Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. Расія ў 1917 г.: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі

Ключавая ідэя: рэвалюцыі 1917 г. у Расіі істотна змянілі сусветны парадак у ХХ ст.

Першая сусветная вайна стала пераломным перыядам у расійскай гісторыі. Эканамічная і палітычная сістэмы самадзяржаўя не вытрымалі выпрабавання на трываласць у сутыкненні з буйнейшым блокам еўрапейскіх дзяржаў на чале з Германіяй. Агульнанацыянальны крызіс, выкліканы вайной, прывёў да падзення самадзяржаўя і ўсталявання савецкай улады, якая паспяхова завяршыла да пачатку Другой сусветнай вайны індустрыяльную мадэрнізацыю краіны, пачатую яшчэ ў канцы XIX ст.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 14. Расія ў 1917 г.: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 13:19

1. Першая сусветная вайна і перамога Лютаўскай рэвалюцыі

Напярэдадні Першай сусветнай вайны колькасць прамысловых прадпрыемстваў у Расіі падвоілася. Па аб’ёме прамысловай прадукцыі краіна заняла пятае месца ў свеце пасля ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі, апярэдзіўшы іх па тэмпах росту. На першае месца Расія выйшла і па ступені канцэнтрацыі капіталу. Буйныя прадпрыемствы выконвалі вялікія дзяржаўныя, перш за ўсё ваенныя, заказы, ім дзяржава прадастаўляла субсідыі і крэдыты, а таксама падатковыя льготы. Сталі ўзнікаць манаполіі, першымі былі Саюз вагонабудаўнічых заводаў і Аб’яднанне цукразаводчыкаў. Прамысловасць усё больш трапляла ў залежнасць ад банкаў. Буйныя банкіры сталі ўваходзіць у склад праўлення многіх прамысловых прадпрыемстваў. Пачала складвацца фінансавая алігархія. Руская прамысловая вытворчасць у значнай ступені базавалася на замежным капітале.

Капіталістычныя адносіны паступова пранікалі і ў аграрную сферу. Частка памешчыкаў стала выкарыстоўваць вольнанаёмную працу і тэхнічныя навінкі. У сялянскім асяроддзі ўзнікла нешматлікая частка заможных людзей — кулакоў, аднак большасць сялян былі малазямельнымі. Адработачная сістэма дазваляла захоўваць феадальныя перажыткі.

Уступленне Расіі ў вайну прывяло да згуртавання ўсіх палітычных сіл і стабілізацыі ўнутрыпалітычнага становішча. Росту патрыятызму садзейнічалі перамогі рускай арміі на пачатковым этапе вайны. Але ўжо ў 1915 г. ваенныя няўдачы прывялі да ўскладнення ўнутрыпалітычнай сітуацыі, росту колькасці рэвалюцыйных выступленняў рабочых. Буйная перамога рускай арміі пад камандаваннем генерала А. А. Брусілава ў Галіцыі ў маі 1916 г. не змяніла становішча.

Да гэтага часу пытанне аб прычынах рэвалюцыі 1917 г. з’яўляецца сярод гісторыкаў дыскусійным. Акрамя няўдач у вайне да іх адносяць сарваную мадэрнізацыю краіны. Да таго ж у 1916 г. у Маскве і Пецярбургу адзначаліся перабоі з прадуктамі харчавання, вырасла колькасць забастовак, у сувязі з рэквізіцыямі на патрэбы арміі пачаліся сялянскія хваляванні. У войсках сталі папулярнымі абвешчаныя бальшавікамі лозунгі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!» і інш. Лібералы ў Думе, бачачы, што царскі ўрад вядзе краіну да паражэння, распрацоўвалі планы палацавага перавароту. Цесна звязана з будучымі дзеячамі Лютаўскай рэвалюцыі было кіраўніцтва Земгара. Так называўся галоўны камітэт усерасійскіх земскага і гарадскога саюзаў, створаны ў 1915 г. як пасярэдніцкая структура па размеркаванні дзяржаўных абаронных заказаў. Некаторыя лічаць, што асноўнымі мэтамі Земгара былі падрыхтоўка рэвалюцыі і звяржэнне ўлады. Старшыня камітэта князь Г. Я. Львоў стаў пасля рэвалюцыі першым кіраўніком Часовага ўрада.

