§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе
Ключавая ідэя: умовы Версальскага мірнага дагавора ўспрымаліся пераможанымі краінамі як абуральная несправядлівасць і спарадзілі рэваншысцкія настроі.
Архітэктары Версальскай сістэмы міжнародных адносін лічылі, што Першая сусветная вайна павінна стаць апошняй у гісторыі.
Пасля Першай сусветнай вайны аптымістычныя настроі змяніліся песімістычнымі. Пахіснулася вера ў дэмакратычныя інстытуты і свабодныя рыначныя адносіны. Грамадства, якое спачатку ўцягнула людзей у крывавую вайну, а затым апынулася не ў стане абараніць іх ад яе разбуральных вынікаў у першыя пасляваенныя гады, расчаравала еўрапейцаў. З падачы нямецкага філосафа О. Шпенглера сталі гаварыць пра «скон Еўропы», маючы на ўвазе пад гэтым, што старая буржуазная Еўропа сыходзіць у мінулае і на змену ёй павінен прыйсці нейкі новы грамадскі парадак. Камуністы бачылі выйсце ў рэвалюцыі і стварэнні бяскласавага сацыялістычнага грамадства, іх праціўнікі — ва ўсталяванні цвёрдага парадку і антыдэмакратычнай дыктатуры.
На хвалі ўсеагульнай незадаволенасці дэмакратыяй у некаторых краінах Еўропы ўзніклі таталітарныя фашысцкія рэжымы. Усталяванне фашызму стала найбольш яскравым сведчаннем крызісу заходнееўрапейскай цывілізацыі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 25 Май 2025, 14:13 |
1. Вытокі фашызму ў Еўропе
Практыка еўрапейскага каланіялізму яшчэ з XVIII ст. абгрунтоўвалася «перавагай» белага чалавека над народамі Усходу. Абвастрэнне ў канцы XIX ст. барацьбы за панаванне над калоніямі садзейнічала росту папулярнасці нацыяналістычных і нават расісцкіх ідэй. Адначасова ў Еўропе ўзрос інтарэс да язычніцкага мінулага.
Прынцыповае значэнне для фарміравання нямецкай расавай школы мела фігура натуралізаванага ў Германіі англійскага арыстакрата Х. Чэмберлена. Яго праца «Асновы XIX стагоддзя» была названа імператарам Вільгельмам II кнігай найвялікшай важнасці. Сутнасць ідэй Чэмберлена палягала ў тым, што ўсе вялікія дасягненні чалавецтва — у палітыцы, мастацтве, літаратуры, філасофіі, рэлігіі — былі прадуктам дзейнасці германцаў. Культурныя прарывы ў гісторыі нееўрапейскіх народаў тлумачыліся наяўнасцю ў іх германскай расавай кампаненты. Ад Х. Чэмберлена пайшоў целы кірунак па выяўленні прысутнасці белай расы як творцы гісторыі ў культурах Усходу і нават дакалумбавай Амерыкі. У міфалогіі і гістарычных паданнях усяго свету вышукваліся легенды аб бялявых і сінявокіх продках. Рабіўся падлік, колькі старажытнагрэчаскіх багоў і герояў мелі светлыя валасы — атрымлівалася, што большасць, і гэта служыла «доказам» германскага паходжання элінаў. Сцвярджалася, што варнавае дзяленне ў Старажытнай Індыі і ў арыяў у цэлым было ў аснове сваёй дзяленнем расавым. Нават распаўсюджаная практыка адбельвання скуры ў жаночым макіяжы, напрыклад, у Кітаі, падносілася як рытуал, атрыманы ў спадчыну ад быццам бы панаваўшай раней вышэйшай белай расы.
Расавай тэорыі ў Трэцім рэйху надавалася значэнне абсалютнай навуковасці. Лічылася, што з яе дапамогай можна было атрымаць адказы на любыя пытанні грамадскага жыцця. Яна набывала рысы палітычнай дагматыкі. Пры гэтым улічваўся палітычны вопыт ЗША ў форме заканадаўча замацаванай расавай сегрэгацыі.
