§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе

1. Вытокі фашызму ў Еўропе

Практыка еўрапейскага каланіялізму яшчэ з XVIII ст. абгрунтоўвалася «перавагай» белага чалавека над народамі Усходу. Абвастрэнне ў канцы XIX ст. барацьбы за панаванне над калоніямі садзейнічала росту папулярнасці нацыяналістычных і нават расісцкіх ідэй. Адначасова ў Еўропе ўзрос інтарэс да язычніцкага мінулага.

Прынцыповае значэнне для фарміравання нямецкай расавай школы мела фігура натуралізаванага ў Германіі англійскага арыстакрата Х. Чэмберлена. Яго праца «Асновы XIX стагоддзя» была названа імператарам Вільгельмам II кнігай найвялікшай важнасці. Сутнасць ідэй Чэмберлена палягала ў тым, што ўсе вялікія дасягненні чалавецтва — у палітыцы, мастацтве, літаратуры, філасофіі, рэлігіі — былі прадуктам дзейнасці германцаў. Культурныя прарывы ў гісторыі нееўрапейскіх народаў тлумачыліся наяўнасцю ў іх германскай расавай кампаненты. Ад Х. Чэмберлена пайшоў целы кірунак па выяўленні прысутнасці белай расы як творцы гісторыі ў культурах Усходу і нават дакалумбавай Амерыкі. У міфалогіі і гістарычных паданнях усяго свету вышукваліся легенды аб бялявых і сінявокіх продках. Рабіўся падлік, колькі старажытнагрэчаскіх багоў і герояў мелі светлыя валасы — атрымлівалася, што большасць, і гэта служыла «доказам» германскага паходжання элінаў. Сцвярджалася, што варнавае дзяленне ў Старажытнай Індыі і ў арыяў у цэлым было ў аснове сваёй дзяленнем расавым. Нават распаўсюджаная практыка адбельвання скуры ў жаночым макіяжы, напрыклад, у Кітаі, падносілася як рытуал, атрыманы ў спадчыну ад быццам бы панаваўшай раней вышэйшай белай расы.

Расавай тэорыі ў Трэцім рэйху надавалася значэнне абсалютнай навуковасці. Лічылася, што з яе дапамогай можна было атрымаць адказы на любыя пытанні грамадскага жыцця. Яна набывала рысы палітычнай дагматыкі. Пры гэтым улічваўся палітычны вопыт ЗША ў форме заканадаўча замацаванай расавай сегрэгацыі.

Нацыяналістычны, а таксама расісцкі характар меў распаўсюджаны ў Германіі канца XIX — пачатку XX ст. рух фелькіш — «народны рух». Удзельнікі гэтага руху рэканструявалі, а фактычна прыдумлялі народныя рытуалы і сімвалы, ладзілі этнічныя фестывалі, спаборніцтвы па этнічных відах спорту. Ад самага пачатку рух выступаў супраць іўдаізму і каталіцызму. Прыхільнікі фелькіш трымаліся ідэі пангерманізму — палітычнага адзінства германскай нацыі, пераносілі тэорыю натуральнага адбору з біялогіі на сацыяльныя адносіны (сацыял-дарвінізм).

Адной з форм далучэння да язычніцкага мінулага стала вывучэнне творчасці Р. Вагнера. Вобразы германскіх міфічных герояў у музыцы Вагнера ў спалучэнні з вагнераўскім антысемітызмам дазволілі нацыстам узяць імя кампазітара на сцяг свайго руху.

Такім чынам, ля вытокаў фашызму знаходзіцца цэлы комплекс прычын і перадумоў. Важнейшымі з іх былі:

  • пашырэнне нацыяналістычных і расісцкіх ідэй у канцы ХIХ ст.;
  • распаўсюджванне сацыял-дарвінізму;
  • фарміраванне геапалітычных тэорый аб узаемасувязі геаграфічнага становішча дзяржаў з іх гісторыяй і знешняй палітыкай;
  • Першая сусветная вайна з яе трыумфам гвалту і армейскага духу;
  • актыўнае ўмяшанне дзяржавы ва ўсе сферы жыцця грамадства і стварэнне магутнага прапагандысцкага апарата з мэтай абуджэння ў масах нацыяналізму і шавінізму;
  • негатыўная рэакцыя многіх людзей на варожасць навакольнага свету, бурную індустрыялізацыю і ўрбанізацыю, магутнасць манаполій і стварэнне новых узбраенняў;
  • страта многімі людзьмі звыклага сацыяльнага статусу і перспектывы для моладзі ў пасляваенныя гады;
  • узмацненне дэпрэсіўных настрояў пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг., які паставіў народныя масы на мяжу галечы і безвыходнасці, што выклікала гатоўнасць людзей прыняць любую «моцную асобу», якая дапамагла б хутка вырашыць усе праблемы;
  • страх перад пагрозай камуністычнага руху і пошукі кіруючымі коламі ратунку ў правых, дыктатарскіх рэжымах;
  • наяўнасць агульнанацыянальнай знявагі ў Германіі, выкліканай артыкуламі Версальскага дагавора, незадаволенасць тэрытарыяльнымі вынікамі вайны ў Італіі.

У Італіі і Германіі фашысты прыйшлі да ўлады легальным шляхам. У Іспаніі рэжым генерала Ф. Франка ўсталяваўся ў выніку ваеннага мяцяжу і грамадзянскай вайны 1936—1939 гг. Аднак агульным было адно: гісторыя гэтых дзяржаў рэзка змянілася, жыццё людзей і грамадства з таго часу было падпарадкавана прынцыпова іншым ідэям і законам.