23 лютага 1917 г. пачалася агульнагарадская забастоўка ў Петраградзе пад лозунгам «Далоў цара!». Салдаты запасных палкоў, раскватараваныя ў сталіцы, сталі пераходзіць на бок паўстанцаў. Для кантактаў з урадавымі ўстановамі былі створаны Часовы камітэт Дзяржаўнай думы і Петраградскі Савет рабочых дэпутатаў. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў атрымалі масавую падтрымку і сталі ўзнікаць па ўсёй краіне. Большасць у іх аказалася ва ўмераных сацыялістаў — меншавікоў і эсэраў.



2. Адрачэнне Мікалая II і падзенне манархіі

Пад ціскам рэвалюцыі і камандавання арміяй Мікалай II адрокся ад трона на карысць свайго брата Міхаіла, які адмовіўся прыняць карону.

Адрачэнне Мікалая II ад улады — адна з найбольш дыскусійных тэм Лютаўскай рэвалюцыі. Гісторыкі фактычна аднадушныя ў тым, што імператар адмовіўся ад улады пад ціскам абставін і ўласнага атачэння, якое здрадзіла яму. «Навокал здрада, баязлівасць і падман!» — запісаў ён у сваім дзённіку. Але далёка не ўсе лічаць, што адрачэнне мела легітымны, гэта значыць законны, характар, паколькі ніякіх дакументаў пад назвай «Адрачэнне Мікалая II» у архівах Расіі не знойдзена да гэтага часу.

Часовы камітэт Дзяржаўнай думы і Петраградскі Савет рабочых дэпутатаў уступілі ў перамовы з мэтай стварэння Часовага ўрада. Адзіным сацыялістам у Часовым урадзе апынуўся А. Ф. Керанскі. Аднак, каб не страціць уладу, Петрасавет выдаў Загад № 1, згодна з якім салдаты ў арміі павінны былі выконваць загады Саветаў, а не афіцэраў. У выніку Часовы ўрад стаў узгадняць свае дзеянні з Петраградскім Саветам. У краіне ўсталявалася двоеўладдзе.

Такім чынам, самадзяржаўе ў Расійскай імперыі было скінута з удзелам кіруючай эліты, якая ўключала таксама асобных членаў царскай сям’і.

3. Захоп улады бальшавікамі

Пасля лютага 1917 г. адбылася перагрупоўка палітычных сіл. Правыя (чарнасоценцы, акцябрысты) перажывалі востры крызіс. Кіруючай стала буржуазная партыя кадэтаў, якая заняла ключавыя пазіцыі ў Часовым урадзе і цяпер выступала за ўсталяванне ў Расіі парламенцкай рэспублікі і працяг вайны да перамогі. Узраслі колькасць і ўплыў умераных сацыялістаў — эсэраў (800 тыс.) і меншавікоў (200 тыс.), якіх была большасць у Саветах і якія салідарызаваліся з Часовым урадам. Бальшавікі былі аслабленыя і нешматлікія (каля 24 тыс.).

У сацыяльна-эканамічнай сферы Часовы ўрад не прыняў ніякіх рашэнняў. Выбары ва Устаноўчы сход зацягваліся. Бессэнсоўная для Расіі вайна працягвалася, паколькі ўрад імкнуўся выканаць міжнародныя пагадненні і давесці яе да перамогі. З красавіка 1917 г. Часовы ўрад уступіў у перыяд зацяжных крызісаў.

У пачатку красавіка 1917 г. са Швейцарыі ў Расію вярнуўся лідар бальшавікоў У. І. Ленін. Пад яго ўплывам бальшавікі ўзялі курс на сацыялістычную рэвалюцыю, паколькі ранейшы курс на «завяршэнне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі» не адпавядаў новай палітычнай сітуацыі. «Своеасаблівасць бягучага моманту ў Расіі», паводле Леніна, заключалася ў крызісе Часовага ўрада, у негатоўнасці буржуазных і ўмераных сацыялістычных партый вырашаць надзённыя сацыяльныя пытанні — аграрнае, нацыянальнае, рабочае, — а таксама ў няздольнасці кіруючых вярхоў скончыць сусветную вайну, якая абяскровіла народ. Буржуазія была зацікаўлена ў захаванні буйнога прыватнага землеўладання, у працягу прыбытковай і выгаднай для яе ў выпадку перамогі вайны (гандлёвыя прывілеі, кантроль над пралівамі Басфор і Дарданелы), што было магчыма пры захаванні ўсіх міжнародных дамоўленасцей.

