§ 14. Расія ў 1917 г.: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі

1. Першая сусветная вайна і перамога Лютаўскай рэвалюцыі

Напярэдадні Першай сусветнай вайны колькасць прамысловых прадпрыемстваў у Расіі падвоілася. Па аб’ёме прамысловай прадукцыі краіна заняла пятае месца ў свеце пасля ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі, апярэдзіўшы іх па тэмпах росту. На першае месца Расія выйшла і па ступені канцэнтрацыі капіталу. Буйныя прадпрыемствы выконвалі вялікія дзяржаўныя, перш за ўсё ваенныя, заказы, ім дзяржава прадастаўляла субсідыі і крэдыты, а таксама падатковыя льготы. Сталі ўзнікаць манаполіі, першымі былі Саюз вагонабудаўнічых заводаў і Аб’яднанне цукразаводчыкаў. Прамысловасць усё больш трапляла ў залежнасць ад банкаў. Буйныя банкіры сталі ўваходзіць у склад праўлення многіх прамысловых прадпрыемстваў. Пачала складвацца фінансавая алігархія. Руская прамысловая вытворчасць у значнай ступені базавалася на замежным капітале.

Капіталістычныя адносіны паступова пранікалі і ў аграрную сферу. Частка памешчыкаў стала выкарыстоўваць вольнанаёмную працу і тэхнічныя навінкі. У сялянскім асяроддзі ўзнікла нешматлікая частка заможных людзей — кулакоў, аднак большасць сялян былі малазямельнымі. Адработачная сістэма дазваляла захоўваць феадальныя перажыткі.

Уступленне Расіі ў вайну прывяло да згуртавання ўсіх палітычных сіл і стабілізацыі ўнутрыпалітычнага становішча. Росту патрыятызму садзейнічалі перамогі рускай арміі на пачатковым этапе вайны. Але ўжо ў 1915 г. ваенныя няўдачы прывялі да ўскладнення ўнутрыпалітычнай сітуацыі, росту колькасці рэвалюцыйных выступленняў рабочых. Буйная перамога рускай арміі пад камандаваннем генерала А. А. Брусілава ў Галіцыі ў маі 1916 г. не змяніла становішча.

Да гэтага часу пытанне аб прычынах рэвалюцыі 1917 г. з’яўляецца сярод гісторыкаў дыскусійным. Акрамя няўдач у вайне да іх адносяць сарваную мадэрнізацыю краіны. Да таго ж у 1916 г. у Маскве і Пецярбургу адзначаліся перабоі з прадуктамі харчавання, вырасла колькасць забастовак, у сувязі з рэквізіцыямі на патрэбы арміі пачаліся сялянскія хваляванні. У войсках сталі папулярнымі абвешчаныя бальшавікамі лозунгі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!» і інш. Лібералы ў Думе, бачачы, што царскі ўрад вядзе краіну да паражэння, распрацоўвалі планы палацавага перавароту. Цесна звязана з будучымі дзеячамі Лютаўскай рэвалюцыі было кіраўніцтва Земгара. Так называўся галоўны камітэт усерасійскіх земскага і гарадскога саюзаў, створаны ў 1915 г. як пасярэдніцкая структура па размеркаванні дзяржаўных абаронных заказаў. Некаторыя лічаць, што асноўнымі мэтамі Земгара былі падрыхтоўка рэвалюцыі і звяржэнне ўлады. Старшыня камітэта князь Г. Я. Львоў стаў пасля рэвалюцыі першым кіраўніком Часовага ўрада.

23 лютага 1917 г. пачалася агульнагарадская забастоўка ў Петраградзе пад лозунгам «Далоў цара!». Салдаты запасных палкоў, раскватараваныя ў сталіцы, сталі пераходзіць на бок паўстанцаў. Для кантактаў з урадавымі ўстановамі былі створаны Часовы камітэт Дзяржаўнай думы і Петраградскі Савет рабочых дэпутатаў. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў атрымалі масавую падтрымку і сталі ўзнікаць па ўсёй краіне. Большасць у іх аказалася ва ўмераных сацыялістаў — меншавікоў і эсэраў.