Нацыяналістычны, а таксама расісцкі характар меў распаўсюджаны ў Германіі канца XIX — пачатку XX ст. рух фелькіш — «народны рух». Удзельнікі гэтага руху рэканструявалі, а фактычна прыдумлялі народныя рытуалы і сімвалы, ладзілі этнічныя фестывалі, спаборніцтвы па этнічных відах спорту. Ад самага пачатку рух выступаў супраць іўдаізму і каталіцызму. Прыхільнікі фелькіш трымаліся ідэі пангерманізму — палітычнага адзінства германскай нацыі, пераносілі тэорыю натуральнага адбору з біялогіі на сацыяльныя адносіны (сацыял-дарвінізм).
Адной з форм далучэння да язычніцкага мінулага стала вывучэнне творчасці Р. Вагнера. Вобразы германскіх міфічных герояў у музыцы Вагнера ў спалучэнні з вагнераўскім антысемітызмам дазволілі нацыстам узяць імя кампазітара на сцяг свайго руху.
Такім чынам, ля вытокаў фашызму знаходзіцца цэлы комплекс прычын і перадумоў. Важнейшымі з іх былі:
- пашырэнне нацыяналістычных і расісцкіх ідэй у канцы ХIХ ст.;
- распаўсюджванне сацыял-дарвінізму;
- фарміраванне геапалітычных тэорый аб узаемасувязі геаграфічнага становішча дзяржаў з іх гісторыяй і знешняй палітыкай;
- Першая сусветная вайна з яе трыумфам гвалту і армейскага духу;
- актыўнае ўмяшанне дзяржавы ва ўсе сферы жыцця грамадства і стварэнне магутнага прапагандысцкага апарата з мэтай абуджэння ў масах нацыяналізму і шавінізму;
- негатыўная рэакцыя многіх людзей на варожасць навакольнага свету, бурную індустрыялізацыю і ўрбанізацыю, магутнасць манаполій і стварэнне новых узбраенняў;
- страта многімі людзьмі звыклага сацыяльнага статусу і перспектывы для моладзі ў пасляваенныя гады;
- узмацненне дэпрэсіўных настрояў пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг., які паставіў народныя масы на мяжу галечы і безвыходнасці, што выклікала гатоўнасць людзей прыняць любую «моцную асобу», якая дапамагла б хутка вырашыць усе праблемы;
- страх перад пагрозай камуністычнага руху і пошукі кіруючымі коламі ратунку ў правых, дыктатарскіх рэжымах;
- наяўнасць агульнанацыянальнай знявагі ў Германіі, выкліканай артыкуламі Версальскага дагавора, незадаволенасць тэрытарыяльнымі вынікамі вайны ў Італіі.
У Італіі і Германіі фашысты прыйшлі да ўлады легальным шляхам. У Іспаніі рэжым генерала Ф. Франка ўсталяваўся ў выніку ваеннага мяцяжу і грамадзянскай вайны 1936—1939 гг. Аднак агульным было адно: гісторыя гэтых дзяржаў рэзка змянілася, жыццё людзей і грамадства з таго часу было падпарадкавана прынцыпова іншым ідэям і законам.
2. Усталяванне фашысцкага рэжыму ў Італіі
Незадаволенасць вынікамі вайны прывяла да выбуху нацыяналістычных настрояў у Італіі. Шырокае распаўсюджванне атрымала ідэя стварэння «Вялікай Італіі» — спадчынніцы Старажытнага Рыма. Адначасова краіна перажывала заняпад эканомікі, інфляцыю. Працоўныя масы ва ўсім вінавацілі ліберальны ўрад, які дапусціў пагаршэнне эканамічнага становішча. Улетку 1919 г. па краіне пракацілася хваля масавых стачак. Пад кіраўніцтвам сацыялістаў і камуністаў рабочыя пачалі захопліваць заводы і фабрыкі. Аднак левыя ў гэтым пытанні праявілі нерашучасць і непаслядоўнасць, што ў выніку адштурхнула ад іх рабочых. Прадпрымальнікі, напалоханыя пагрозай сацыялістычнай рэвалюцыі і перадзелу маёмасці, марылі пра ўсталяванне цвёрдай улады і парадку.
