§ 36. Элементы VА-групы. Азот і фосфар

Распаўсюджанасць азоту і фосфару ў прыродзе

Сярод элементаў VА-групы на Зямлі найбольш распаўсюджаны фосфар, яго масавая доля — 0,1 %. Азоту значна менш, але ён пераважае ў атмасферы — аб’ёмная доля 78 %, масавая — 75,5 %. З нешматлікіх мінералаў азоту найбольш значныя салетры: NaNO3 — натрыевая салетра і KNO3 — калійная салетра.

Фосфар на Зямлі сустракаецца выключна ў выглядзе злучэнняў і ўваходзіць у састаў фасфарытаў і апатытаў (іх асноўны кампанент — фасфат кальцыю Ca3(PO4)2), а таксама фторапатытаў Са5[РО4]3F.

Злучэнні азоту і фосфару важныя для жывых арганізмаў: азот як складовая частка амінакіслот і бялкоў, фосфар — нуклеінавых кіслот, АТФ (адэназінтрыфосфарнай кіслаты), ферментаў, касцявой сістэмы. Для чалавека дзённая патрэба ў фосфары досыць высокая — ад 1 г да 3,8 г у залежнасці ад узросту і фізіялагічнага стану арганізма. Пры нагрузках патрэба ўзрастае ў 1,5–2 разы. Найбольш багатыя на фосфар ядры насення гарбуза, сланечніку, а таксама какава, пячонка, рыба, цвёрдыя сыры і іншыя малочныя прадукты. Недахоп азоту і фосфару часта адчуваюць расліны. Для культур, якія вырошчваюцца, гэтая праблема вырашаецца ўнясеннем угнаенняў.