Краіны Антанты аказвалі ціск на кіруючыя колы Расіі, каб утрымаць рускіх салдат на фронце. Такая пазіцыя расійскага ўрада разыходзілася з чаканнямі мас і адкрывала шлях да ўлады для бальшавікоў. У «Красавіцкіх тэзісах» У. І. Ленін запатрабаваў у духу народных чаканняў нацыяналізацыі ўсёй зямлі ў краіне і завяршэння вайны. Нацыяналізацыю зямлі прадугледжвалася ажыццявіць шляхам мірнага пераходу дзяржаўнай улады да Саветаў, якія павінны былі перайсці пад бальшавіцкі кантроль.

У чэрвені 1917 г. прайшлі масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Уся ўлада Саветам!» і «Далоў вайну!». У ліпені рускія войскі на Паўднёва-Заходнім фронце атрымалі скрышальнае паражэнне. У Петраградзе пачаліся стыхійныя дэманстрацыі ўзброеных салдат і рабочых з патрабаваннем перадачы ўлады Саветам. Аднак правінцыя была не гатова падтрымаць сталіцу. РСДРП(б) не ўдалося прадухіліць сутыкненні дэманстрантаў з урадавымі сіламі, 56 чалавек было забіта, 650 паранена. У Петраградзе было абвешчана ваеннае становішча, закрыта бальшавіцкая газета «Праўда», Леніну пагражаў арышт. Улада сканцэнтравалася ў руках Часовага ўрада, які ў канцы ліпеня ўзначаліў А. Ф. Керанскі.

Эканамічны і палітычны крызіс узмацніўся, вайна працягвалася, армія выходзіла з паслушэнства камандавання, пачалося дэзерцірства. У канцы ліпеня — пачатку жніўня бальшавікі на VI з’ездзе абвясцілі курс на ўзброены захоп улады.

Перад Часовым урадам стаяла складаная задача не дапусціць спаўзання краіны да грамадзянскай вайны. З гэтай мэтай ён паспрабаваў згуртаваць усе праўладныя сілы. У жніўні ён склікаў у Маскве Дзяржаўную нараду з удзелам прадстаўнікоў арміі, палітычных і грамадскіх арганізацый, дэпутатаў усіх Дзяржаўных дум. Бальшавікі байкатавалі нараду і ў дзень яе адкрыцця — 12 жніўня — арганізавалі ў Маскве масавую забастоўку. На нарадзе з рэзкай крытыкай урада выступіў Вярховны галоўнакамандуючы генерал Л. Г. Карнілаў. Для навядзення парадку ў краіне ён прапанаваў неадкладна прыняць рашучыя меры, ажно да ўвядзення дыктатуры.

23 жніўня ўрад давёў да ведама Л. Г. Карнілава, які знаходзіўся ў Стаўцы Вярхоўнага камандавання ў Магілёве, інфармацыю аб сваёй гатоўнасці да рашучых мер. Пасля гэтага было прынята сумеснае рашэнне аб перакідцы да Петраграда асобных вайсковых часцей. Калі кавалерыйскі корпус генерала А. М. Крымава рушыў, Керанскі спужаўся ўзмацнення вайскоўцаў. Ён не без падстаў лічыў, што не яго, а Карнілава яны захочуць бачыць на пасадзе дыктатара. 27 жніўня Керанскі абвінаваціў Карнілава ў тым, што той патрабаваў перадаць яму ўсю паўнату ўлады, і аб’явіў яго здраднікам.

