§ 13. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін
Ключавая ідэя: Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін апынулася няўстойлівай і нетрывалай.
У 1919—1920 гг. прадстаўнікі краін — пераможцаў у Першай сусветнай вайне сабраліся ў Парыжы. Яны павінны былі вызначыць будучыню Еўропы і свету. Тон на Парыжскай мірнай канферэнцыі задавалі прэзідэнт ЗША В. Вільсан, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Д. Лойд Джордж і прэм’ер-міністр Францыі Ж. Клемансо, вядомыя як «вялікая тройка».
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 13. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:39 |
1. Праблемы пераможцаў
На пасяджэннях «вялікая тройка» сутыкнулася з шэрагам вельмі складаных праблем. Сярод іх галоўнай была праблема Германіі, якая ў адзіночку ледзь не атрымала перамогу над Англіяй, Расіяй і Францыяй. Непакоіла сітуацыя ў Расіі, дзе адбылася сацыялістычная рэвалюцыя і да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія паставілі сваёй мэтай ажыццяўленне сусветнай пралетарскай рэвалюцыі і знішчэнне капіталістычных рэжымаў. Абяцанай узнагароды за далучэнне ў гады вайны да саюзнікаў чакалі Японія і Італія. Стваралі праблемы і новыя дзяржавы, абвешчаныя на руінах Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперый: Югаславія, Польшча, Чэхаславакія і інш. Неабходна было таксама заключыць мірныя дагаворы з пераможанымі краінамі.
У «вялікай тройкі» не было адзінага і ўзгодненага ўяўлення аб пасляваенным мірным урэгуляванні, а па некаторых пытаннях існавалі рознагалоссі. Прэзідэнт В. Вільсан абнародаваў сваю праграму на гэты конт у так званых 14 пунктах роўна за год да Парыжскай мірнай канферэнцыі. З мэтай падтрымання і захавання міру ён прапанаваў стварыць спецыяльную міжнародную арганізацыю — Лігу Нацый, у якой ЗША разлічвалі адыгрываць вядучую ролю. В. Вільсан выставіў таксама ідэю самавызначэння нацый, згодна з якой кожная нацыя павінна сама вырашаць свой лёс і мець безумоўнае права на стварэнне ўласнай дзяржавы. Амерыканскі прэзідэнт нават не ўяўляў, наколькі вострымі былі нацыянальныя адносіны, а значыць і праблема самавызначэння нацый, у большай частцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Лідары Англіі і Францыі былі згодныя далёка не з усімі пунктамі праграмы амерыканскага прэзідэнта. Прэм’ер-міністр Францыі Ж. Клемансо не без іроніі каментаваў: «І навошта гэта Вільсану спатрэбілася 14 пунктаў, калі Гасподзь Бог абышоўся ўсяго 10 запаведзямі?» Праграма В. Вільсана пагражала інтарэсам французаў і англічан. Абвешчаны прынцып самавызначэння нацый быў поўнай процілегласцю палітыцы імперыялізму, якая прадугледжвала кантроль той ці іншай імперыі над мноствам нацый. Англія і Францыя з’яўляліся імперыялістычнымі дзяржавамі, таму іх урады з падазронасцю ставіліся да любых размоў аб самавызначэнні. Яны не маглі не бачыць, што за прывабнай рыторыкай амерыканскага прэзідэнта хавалася адназначнае імкненне ЗША аслабіць нядаўніх саюзнікаў і ўмацаваць свой уплыў у свеце. Асабліва моцна закранаў інтарэсы французаў і англічан 5-ы пункт, які дэклараваў наступнае: «Свабоднае, шчырае і абсалютна неперадузятае вырашэнне ўсіх каланіяльных спрэчак, заснаванае на строгім выкананні прынцыпу, што пры вырашэнні ўсіх пытанняў, якія датычацца суверэнітэту, інтарэсы насельніцтва павінны мець аднолькавую вагу ў параўнанні са справядлівымі патрабаваннямі таго ўрада, правы якога павінны быць вызначаны».