У сітуацыі нестабільнасці і няздольнасці ўрада справіцца з вострымі сацыяльнымі праблемамі ў Італіі стаў набіраць моц фашызм — праварадыкальны рух, заснаваны ў пачатку 1919 г. былым сацыялістам Б. Мусаліні. Італьянскія фашысты ўмела скарысталіся ўсеагульнай незадаволенасцю і бядотным становішчам краіны. Яны перанялі ў левых патрабаванне сацыяльнай справядлівасці і ў той жа час абяцалі абараняць правы ўласнікаў. Вырашыць усе праблемы фашысты прапаноўвалі шляхам усталявання цвёрдага парадку і дыктатуры. У кастрычніку 1922 г. фашысцкія атрады арганізавалі «паход на Рым», названы пазней фашысцкай рэвалюцыяй. Кароль Віктор Эмануіл III палічыў за лепшае даручыць Мусаліні фарміраванне новага кабінета. Так пры падтрымцы кіруючых колаў краіны італьянскія фашысты прыйшлі да ўлады.
Праз два гады фашысты, атрымаўшы перамогу на выбарах, прыступілі да скасавання дэмакратыі і ўсталявання дыктатуры. Былі забаронены апазіцыйныя партыі, ліквідаваны грамадзянскія правы і абмежаваны паўнамоцтвы парламента. Дзяржаўны апарат быў ачышчаны ад «антынацыянальных элементаў». Любое супраціўленне фашысцкаму рэжыму жорстка душылася. Мусаліні фактычна стаў аднаасобным кіраўніком краіны.
У 1930-я гг. дзякуючы палітыцы аўтаркіі Мусаліні ўдалося дабіцца адноснай эканамічнай стабілізацыі, якая дазволіла рэжыму праводзіць актыўную знешнюю палітыку. Фашысцкая Італія пачала агрэсію супраць Абісініі (Эфіопіі) і Албаніі, умяшалася ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі на баку мяцежнікаў генерала Франка. Уступіўшы ў агрэсіўны саюз з фашысцкай Германіяй, яна стала адной з дзяржаў, якія развязалі Другую сусветную вайну.
3. Усталяванне нацысцкага рэжыму ў Германіі
У адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў Германія пасля Першай сусветнай вайны фактычна знаходзілася ў стане пастаяннага эканамічнага і палітычнага крызісу. Эканоміка была падарвана каласальнымі ваеннымі расходамі і рэпарацыямі. Небывалых памераў інфляцыя, беспрацоўе, пачуццё крыўды і нацыянальнай знявагі з-за цяжкіх умоў Версальскага дагавора — усё гэта рабіла палітычную сітуацыю няўстойлівай і прадвызначала папулярнасць нацыяналістычных ідэй, асабліва расісцкай арганізацыі — Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) на чале з былым франтавіком А. Гітлерам.
Нацысцкая ідэалогія — нацызм — заклікала да рэваншу і да вяртання Германіі належнага месца ў Еўропе і свеце. У капітуляцыі 1918 г. і ва ўсіх бедах, што абрынуліся на нямецкі народ, нацысты вінавацілі сацыял-дэмакратаў, якія ўваходзілі ў склад урада, камуністаў, што ўзначалілі лістападаўскую рэвалюцыю 1918 г., і нават капіталістаў, «падкупленых» краінамі Антанты. Праграма партыі выстаўляла антысеміцкія і патрыятычныя лозунгі. У ёй утрымліваліся патрабаванні экспрапрыяцыі непрацоўных даходаў, перадачы дзяржаве манапалістычных канцэрнаў, дробным гандлярам — універсальных магазінаў, а сялянству — памешчыцкіх зямель. Нацысты абяцалі імгненны выхад з крызісу, ліквідацыю беспрацоўя, а таксама стварэнне «новага парадку» ў свеце на чале з Германіяй, быццам бы несправядліва абдзеленай «жыццёвай прасторай». НСДАП абвясціла немцаў прадстаўнікамі «вышэйшай расы», арыйцамі, надзеленымі правам кіраваць «ніжэйшымі расамі». Па прыкладзе італьянскіх фашыстаў яна яшчэ да прыходу да ўлады стварыла магутныя баявыя групы — штурмавыя атрады.