Карнілаў загадаў арміі рухацца далей на Петраград. Аднак выступленне генерала Карнілава было сарвана, 30 жніўня яго войскі былі спынены практычна без адзінага стрэлу. Вялікую ролю ў мабілізацыі насельніцтва на барацьбу з Карнілавым адыгралі бальшавікі.

Такім чынам, спроба ўсталявання ваеннай дыктатуры скончылася няўдачай. Генерал Карнілаў быў арыштаваны. Яго выступленне ўрад назваў мецяжом. Вярхоўным галоўнакамандуючым стаў Керанскі. Першага верасня 1917 г. Часовы ўрад абвясціў Расію рэспублікай, не чакаючы склікання Устаноўчага сходу.

А. Ф. Керанскаму ўдалося сфарміраваць новы кааліцыйны ўрад лібералаў і левых. Страціўшы падтрымку правых, ён апынуўся пад пагрозай удару з боку бальшавікоў, колькасць якіх узрасла да 350 тыс. і да якіх паступова стала пераходзіць кіраванне Саветамі. РСДРП(б) мела ваенную арганізацыю для працы ў арміі і кантралявала ўзброеныя атрады Чырвонай гвардыі (каля 100 тыс.). Колькасць меншавікоў і эсэраў значна знізілася.

Пасля вяртання ў Петраград У. І. Леніна ЦК РСДРП(б) прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання. Створаны бальшавікамі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт 24 кастрычніка 1917 г. у складзе рабочых-чырвонагвардзейцаў, салдат і матросаў пачаў займаць вакзалы, масты, тэлеграф, электрастанцыі. Уначы 26 кастрычніка бальшавікі захапілі Зімовы палац. Часовы ўрад быў арыштаваны.

На Другім з’ездзе Саветаў, які пакінулі многія меншавікі і эсэры, 26 кастрычніка былі прыняты Дэкрэт аб міры і Дэкрэт аб зямлі. Быў сфарміраваны ўрад — Савет народных камісараў пад старшынствам У. І. Леніна. Наркамам замежных спраў стаў Л. Д. Троцкі, наркамам па справах нацыянальнасцей — І. В. Сталін.

Савецкая ўлада стала замацоўвацца на месцах як мірным, так і ўзброеным шляхам. Да канца сакавіка 1918 г. асноўная частка тэрыторыі былой Расійскай імперыі і армія перайшлі пад кантроль Саветаў.

Дыскусійным з’яўляецца пытанне аб легітымнасці савецкай улады. У сувязі з гэтым варта падкрэсліць, што легальнасць улады ў Расіі была перарвана яшчэ ў лютым 1917 г. Часовы ўрад у прынцыпе не меў прававых падстаў выстаўляць сябе ў якасці вышэйшай дзяржаўнай улады, бо 26 лютага імператарскім указам дзейнасць Дзяржаўнай думы была прыпынена. У гэтых умовах на неафіцыйнай, «прыватнай» нарадзе шэрагу думскіх фракцый лідар кадэтаў П. М. Мілюкоў выступіў з ініцыятывай стварэння Часовага камітэта для забеспячэння камунікацыі з асобамі і арганізацыямі. Часовы камітэт Дзяржаўнай думы — заканадаўчы орган — праз некалькі дзён быў ператвораны ў Часовы ўрад — орган выканаўчай улады. Камітэт не меў права выступаць ад імя ўсёй Думы, паколькі значнае месца ў ёй займала манархічнае крыло, з якім не было і не магло быць ніякіх дамоўленасцей. Акрамя таго, «прыватная нарада» была праведзена без неабходнага кворуму і выканання неабходных працэдур. Ва ўсім гэтым няма нічога незвычайнага, бо ва ўмовах рэвалюцыйных падзей, калі зараджаецца новая ўлада, падобнае «парушэнне старых законаў» — з’ява цалкам заканамерная.

У якасці доказу нелегітымнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі многія ўдзельнікі дыскусіі часта спасылаюцца на вынікі выбараў ва Устаноўчы сход. Сапраўды, на выбарах, што адбыліся ў лістападзе 1917 г., большасць галасоў атрымалі эсэры (каля 40 %). Бальшавікі занялі другое месца (24 %). У той жа час яны са значнай перавагай лідзіравалі ў губернскіх гарадах і вайсковых гарнізонах. Сяляне і насельніцтва дробных гарадоў прагаласавалі ў асноўным за эсэраў.

