*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Сказ, асноўныя прыметы сказа

Сказ — сінтаксічная адзінка, арганізаваная сэнсава, інтанацыйна і граматычна, якая дапамагае аформіць і выказаць пэўную думку. Сказ адрозніваецца ад слова, словазлучэння функцыямі — прызначэннем, роляй у мове.
Асноўныя прыметы сказа наступныя:
• сэнсавая завершанасць;
• інтанацыйная завершанасць;
• граматычная аформленасць;
• мадальнасць — адносіны зместу выказвання да рэчаіснасці. Гэта азначае, што падзеі, факты, пра якія паведамляецца, існуюць (існавалі, будуць існаваць) як рэальныя, магчымыя або пажаданыя. Напрыклад: Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь. Паэт яшчэ напіша цудоўныя вершы пра родную зямлю. Схадзіў бы ты, сынку, да бабулі, праведаў бы яе.
Сказу ўласцівы камунікатыўная, інфармацыйная, назыўная, тэкстаўтваральная функцыі і функцыя ўздзеяння.
1. Камунікатыўная — галоўная функцыя сказа, якая рэалізуецца ў зносінах паміж людзьмі ў працэсе абмену думкамі.
2. Інфармацыйная функцыя азначае, што ў працэсе зносін перадаецца пэўная інфармацыя.
3. Назыўная функцыя заключаецца ў тым, што сказ, у адрозненне ад слова і словазлучэння, называе не асобны прадмет ці з’яву, а падзею, сітуацыю, факт.
4. Тэкстаўтваральная функцыя заключаецца ў здольнасці сказа ўдзельнічаць у арганізацыі тэксту, яго структурна-сэнсавых частак. Сказ выступае камунікатыўным цэнтрам, вакол якога разгортваецца выказванне.
5. Функцыя ўздзеяння рэалізуецца праз выражэнне волевыяўлення, пачуццяў, эмоцый таго, хто гаворыць: Ну і характар!