Сусветны эканамічны крызіс пагаршаў і без таго цяжкае становішча краіны. Германскі ўрад аказаўся не ў стане выплачваць рэпарацыі дзяржавам-пераможцам. Катастрафічна падаў аўтарытэт традыцыйных палітычных партый. Сацыял-дэмакраты і камуністы варагавалі паміж сабой і не змаглі аб’яднацца для сумеснай барацьбы з пагрозай фашызму. Камуністы не хавалі сваёй мэты — усталяванне дыктатуры пралетарыяту. Нямецкія прамыслоўцы, якія панеслі вялізныя страты з-за эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне, мелі патрэбу ў жорсткім кантролі над эканомікай і дзяржавай. У рэшце рэшт яны дамовіліся з Гітлерам, які абяцаў праводзіць «патрэбны курс» у выпадку прыходу да ўлады. Прамыслоўцам нацысты здаваліся меншым злом, чым камуністы. У выніку прэзідэнт П. фон Гіндэнбург 30 студзеня 1933 г. прызначыў Гітлера рэйхсканцлерам (прэм’ер-міністрам). А праз два месяцы НСДАП перамагла на парламенцкіх выбарах.
Расправіўшыся са сваімі палітычнымі праціўнікамі, нацысты ўсталявалі татальны кантроль над грамадствам і эканомікай. Ім удалося хутка вывесці краіну з крызісу, ліквідаваць беспрацоўе і заўважна павысіць узровень жыцця. Пасля гэтага яны пачалі актыўна рыхтавацца да заваявання абяцанай «жыццёвай прасторы». Практычна ўсе галіны прамысловасці працавалі на будучую ваенную экспансію.
4. Ідэалогія фашызму
Фашызм — гэта ідэалогія, якая адстойвае перавагу адной групы людзей над іншымі. Расізм, каланіялізм, сацыял-дарвінізм і нацыяналізм у яго праварадыкальнай форме роднасныя фашызму.
Фашызм як пэўная ідэалогія і практыка характарызуецца наступнымі прыкметамі, якія склаліся гістарычна:
- абгрунтаванне па расавай прыкмеце перавагі і выключнасці адной пануючай нацыі;
- нецярпімасць і дыскрымінацыя ў адносінах да іншых «чужародных», «варожых» нацый і нацыянальных меншасцей, крайняй формай чаго з’яўляецца генацыд, знішчэнне людзей па прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы, антрапалагічных прыкметах;
- адмаўленне дэмакратыі і правоў чалавека, насаджэнне рэжыму, заснаванага на прынцыпах таталітарна-карпаратыўнай дзяржаўнасці і правадырызму;
- замацаванне гвалту і тэрору ў мэтах задушэння палітычнага праціўніка і любых форм іншадумства, мілітарызацыя грамадства, стварэнне ваенізаваных фарміраванняў і апраўданне вайны як сродку вырашэння міждзяржаўных праблем;
- адмаўленне класавай барацьбы і прыгнёт сацыяльных груп на аснове класавага супрацоўніцтва праз карпаратыўную сістэму, у якой прадстаўнікі розных карпарацый у адной сферы (напрыклад, рабочыя і працадаўцы аднаго прадпрыемства) мірна вырашаюць узніклыя канфлікты.
У апошні час робяцца спробы апраўдаць фашызм, звязаўшы яго ўсяго толькі з перыядам праўлення Б. Мусаліні ў Італіі, аддзяліўшы ад германскага нацызму і прадставіўшы больш бяскрыўдным. Але і ў Італіі быў прыняты шэраг расісцкіх законаў у адносінах да эфіопаў, арабаў і яўрэяў. Таму нацызм уяўляе сабой толькі адзін з варыянтаў больш агульнай ідэі ўсталявання іерархіі ў грамадстве, перавагі і гвалту. Фашызм уключае ў сябе нацызм. Акрамя перавагі на нацыянальнай, расавай глебе існуе перавага сацыяльнага статусу, саслоўя, кланавая, карпаратыўная, рэлігійная. У словах песні «Свяшчэнная вайна» перыяду Вялікай Айчыннай вайны фашызм параўноўваўся з «сілай цёмнаю», «нечысцю», «праклятаю ардой», «вырадкам чалавецтва». Пасля Другой сусветнай вайны і Нюрнбергскага працэсу фашызм стаў асацыявацца з сусветным злом.
Акрамя таго, робяцца спробы ўраўнаваць фашызм з камунізмам. Для гэтага была высунута тэорыя таталітарызму. Аднак у СССР абвяшчалася роўнасць усіх людзей — гэта камунізм, а ў Германіі — няроўнасць, іерархія людзей у залежнасці ад іх этнічнай, расавай прыналежнасці — гэта фашызм. Такім чынам, камунізм і фашызм — прама супрацьлеглыя ідэалогіі.