Бальшавікі не хавалі, што прыйшлі да ўлады ад імя Другога з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Канстытуцыя РСФСР 1918 г. вызначала новую ўладу як дыктатуру гарадскога і сельскага пралетарыяту і бяднейшага сялянства. З гэтых пазіцый усталяваны Кастрычніцкай рэвалюцыяй палітычны рэжым быў цалкам легітымны, паколькі быў падтрыманы той часткай насельніцтва, ад імя якой і выступаў. У Канстытуцыі СССР 1936 г. Савецкі Саюз ужо вызначаўся як дзяржава рабочых і сялян. Канстытуцыя СССР 1977 г. давала характарыстыку савецкай дзяржавы як агульнанароднай. Гэтыя змены адлюстроўвалі рэальны працэс эвалюцыі сістэмы легітымнасці савецкай дзяржавы.

4. Фарміраванне савецкай дзяржаўнасці. Прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання

З прыходам да ўлады бальшавікоў пачаў афармляцца новы дзяржаўны апарат. Былі створаны вышэйшыя органы ўлады — Усерасійскі з’езд Саветаў і Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (УЦВК), які выконваў функцыі паміж пасяджэннямі з’езда. Савет народных камісараў (СНК) стаў вышэйшым органам выканаўчай улады з правам заканадаўчай ініцыятывы. Замест міністэрстваў ствараліся народныя камісарыяты (наркаматы). Саветы абіралі народныя суды і рэвалюцыйныя трыбуналы.

10 студзеня 1918 г. пачаўся III Усерасійскі з’езд Саветаў, на якім Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў аб’ядналіся з Саветамі сялянскіх дэпутатаў. Была абвешчана Расійская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка. Прайшлі выбары сельскіх і валасных Саветаў.

У снежні 1917 г. была створана Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (УНК) на чале з Ф. Э. Дзяржынскім. Да сярэдзіны 1918 г. — рэгулярная армія. УНК стала галоўным спецыяльным органам па абароне дзяржаўнай бяспекі РСФСР, які займаўся рэпрэсіямі ў адносінах да цэлых сацыяльных груп, прызнаных рэвалюцыянерамі чужымі і варожымі. Ініцыятар стварэння УНК У. І. Ленін называў яе «нашай паражаючай зброяй супраць незлічоных змоў, незлічоных замахаў на савецкую ўладу з боку людзей, якія былі бясконца мацнейшымі за нас». Разам з карнымі мерамі супраць «контррэвалюцыянераў» з 1921 г. у яе функцыі ўваходзіла таксама барацьба з беспрытульнасцю. У лютым 1922 г. УНК была скасавана ў сувязі з перадачай паўнамоцтваў Дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленню (ДПУ) пры НКУС РСФСР.

Бальшавікі пазбавілі палітычных правоў буржуазію, памешчыкаў, чыноўнікаў, духавенства і абмежавалі ў правах сялянства. Супрацьстаянне партый сацыялістычнай скіраванасці прывяло да таго, што большасць эсэраў і меншавікоў былі выключаны з УЦВК і мясцовых Саветаў. У 1918—1923 гг. у Савецкай дзяржаве ўсталявалася аднапартыйная сістэма.

5. Асновы эканамічнай палітыкі

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў перад імі паўстала задача рэалізацыі пераходу да сацыялізму. Спачатку ў прамысловасці ўводзіўся рабочы кантроль вытворчасці, продажу гатовай прадукцыі, фінансавай палітыкі. Самі прадпрыемствы заставаліся ва ўласнасці ранейшых гаспадароў, але з канца лістапада 1917 г. пачалася масавая нацыяналізацыя заводаў, фабрык, банкаў, чыгуначнага транспарту. Былі ануляваны ўсе замежныя пазыкі ранейшай улады.

Сяляне атрымалі зямлю, іх вызвалілі ад арэндных плацяжоў і даўгоў банкам. Падзел зямлі праводзіўся ў інтарэсах беднаты, кулакі і сераднякі ў адказ перасталі здаваць дзяржаве збожжа, што прывяло да парушэння сувязі паміж горадам і вёскай. У выніку ў буйных гарадах увесну 1918 г. дзённая норма хлеба па картках скарацілася да 100 г. У адказ у маі 1918 г. бальшавікі аб’явілі харчовую дыктатуру. Тыя, хто хаваў хлеб, аб’яўляліся «ворагамі народа», ім пагражалі турэмнае зняволенне тэрмінам не менш за 10 гадоў і канфіскацыя маёмасці. Рэквізіцыю праводзілі ваенізаваныя атрады рабочых і чырвонаармейцаў. Усталёўваўся васьмігадзінны працоўны дзень, прадугледжвалася дапамога па хваробе і беспрацоўі. Было ліквідавана саслоўнае дзяленне грамадства.

6. Значэнне Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый

Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі адлюстроўвалі два розныя шляхі развіцця Расіі. Лютаўская рэвалюцыя выступала за капіталізм і інтэграцыю ў свет заходніх дэмакратый. Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрывала альтэрнатыўны, сацыялістычны шлях развіцця. Кастрычнік 1917 г. паклаў пачатак сацыялістычнаму пераўладкаванню расійскага грамадства. Важнейшым вынікам Кастрычніцкай рэвалюцыі стала з’яўленне на палітычнай карце свету новай дзяржавы — Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). У ім быў пабудаваны «дзяржаўны сацыялізм» і ажыццёўлена небывалымі да гэтага тэмпамі мадэрнізацыя эканомікі, грамадства і дзяржавы. «Дзяржаўны сацыялізм» савецкага тыпу стаў іншай, альтэрнатыўнай капіталізму мадэллю індустрыяльнага развіцця грамадства.

Выдатны ірландскі драматург і раманіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Бернард Шоу, які наведаў СССР у 1931 г., пісаў: «Я з’язджаю з дзяржавы надзеі і вяртаюся ў нашы заходнія краіны — краіны адчаю… Для мяне, старога чалавека, складае глыбокае суцяшэнне, сыходзячы ў магілу, ведаць, што сусветная цывілізацыя будзе выратавана… Тут, у Расіі, я ўпэўніўся, што новая камуністычная сістэма здольная вывесці чалавецтва з сучаснага крызісу і выратаваць яго ад поўнай анархіі і гібелі».

Пытанні

1. Акрэсліце значэнне паняцця «рэвалюцыя». Як вы лічыце, рэвалюцыя — гэта «лакаматыў» гісторыі альбо катастрофа?

2. Дакажыце, што ў 1917 г. Расія знаходзілася ў стане агульнанацыянальнага крызісу.

3. Параўнайце рэвалюцыю 1905—1907 гг. з рэвалюцыямі 1917 г. Аформіце свой адказ у выглядзе табліцы.

4. Якія органы дзяржаўнай улады былі сфарміраваны ў Расіі пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый? Прадстаўце сістэму дзяржаўнага кіравання ў Расіі ў 1918 г. у выглядзе схемы.

5. Як вы мяркуеце, чаму бальшавікі здолелі ажыццявіць Кастрычніцкую рэвалюцыю? Чаму гэтую падзею апісваюць і ацэньваюць розныя людзі абсалютна па-рознаму?

6. Складзіце гістарычны партрэт Мікалая II. Звярніце ўвагу на яго асабістыя якасці, ахарактарызуйце як дзяржаўнага дзеяча. У чым трагедыя гэтага чалавека?

7. Што ляжала ў аснове сацыяльна-эканамічных мерапрыемстваў, праведзеных бальшавікамі ў лістападзе 1917 — сакавіку 1918 г.? Чаму гэтую палітыку назвалі «чырвонагвардзейскай атакай на капітал»?

8. Акрэсліце значэнне Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый для далейшага развіцця Расіі. Як паўплывалі гэтыя рэвалюцыі на ход сусветнай гісторыі?У чым вартасць і недахопы «рэвалюцыйных» і «эвалюцыйных» пераўтварэнняў грамадства?

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка

Асаблівае меркаванне