Мірная праграма Вільсана нічога не гаварыла аб будучыні Германіі і аб тым, як прымусіць яе выплаціць рэпарацыі ў якасці кампенсацыі за разбурэнні і страты. Менавіта гэтай праблемай больш за ўсё былі занепакоены і Англія, і Францыя. У гады вайны саюзнікі завінаваціліся ЗША вялікія сумы, таму рэпарацыі разглядаліся імі не толькі як сродак аднаўлення разбуранай эканомікі, але і як крыніца пагашэння запазычанасці.
Асабліва непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да Германіі займаў французскі лідар Ж. Клемансо, празваны «тыграм». Ён найбольш адэкватна выказваў меркаванне грамадзян сваёй краіны, якія патрабавалі справядлівага пакарання для немцаў. Францыя больш за іншыя краіны пацярпела ад вайны, на яе тэрыторыі адбываліся самыя кровапралітныя бітвы. Чвэрць французскіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў былі забітыя, яшчэ 4 млн — параненыя, а большая частка Паўночна-Усходняй Францыі была спустошана. Французскі ўрад пазычаў вялізныя сумы грошай для вядзення вайны і сутыкнуўся з праблемай выплаты запазычанасцей. Таму жаданне французаў атрымаць ад Германіі як мага большую кампенсацыю было натуральным і зразумелым. Нельга не ўлічваць і імкненне адпомсціць за паражэнне ў франка-прускай вайне 1870—1871 гг. і страту Францыяй Эльзаса і Латарынгіі. «Бошы», гэта значыць немцы, павінны заплаціць за ўсе, — зневажальна і пагардліва лічылі французы.
У ідэале французскі прэм’ер-міністр хацеў падзяліць Германію на некалькі невялікіх слабых дзяржаў. Аднак, не здолеўшы гэта ажыццявіць, ён настойваў на тым, каб забраць у Германіі Рэйнскую вобласць, Саар, Верхнюю Сілезію, Данцыг і Усходнюю Прусію. Менавіта на тэрыторыі гэтых раёнаў, акрамя Усходняй Прусіі, знаходзілася большая частка нямецкай вугальнай і цяжкай прамысловасці.
Больш умеранай палітыкі прытрымліваўся англійскі лідар Д. Лойд Джордж. Як і Ж. Клемансо, ён прыслухоўваўся да меркавання грамадскасці сваёй краіны, якая патрабавала жорсткіх захадаў у дачыненні да Германіі. Але ён не імкнуўся асабліва моцна караць немцаў, бо баяўся, што празмернае аслабленне Германіі прывядзе да ўмацавання пазіцый Францыі на кантыненце. Акрамя таго, ён лічыў, што слабая Германія не зможа супрацьстаяць распаўсюджванню камунізму.
Д. Лойд Джордж уважліва сачыў за тым, каб Брытанская імперыя не панесла страт у выніку пасляваеннага ўрэгулявання. Менавіта таму ён разышоўся ў поглядах з амерыканскім прэзідэнтам адносна будучыні былых нямецкіх калоній. В. Вільсан хацеў, каб калоніямі да таго часу, пакуль яны не стануць незалежнымі, кіравала Ліга Нацый. Д. Лойд Джордж, наадварот, рашуча выступаў за іх падзел паміж дзяржавамі-пераможцамі.
У выніку закулісная барацьба на канферэнцыі за прыняцце выгадных рашэнняў праходзіла вельмі востра. Англія і Францыя сумесна выступалі супраць узмацнення ЗША, іх прэтэнзій на сусветнае лідарства і інтрыгавалі адна супраць адной, асабліва ў пытанні аб пасляваенным лёсе Германіі. Францыя імкнулася максімальна аслабіць свайго галоўнага праціўніка. Англія старалася нейтралізаваць яе намаганні і па гэтым пытанні салідарызавалася з ЗША.
2. Новая расстаноўка сіл на міжнароднай арэне
Асаблівае значэнне для расстаноўкі сіл на міжнароднай арэне мелі вынікі падпісаных пасля вайны мірных дагавораў. Па меркаванні большасці сучасных гісторыкаў, яны мелі наўмысна абразлівы і нават несправядлівы для пераможаных краін характар.
На мірнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Парыжы з 18 студзеня 1919 г. па 21 студзеня 1920 г., у перамовах прымалі ўдзел толькі пераможцы, у адрозненне ад Венскага кангрэса 1815 г., дзе было дазволена прысутнічаць пераможанаму боку — Францыі. Яшчэ больш, у Вене ўсе праблемы пасляваеннага ўладкавання вырашаліся толькі еўрапейцамі, а ў Парыжы былі прадстаўлены краіны ўсяго свету, уключаючы ЗША і Японію. У 1815 г. пераможцы былі спагадлівымі да французаў. У Парыжы пераможцы праводзілі строгую палітыку ў адносінах да пераможанай Германіі і яе саюзнікаў, пазбавіўшы іх значнай часткі тэрыторыі і ўсіх калоній.
Падпісаныя дагаворы выклікалі крыўду і абурэнне, асабліва ў Германіі і Італіі, і садзейнічалі як эканамічнай дэпрэсіі 1930-х гг., так і выспяванню перадумоў новай сусветнай вайны. Ліга Нацый, ініцыяваная Парыжскай канферэнцыяй, не мела ні дастатковай моцы, ні падтрымкі, неабходных для таго, каб забяспечыць мір і бяспеку ў час неспакойных 1920—1930-х гг.
У выніку крызісу Версальскай сістэмы пачалася Другая сусветная вайна. Яна стала найбольш яркай праявай крызісу індустрыяльнага грамадства і ў цэлым заходняй цывілізацыі.
3. Вынікі Парыжскай мірнай канферэнцыі для пераможаных
У ходзе напружанай барацьбы на канферэнцыі былі ўзгоднены ўмовы міру з Германіяй.
Згодна з Версальскім мірным дагаворам, падпісаным 28 чэрвеня 1919 г., Германія страціла не толькі ўсе свае калоніі, па плошчы не вельмі значныя, але і ўласна нямецкія землі. Эльзас і Латарынгія вярталіся Францыі, акругі Эйпен, Мальмедзі і Маранэ перадаваліся Бельгіі, Паўночны Шлезвіг — Даніі. Тэрыторыя Германіі па левым беразе Рэйна і па правым яго беразе на глыбіню 50 км станавілася Рэйнскай дэмілітарызаванай зонай. У ёй забаранялася трымаць войскі, праводзіць ваенныя манеўры і будаваць умацаванні. Германіі было забаронена мець танкавыя злучэнні і ваенна-паветраны флот. Яна павінна была адмяніць усеагульную воінскую павіннасць, ёй было дазволена мець толькі наёмнае войска. Дагавор абмяжоўваў колькасць нямецкай арміі да 100 тыс. чалавек. Германіі забараняліся вытворчасць цяжкіх узбраенняў і будаўніцтва буйных баявых караблёў. Паводле дагавора Германія абвяшчалася адзінай віноўніцай развязвання Першай сусветнай вайны. На гэтай падставе яна павінна была выплаціць вялізныя рэпарацыі на карысць пераможцаў. Пазней усталяваная сума рэпарацый была роўнай 132 млрд марак.
Германскія землі на захад ад Рэйна падпадалі пад акупацыю саюзніцкімі арміямі на тэрмін ад 5 до 15 гадоў. Саарскі вугальны басейн пераходзіў ва ўласнасць Францыі, а Саарская вобласць на 15 гадоў перадавалася пад кіраванне Лігі Нацый. Германія прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Люксембурга. Да Польшчы адыходзіла значная частка Памераніі, Познані, Заходняй і Усходняй Прусіі, Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі Нацый. Такім чынам, Усходняя Прусія аддзялялася ад Германіі «данцыгскім калідорам». Мемель (Клайпеда) і прылеглыя раёны перадаваліся пад кантроль Лігі Нацый і ў 1923 г. былі ўключаны ў склад Літвы. Да Чэхаславакіі адыходзіла частка тэрыторыі Сілезіі. Эльба, Одэр, Нёман, Дунай і Кільскі канал абвяшчаліся адкрытымі для замежных дзяржаў. Германскія калоніі былі падзелены ў выглядзе мандатаў (права на кіраванне) у асноўным паміж Францыяй, Англіяй, Бельгіяй, Партугаліяй і Японіяй.
