнасцей выказвалі буйны́я дзеячы культуры, якія не адносілі сябе да якіх-небудзь кірункаў альбо школ, — напрыклад, нямецкі філосаф і гісторык О. Шпенглер, італьянскі пісьменнік Л. Пірандэла, аўстрыйскі пісьменнік Ф. Кафка і інш. У процівагу філасофіі рацыяналізму з’явілася рэлігійная (М. дэ Унамуна, Ф. Марыяк) і ірацыянальная філасофія, якая адмаўляла альбо абмяжоўвала ролю розуму ў спасціжэнні свету. У мастацтве ірацыяналізм праявіўся ў такіх кірунках, як дадаізм і сюррэалізм.

Адыход ад рэальнага свету прыводзіў да суб’ектывізму (М. Пруст, Д. Джойс), эстэтычных пошукаў (П. Валеры) альбо да нейкай разнавіднасці класіцызму (Ж. Жыраду). Яркім выразнікам сюррэалізму ў жывапісе быў іспанскі мастак С. Далі.

Супрацьпастаўляючы сябе тым, хто адыходзіў ад рэальнасці, многія іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі прымалі актыўны ўдзел у сучасных падзеях. У той час калі ў Італіі футурызм з’яўляўся адным са складнікаў фашысцкай  ідэалогіі, у Францыі ў 1925—1934 гг. сюррэалізм быў ідэйна блізкі партыі камуністаў. У СССР пісьменнікі, дзеячы мастацтваў сталі служыць рэвалюцыі, дапамагалі будаваць новае сацыялістычнае грамадства. У Германіі пасля дабратворнага для культуры перыяду Веймарскай рэспублікі да ўлады прыйшлі нацысты, якія  выслалі з краіны многіх пісьменнікаў, мастакоў, іншых дзеячаў мастацтва, што прэтэндавалі на захаванне за сабой творчай свабоды. Апошнія не толькі пазбаўляліся права ствараць, але і нярэдка знішчаліся фізічна. Грамадзянская вайна ў Іспаніі выклікала ўмацаванне палітычнага ўплыву інтэлігенцыі ва ўсім свеце. У канцы 1930-х гг. Д. Стэйнбек, Э. Хемінгуэй, Л. Арагон сталі франтавымі карэспандэнтамі і прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях.

Уплыў кубізму, футурызму, экспрэсіянізму, выкарыстанне новых матэрыялаў (цэмент), а галоўнае — новыя ўмовы жыцця, звязаныя з развіццём індустрыяльнай цывілізацыі, адбіліся на архітэктуры XX ст. Хаця яшчэ працягваў існаваць манументальны стыль, натхнёны неакласіцызмам альбо неаготыкай (напрыклад, царква Святога сямейства А. Гаўдзі ў Барселоне), паскарэнне тэмпаў урбанізацыі запатрабавала ад архітэктуры функцыянальнасці і ўзвядзення вышынных будынкаў. Створаны В. Гропіусам у Веймары архітэктурны кірунак баўхаўз актыўна ўключыў элементы пластычнага мастацтва (упрыгажэнне, мэбліроўку) у архітэктуру, каб зрабіць яе больш функцыянальнай і адначасова эстэтычнай. Развіваючы новую канцэпцыю жылля з выкарыстаннем новых тэхналогій, швейцарскі архітэктар Ш. Э. Ле Карбюзье таксама прыняў да ўвагі ўрбанізм і неабходнасць узвядзення шматкватэрных будынкаў. Ён працягнуў сваю працу і пасля Другой сусветнай вайны. У пэўным сэнсе архітэктура ператварылася ў адзін з найбольш дэмакратычных відаў мастацтва: квіткі ў мастацкія галерэі і тэатры, на канцэрты, а таксама кнігі каштавалі грошай, а творы архітэктуры былі даступныя для агляду любому ахвотніку. Такім чынам, былі закладзены асновы новага кірунку ў архітэктуры — функцыяналізму.

У музыцы смелыя і наватарскія творы І. СтравінскагаА. Шонберга і іншых адлюстроўвалі разрыў з традыцыяй, са спадчынай Р. Вагнера, К. Дэбюсі. Але вялікай музычнай рэвалюцыяй першай паловы ХХ ст. лічыцца з’яўленне і развіццё джаза, які зарадзіўся ў Амерыцы.

Агульнапрызнанай народнай забавай пасля стварэння першых фільмаў братамі А. і Л. Люм’ер стала кіно. Да Першай сусветнай вайны ў кінематографе дамінавала Францыя, затым — Галівуд у ЗША з яго вестэрнамі і кінакамедыямі нямога кіно  (М. СенетБ. Кітан). У 1920-я гг. у Еўропе ўзніклі дзве кінематаграфічныя школы — нямецкая (Ф. Ланг) і савецкая (С. Эйзенштэйн і У. Пудоўкін). Нягледзячы на тое што ў Еўропе з’явіліся такія вядомыя рэжысёры, як Ж. Рэнуар і М. Карнэ, Амерыка захавала сусветнае лідарства ў кінавытворчасці.

Кіно, якое ўключала ў сябе элементы розных відаў мастацтва — літаратуры і тэатра, жывапісу і музыкі, — паступова станавілася магутным сродкам уздзеяння на свядомасць і псіхіку людзей.

Пытанні

1. Якія змены ў светапоглядзе, побыце і ладзе жыцця людзей адбыліся ў перыяд станаўлення індустрыяльнага грамадства ў першай палове ХХ ст.?

2. Ці існуе сувязь паміж філасофіяй, навукай і мастацтвам першай паловы ХХ ст.? У чым яна праяўлялася?

3. Якія новаўвядзенні з’явіліся ў архітэктуры ў першай палове ХХ ст.? Хто з архітэктараў зрабіў значны ўплыў на сусветнае горадабудаўніцтва?

4. Які шлях у сваім развіцці прайшоў кінематограф у міжваенны перыяд? Чаму стала магчымым яго выкарыстанне не толькі як забавы, але і як сродку масавай прапаганды?

5. Назавіце вядомых вам рэжысёраў і акцёраў 1920—1930-х гг. Якія фільмы гэтага перыяду вы бачылі? Апішыце свае ўражанні.

6. Ахарактарызуйце творчасць аднаго з дзеячаў мастацтва міжваеннага перыяду (на ваш выбар).

7. Сістэматызуйце інфармацыю аб развіцці навукі і культуры ў міжваенны перыяд. Даныя аформіце ў табліцу.

8. Прадстаўце ў выглядзе схемы мадэрнісцкія плыні ў мастацтве. З чым звязана з’яўленне такой вялікай колькасці мастацкіх кірункаў і плыняў?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне