§ 13. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін

1. Праблемы пераможцаў

На пасяджэннях «вялікая тройка» сутыкнулася з шэрагам вельмі складаных праблем. Сярод іх галоўнай была праблема Германіі, якая ў адзіночку ледзь не атрымала перамогу над Англіяй, Расіяй і Францыяй. Непакоіла сітуацыя ў Расіі, дзе адбылася сацыялістычная рэвалюцыя і да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія паставілі сваёй мэтай ажыццяўленне сусветнай пралетарскай рэвалюцыі і знішчэнне капіталістычных рэжымаў. Абяцанай узнагароды за далучэнне ў гады вайны да саюзнікаў чакалі Японія і Італія. Стваралі праблемы і новыя дзяржавы, абвешчаныя на руінах Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперый: Югаславія, Польшча, Чэхаславакія і інш. Неабходна было таксама заключыць мірныя дагаворы з пераможанымі краінамі.

У «вялікай тройкі» не было адзінага і ўзгодненага ўяўлення аб пасляваенным мірным урэгуляванні, а па некаторых пытаннях існавалі рознагалоссі. Прэзідэнт В. Вільсан абнародаваў сваю праграму на гэты конт у так званых 14 пунктах роўна за год да Парыжскай мірнай канферэнцыі. З мэтай падтрымання і захавання міру ён прапанаваў стварыць спецыяльную міжнародную арганізацыю — Лігу Нацый, у якой ЗША разлічвалі адыгрываць вядучую ролю. В. Вільсан выставіў таксама ідэю самавызначэння нацый, згодна з якой кожная нацыя павінна сама вырашаць свой лёс і мець безумоўнае права на стварэнне ўласнай дзяржавы. Амерыканскі прэзідэнт нават не ўяўляў, наколькі вострымі былі нацыянальныя адносіны, а значыць і праблема самавызначэння нацый, у большай частцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Лідары Англіі і Францыі былі згодныя далёка не з усімі пунктамі праграмы амерыканскага прэзідэнта. Прэм’ер-міністр Францыі Ж. Клемансо не без іроніі каментаваў: «І навошта гэта Вільсану спатрэбілася 14 пунктаў, калі Гасподзь Бог абышоўся ўсяго 10 запаведзямі?» Праграма В. Вільсана пагражала інтарэсам французаў і англічан. Абвешчаны прынцып самавызначэння нацый быў поўнай процілегласцю палітыцы імперыялізму, якая прадугледжвала кантроль той ці іншай імперыі над мноствам нацый. Англія і Францыя з’яўляліся імперыялістычнымі дзяржавамі, таму іх урады з падазронасцю ставіліся да любых размоў аб самавызначэнні. Яны не маглі не бачыць, што за прывабнай рыторыкай амерыканскага прэзідэнта хавалася адназначнае імкненне ЗША аслабіць нядаўніх саюзнікаў і ўмацаваць свой уплыў у свеце. Асабліва моцна закранаў інтарэсы французаў і англічан 5-ы пункт, які дэклараваў наступнае: «Свабоднае, шчырае і абсалютна неперадузятае вырашэнне ўсіх каланіяльных спрэчак, заснаванае на строгім выкананні прынцыпу, што пры вырашэнні ўсіх пытанняў, якія датычацца суверэнітэту, інтарэсы насельніцтва павінны мець аднолькавую вагу ў параўнанні са справядлівымі патрабаваннямі таго ўрада, правы якога павінны быць вызначаны».

Мірная праграма Вільсана нічога не гаварыла аб будучыні Германіі і аб тым, як прымусіць яе выплаціць рэпарацыі ў якасці кампенсацыі за разбурэнні і страты. Менавіта гэтай праблемай больш за ўсё былі занепакоены і Англія, і Францыя. У гады вайны саюзнікі завінаваціліся ЗША вялікія сумы, таму рэпарацыі разглядаліся імі не толькі як сродак аднаўлення разбуранай эканомікі, але і як крыніца пагашэння запазычанасці.

Асабліва непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да Германіі займаў французскі лідар Ж. Клемансо, празваны «тыграм». Ён найбольш адэкватна выказваў меркаванне грамадзян сваёй краіны, якія патрабавалі справядлівага пакарання для немцаў. Францыя больш за іншыя краіны пацярпела ад вайны, на яе тэрыторыі адбываліся самыя кровапралітныя бітвы. Чвэрць французскіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў былі забітыя, яшчэ 4 млн — параненыя, а большая частка Паўночна-Усходняй Францыі была спустошана. Французскі ўрад пазычаў вялізныя сумы грошай для вядзення вайны і сутыкнуўся з праблемай выплаты запазычанасцей. Таму жаданне французаў атрымаць ад Германіі як мага большую кампенсацыю было натуральным і зразумелым. Нельга не ўлічваць і імкненне адпомсціць за паражэнне ў франка-прускай вайне 1870—1871 гг. і страту Францыяй Эльзаса і Латарынгіі. «Бошы», гэта значыць немцы, павінны заплаціць за ўсе, — зневажальна і пагардліва лічылі французы.

У ідэале французскі прэм’ер-міністр хацеў падзяліць Германію на некалькі невялікіх слабых дзяржаў. Аднак, не здолеўшы гэта ажыццявіць, ён настойваў на тым, каб забраць у Германіі Рэйнскую вобласць, Саар, Верхнюю Сілезію, Данцыг і Усходнюю Прусію. Менавіта на тэрыторыі гэтых раёнаў, акрамя Усходняй Прусіі, знаходзілася большая частка нямецкай вугальнай і цяжкай прамысловасці.

Больш умеранай палітыкі прытрымліваўся англійскі лідар Д. Лойд Джордж. Як і Ж. Клемансо, ён прыслухоўваўся да меркавання грамадскасці сваёй краіны, якая патрабавала жорсткіх захадаў у дачыненні да Германіі. Але ён не імкнуўся асабліва моцна караць немцаў, бо баяўся, што празмернае аслабленне Германіі прывядзе да ўмацавання пазіцый Францыі на кантыненце. Акрамя таго, ён лічыў, што слабая Германія не зможа супрацьстаяць распаўсюджванню камунізму.

Д. Лойд Джордж уважліва сачыў за тым, каб Брытанская імперыя не панесла страт у выніку пасляваеннага ўрэгулявання. Менавіта таму ён разышоўся ў поглядах з амерыканскім прэзідэнтам адносна будучыні былых нямецкіх калоній. В. Вільсан хацеў, каб калоніямі да таго часу, пакуль яны не стануць незалежнымі, кіравала Ліга Нацый. Д. Лойд Джордж, наадварот, рашуча выступаў за іх падзел паміж дзяржавамі-пераможцамі.

У выніку закулісная барацьба на канферэнцыі за прыняцце выгадных рашэнняў праходзіла вельмі востра. Англія і Францыя сумесна выступалі супраць узмацнення ЗША, іх прэтэнзій на сусветнае лідарства і інтрыгавалі адна супраць адной, асабліва ў пытанні аб пасляваенным лёсе Германіі. Францыя імкнулася максімальна аслабіць свайго галоўнага праціўніка. Англія старалася нейтралізаваць яе намаганні і па гэтым пытанні салідарызавалася з ЗША.