Акрамя Версальскага мірнага дагавора ў 1919—1923 гг. былі падпісаны дагаворы з былымі саюзнікамі Германіі — Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй.
Сен-Жэрменскі дагавор паміж Антантай і Аўстрыяй узаконьваў распад Аўстра-Венгрыі і ўтварэнне Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Апошняе ў 1929 г. было ператворана ў Югаславію. Межы Аўстрыі былі вызначаны без уліку інтарэсаў суседніх дзяржаў. Дагавор пацвярджаў умовы Версальскага міру аб забароне аншлюсу (далучэння) Аўстрыі да Германіі. Паводле дагавора Аўстрыя абмяжоўвала свае ўзброеныя сілы і выплачвала рэпарацыі.
Нёйіскі дагавор, заключаны ў прыгарадзе Парыжа Нёйі-сюр-Сен, паміж краінамі Антанты і Балгарыяй, прадугледжваў рэпарацыі, скарачэнне ўзбраенняў і тэрытарыяльныя саступкі Румыніі і Каралеўству. Тэрыторыя Балгарыі значна зменшылася на карысць Грэцыі, Румыніі і Югаславіі. Узброеныя сілы рэзка скарачаліся, прадугледжвалася таксама выплата кантрыбуцыі.
Трыянонскі дагавор, заключаны ў Вялікім Трыянонскім палацы Версаля, пазбаўляў Венгрыю шэрагу тэрыторый на карысць Каралеўства, Румыніі, Чэхаславакіі і Аўстрыі. Тэрыторыя Венгрыі скарацілася ў тры разы — фактычна на 75 %. Венгрыя таксама значна змяншала ўзброеныя сілы і несла цяжар рэпарацый.
Сеўрскі дагавор, названы па горадзе на беразе Сены паблізу Парыжа, паміж краінамі Антанты і Турцыяй узаконіў распад і падзел Асманскай імперыі. Дагавор па сутнасці прадугледжваў падзел асноўных турэцкіх тэрыторый і ўсталяванне кантролю саюзнікаў над чарнаморскімі пралівамі. Аднак умовы Сеўрскага дагавора не былі рэалізаваны з-за перамогі нацыянальнай рэвалюцыі ў Турцыі. У выніку працы канферэнцыі ў Лазане ў 1923 г. быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор, які вызначыў пасляваенныя межы Турцыі і прызнаў яе незалежнасць.
Такім чынам, Першая сусветная вайна цалкам змяніла карту свету. Распаліся магутныя імперыі — Аўстра-Венгерская і Асманская. З’явіліся новыя дзяржавы: Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя. Аўстрыя і Германія сталі рэспублікамі. Калоніі пераможаных краін, якія раней належалі Германіі і Асманскай імперыі, перадаваліся Вялікабрытаніі і Францыі.
Сур’ёзныя праблемы ў будучыні былі перадвызначаны ўсталяваннем межаў Югаславіі. У рамках адной дзяржавы апынуліся народы, якія адносіліся да дзвюх розных рэлігій — хрысціянства (праваслаўнай і каталіцкай канфесій) і ісламу, узнікла праблема нацыянальных меншасцей.
У міжнароднай ізаляцыі апынулася Савецкая Расія, якая заявіла аб імкненні да сусветнай рэвалюцыі і ліквідацыі капіталізму.
4. Вашынгтонская канферэнцыя
ЗША былі незадаволеныя вынікамі Парыжскай мірнай канферэнцыі. Яны адчувалі сябе «абдзеленымі», паколькі пасляваеннае ўладкаванне свету не адпавядала іх інтарэсам. У сакавіку 1920 г. сенат не ратыфікаваў Версальскі дагавор, а неўзабаве ЗША перайшлі ў знешняй палітыцы на пазіцыі ізаляцыянізму і «поўнай свабоды рук». Асабліва ўзмацнілася знешнеэканамічная экспансія ЗША. Па гэтым пытанні яны сутыкнуліся не толькі з даўнім лідарам у сусветным гандлі — Англіяй, але і з Японіяй, якая набірала моц. Для ўрэгулявання колькасці марскіх узбраенняў і становішча ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, а таксама з мэтай кампенсаваць няўдачы ў Версалі ЗША дабіліся склікання міжнароднай канферэнцыі на сваёй тэрыторыі. Яна праходзіла ў Вашынгтоне з 12 лістапада 1921 г. па 6 лютага 1922 г.