Дзякуючы СССР і савецкай альтэрнатыве фашызм у 1945 г. удалося спыніць. Пасля распаду СССР гэтай альтэрнатывы няма, і фашызм пад іншымі найменнямі адраджаецца.
5. Практыка фашызму
Паражэнне ў Першай сусветнай вайне і нацыянальная знявага сфарміравалі ў немцаў комплекс непаўнавартаснасці і імкненне ўзяць рэванш. У 1920 г. Гітлерам былі абвешчаны праграмныя палажэнні НСДАП «25 пунктаў», у якіх былі выражаны сутнасць і спецыфіка нямецкага фашызму. Разам з фактычна сацыялістычнымі палажэннямі, якія падтрымала асноўная маса насельніцтва, былі выказаны патрабаванні пашырэння жыццёвай прасторы немцаў за кошт калоній, пабудовы монаэтнічнай нямецкай дзяржавы, ушчамлення ў правах неграмадзян, дамінавання ідэі расавай правагі. У далейшым усё гэта вылілася ў масавыя злачынствы, забойствы і генацыд многіх народаў.
У Італіі быў прадстаўлены класічны карпаратывісцкі варыянт фашызму. Мусаліні лічыў, што «фашызм больш правільна называць карпаратывізмам, бо ён азначае зрошчванне ўлады карпарацый і ўрада».
На італьянскі ўзор напярэдадні Другой сусветнай вайны фашызм узнік у Аўстрыі і Ірландыі. У Бельгіі і Іспаніі фашысты таксама выступалі за пабудову карпаратывісцкай дзяржавы, але на аснове каталіцызму.
Акрамя таго, у 1920—1930-я гг. фашысцкія арганізацыі ўзніклі ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Партугаліі, Даніі, Ісландыі, Швейцарыі, Фінляндіі. У Францыі ў 1934 г. фашысцкі путч быў сарваны ў сувязі са стварэннем Народнага фронту, які складаўся з антыфашысцкіх партый.
Нарвежскі фашызм на чале з міністрам абароны В. Квіслінгам, як і нямецкі, фарміраваўся на платформе неаязычніцтва, спадчыны вікінгаў, якія разглядаліся як праява агульнагерманскай язычніцкай культуры.
У 1920-я гг. нацыянал-сацыялісцкія партыі на нямецкі ўзор узніклі і ў Швецыі. У 1921 г. у гэтай краіне быў адкрыты інстытут расавай біялогіі.
Дастаткова шырока фашызм быў прадстаўлены і ва Усходняй Еўропе: у Балгарыі, Румыніі, Албаніі, Венгрыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Чэхаславакіі, а таксама ў Югаславіі на базе канфлікту паміж праваслаўнымі сербамі і каталікамі-харватамі.
У Польшчы ў 1926 г. Ю. Пілсудскі фактычна ўсталяваў палітычную сістэму кіравання, якая мела нямала рыс фашызму.
Пытанні
1. З чым звязана з’яўленне расісцкіх тэорый? Чаму расізм знайшоў багатую глебу ў Германіі? У чым небяспека расізму?
2. Параўнайце прыход да ўлады фашыстаў у Італіі і нацыстаў у Германіі. Якія агульныя ўмовы гэтаму садзейнічалі?
3. На якія сацыяльныя слаі абапіраліся фашысты ў Італіі і нацысты ў Германіі? У чым крыецца прычына папулярнасці гэтых партый?
4. Параўнайце італьянскі фашызм і германскі нацызм па наступным плане: а) час зараджэння; б) заснавальнікі; в) асаблівасці ідэалогіі; г) стаўленне да асобы, грамадства і дзяржавы; д) эканамічная і палітычная практыка; е) сродкі дасягнення мэтаў. Зрабіце вывады. Дайце ацэнку гэтым палітычным рэжымам.
5. З чым звязана ўзмацненне таталітарных і аўтарытарных тэндэнцый у краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы ў міжваенны перыяд?
6. Якую ролю адыграў Версальскі мір у палітычным узлёце нацыстаў, які скончыўся іх прыходам да ўлады ў 1933 г.?