У выніку дасягнутых на канферэнцыі пагадненняў Японія — асноўны сапернік амерыканцаў у гэтым рэгіёне — страчвала шэраг пераважных правоў у Кітаі і частцы паўвострава Шаньдун. Упершыню суадносіны амерыканскіх і англійскіх буйнатанажных лінкараў і авіяносцаў былі ўстаноўлены ў прапорцыі 5:5. Аўтаматычна траціў моц англа-японскі саюзны дагавор 1902 г., які закранаў інтарэсы ЗША ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.
ЗША ўдалося дабіцца прызнання сістэмы «вольных мораў», «роўных магчымасцей» усіх дзяржаў і палітыкі «адчыненых дзвярэй», што азначала адкрыццё былых калоній для фінансава-эканамічнай экспансіі ЗША, напрыклад, у гандлі з Кітаем. Прадугледжвалася роўнасць флотаў з Вялікабрытаніяй, што таксама было выгадна ЗША, але нявыгадна каланіяльным імперыям-пераможцам — Англіі і Францыі.
У выніку сфарміравалася ВерсальскаВашынгтонская сістэма міжнародных адносін, якая праіснавала да сярэдзіны 1930-х гг.
Мірныя дагаворы 1919—1923 гг. вызначалі аблічча новай Еўропы. Аднак па меры ажыццяўлення дагавораў узнікла мноства праблем, што і прывяло ў выніку да Другой сусветнай вайны. Версальскі мір быў зневажальны для Германіі. Ён стаў адной з важнейшых крыніц рэваншызму ў гэтай краіне і ў немалой ступені садзейнічаў фарміраванню фашызму.
Геапалітычныя вынікі Першай сусветнай вайны — гэта перш за ўсё стварэнне новага светапарадку ў інтарэсах толькі краін-праможцаў. Новы сусветны парадак выразіўся ў перадзеле калоній паміж пераможцамі, распадзе некалі магутных імперый, узнікненні новых дзяржаў. Перакройванне межаў прывяло да змянення суадносін сіл на сусветнай арэне на карысць англа-французскай кааліцыі, да якой у 1917 г. далучыліся ЗША. У той жа час новы светапарадак заклаў аснову больш глыбокіх супярэчнасцей у міжнародных адносінах.
5. Спроба стварэння арганізацыі для падтрымання міру
Сучасная ідэя мірнага суіснавання еўрапейскіх народаў упершыню была выказана ў эпоху Асветы нямецкім філосафам Э. Кантам. У палітычным трактаце «Да вечнага міру» (1795) ён абгрунтаваў асноўныя прынцыпы мірнага згуртавання нацый, апісаў культурныя і філасофскія асновы будучага аб’яднання Еўропы. Знакаміты філосаф па сутнасці першым выразіў ідэю стварэння міжнароднай арганізацыі для вырашэння канфліктных сітуацый, умацавання і захавання міру паміж дзяржавамі.
Першай спробай рэалізацыі гэтай ідэі стаў Свяшчэнны саюз еўрапейскіх манархаў (1815), абвешчаны пасля напалеонаўскіх войнаў. Ідэалагічнай асновай саюза было хрысціянства. У дакуменце «Трактат Брацкага і Хрысціянскага Саюза» імператары Аўстрыі і Расіі і кароль Прусіі гаварылі аб тым, што ўзаемныя адносіны павінны абапірацца на «вечны закон Бога Збавіцеля». Яны прапанавалі кіравацца ў адносінах з усімі іншымі ўрадамі «запаведзямі гэтай святой веры, запаведзямі любові, праўды і міру». Аднак гэтым спадзяванням не наканавана было ажыццявіцца.
Наступным крокам стала стварэнне пасля Першай сусветнай вайны Лігі Нацый, непасрэднай папярэдніцы ААН. Як ужо адзначалася, прэзідэнт В. Вільсан прапанаваў стварыць спецыяльную міжнародную арганізацыю з мэтай падтрымання і захавання міру. Амерыканцы разлічвалі адыгрываць у ёй вядучую ролю. Аднак Ліга Нацый апынулася пад кантролем не адной, а некалькіх еўрапейскіх дзяржаў.
Па плане Вільсана гэтая арганізацыя мела права ў мэтах падтрымання міру накладаць на дзяржаву-агрэсара эканамічныя санкцыі, не падмацоўваючы іх ваеннай сілай. Дапускалася магчымасць перагляду існуючых дзяржаўных межаў, калі тры чвэрці дэлегацый Лігі Нацый прызнаюць іх не адпавядаючымі новым нацыянальным умовам і прынцыпам самавызначэння нацый.
Прапановы амерыканскага прэзідэнта, прадстаўленыя ім на канферэнцыі краін-саюзніц у Парыжы, не атрымалі адназначнай ухвалы ўдзельнікаў. Многія ўсведамлялі, што прыгожыя словы Вільсана аб міжнароднай бяспецы — не больш чым шырма для экспансіянісцкіх задум ЗША, якія не ўдзельнічалі ў тайных дагаворах краін Антанты. Таму Злучаныя Штаты імкнуліся ануляваць іх і ўвайсці ў новы сусветны парадак, кіруючыся прынцыпам «адчыненых дзвярэй» і «роўных магчымасцей», усведамляючы сваю эканамічную магутнасць. ЗША былі ўпэўнены ў сваім поспеху ў канкурэнтнай барацьбе на знешніх рынках. Прапаноўваючы дапусціць у Лігу Нацый Германію і малыя краіны, Вільсан разлічваў, што яны патрапяць у эканамічную залежнасць ад ЗША.
У большай сваёй частцы мірны план прэзідэнта Вільсана не быў рэалізаваны, аднак па адным пытанні ён усё-ткі ажыццявіўся. Арганізацыя пад назвай Ліга Нацый была створана для таго, каб дзяржавы свету змаглі сумесна абмяркоўваць узнікаючыя праблемы. У агульнай колькасці 63 дзяржавы сталі членамі Лігі Нацый. Краіна — ініцыятар стварэння Лігі Нацый так і не ўвайшла ў яе склад з-за таго, што ў ёй першапачаткова пераважалі інтарэсы еўрапейскіх дзяржаў.
Ліга Нацый стваралася для прадухілення вайны і рэгулявання мірных адносін, але фактычна яе галоўная задача заключалася ў наглядзе за кіраваннем былымі калоніямі пераможаных дзяржаў. Яна была заклікана падтрымліваць Версальскую сістэму міжнародных адносін, садзейнічаць стварэнню сістэмы калектыўнай бяспекі, аднак ні з тым, ні з другім яна не здолела справіцца, таму ініцыятыва перайшла ў рукі асобных дзяржаў.
6. Рух за стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі
Ідэя адмовы ад вайны як інструмента нацыянальнай палітыкі знайшла адлюстраванне ў руху за стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. У 1928 г. па ініцыятыве Францыі і ЗША адбылося падпісанне пакта аб адмове ад вайны як сродку палітыкі і прызнанні міжнароднага арбітражу абавязковым спосабам урэгулявання міждзяржаўных канфліктаў. Другая назва гэтага міжнароднага дакумента — «пакт Брыяна — Келага», названага па імёнах міністра замежных спраў Францыі А. Брыяна і дзяржсакратара ЗША Ф. Келага. Пакт быў падпісаны прадстаўнікамі 15 дзяржаў.
Заключэнне дагавора азначала важны крок на шляху стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. У далейшым да пакта далучыліся яшчэ 48 дзяржаў. Дакумент стаў адной з прававых падстаў для Нюрнбергскага працэсу. Кіраўнікам нацысцкай Германіі былі прад’яўлены абвінавачванні ў парушэнні пакта Брыяна — Келага.
У маі 1930 г. урад Францыі разаслаў усім дзяржавам Еўропы, уключаючы СССР, «Мемарандум аб арганізацыі рэжыму Федэратыўнага еўрапейскага саюза». Такім чынам, французская дыпламатыя ўпершыню звязала вырашэнне праблемы міжнароднай бяспекі са стварэннем наднацыянальнай сістэмы палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Падобны падыход атрымаў ухвалу з боку Югаславіі, Румыніі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Грэцыі.
Супраць пан’еўрапейскага праекта выступілі Вялікабрытанія, Нідэрланды і Бельгія, якія баяліся страціць «асаблівыя адносіны» са сваімі калоніямі. Германская дыпламатыя ў цэлым падтрымала пан’еўрапейскую ідэю, але пры ўмове поўнай адмены «несправядлівых» артыкулаў Версальскага дагавора. Фашысцкая Італія ўвогуле заклікала да саюза «маладых нацый» супраць «старой Еўропы». Сітуацыя зноў зайшла ў тупік.
У 1932 г. па ініцыятыве Лігі Нацый прайшла Жэнеўская канферэнцыя, прысвечаная скарачэнню і абмежаванню ўзбраенняў. Ідэя стварэння «арганізацыі міру» ў Еўропе, аб’яднання еўрапейскіх краін пактамі аб ненападзенні і ўзаемадапамозе, якая прагучала на канферэнцыі, так і не рэалізавалася. Еўропа і ўвесь свет ужо стаялі на парозе новага вітка гонкі ўзбраенняў.
З’яўленне на міжнароднай арэне нацызму прывяло да канчатковага краху Лігі Нацый. У 1930-я гг. яна стала заложніцай палітыкі прымірэння, што праводзілася вядучымі заходнімі краінамі.
Вялізныя намаганні па прадухіленні вайны шляхам стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі прыклаў Савецкі Саюз. Пасля прыходу А. Гітлера да ўлады былі сфармуляваны новыя кірункі савецкай знешняй палітыкі. Яны ўключалі, у прыватнасці, ненападзенне і няўдзел у ваенных канфліктах; падтрыманне мірных адносін з усімі краінамі, у тым ліку з Германіяй і Японіяй, пры ўмове іх адмовы ад агрэсіўнай палітыкі; паляпшэнне адносін з краінамі Захаду, уключаючы ЗША. Такім чынам, СССР спыняў асаблівыя «сяброўскія» адносіны з Германіяй. Аднак усе намаганні, зробленыя ў гэтым кірунку, наткнуліся на эгаістычную палітыку «влікіх» і «малых» дзяржаў Еўропы.
Пытанні
1. Ахарактарызуйце пазіцыі Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША па пытаннях мірнага ўрэгулявання пасля Першай сусветнай вайны. Вызначце сферу іх супярэчнасцей.
2. Ацаніце рашэнні, прынятыя на Парыжскай мірнай канферэнцыі, з пазіцый Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі. Зрабіце вывад.
3. На аснове вывучэння гісторыі імперый, з якімі вы пазнаёміліся на ўроках, акрэсліце значэнне паняцця «імперыя». Які іх гістарычны лёс? Распад чатырох імперый пасля Першай сусветнай вайны быў выпадковым ці заканамерным вынікам іх развіцця?
4. Якое значэнне стварэння і дзейнасці Лігі Нацый у працэсе фарміравання новай сістэмы міжнародных адносін? У чым прычына дваістасці пазіцый Лігі Нацый па многіх міжнародных праблемах і няздольнасці іх вырашыць?
5. Сфармулюйце вызначэнне паняцця «сістэма калектыўнай бяспекі». Чаму, нягледзячы на тое, што пытанне аб сістэме калектыўнай бяспекі не аднойчы абмяркоўвалася ў Лізе Нацый, яна так і не была створана?
6. На працягу многіх стагоддзяў мысліцелі і філосафы распрацоўвалі ідэі аб’яднання краін, якія сталі перадумовамі і крыніцамі ідэі стварэння Еўрасаюза. Чым можна патлумачыць папулярнасць ідэі еўрапейскай інтэграцыі?
7. Ахарактарызуйце палітычную карту свету пасля Парыжскай і Вашынгтонскай канферэнцый.
8. Вызначце супярэчнасці Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. У чым заключалася яе слабасць? Чаму рашэнні Парыжскай і Вашынгтонскай канферэнцый не сталі асновай устойлівага міру?