Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 23:22

Сказ, асноўныя прыметы сказа

Сказ — сінтаксічная адзінка, арганізаваная сэнсава, інтанацыйна і граматычна, якая дапамагае аформіць і выказаць пэўную думку. Сказ адрозніваецца ад слова, словазлучэння функцыямі — прызначэннем, роляй у мове.
Асноўныя прыметы сказа наступныя:
• сэнсавая завершанасць;
• інтанацыйная завершанасць;
• граматычная аформленасць;
• мадальнасць — адносіны зместу выказвання да рэчаіснасці. Гэта азначае, што падзеі, факты, пра якія паведамляецца, існуюць (існавалі, будуць існаваць) як рэальныя, магчымыя або пажаданыя. Напрыклад: Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь. Паэт яшчэ напіша цудоўныя вершы пра родную зямлю. Схадзіў бы ты, сынку, да бабулі, праведаў бы яе.
Сказу ўласцівы камунікатыўная, інфармацыйная, назыўная, тэкстаўтваральная функцыі і функцыя ўздзеяння.
1. Камунікатыўная — галоўная функцыя сказа, якая рэалізуецца ў зносінах паміж людзьмі ў працэсе абмену думкамі.
2. Інфармацыйная функцыя азначае, што ў працэсе зносін перадаецца пэўная інфармацыя.
3. Назыўная функцыя заключаецца ў тым, што сказ, у адрозненне ад слова і словазлучэння, называе не асобны прадмет ці з’яву, а падзею, сітуацыю, факт.
4. Тэкстаўтваральная функцыя заключаецца ў здольнасці сказа ўдзельнічаць у арганізацыі тэксту, яго структурна-сэнсавых частак. Сказ выступае камунікатыўным цэнтрам, вакол якога разгортваецца выказванне.
5. Функцыя ўздзеяння рэалізуецца праз выражэнне волевыяўлення, пачуццяў, эмоцый таго, хто гаворыць: Ну і характар!

Практыкаванне 1

Прачытайце прыказкі. Пра якія функцыі сказа, мовы ідзе гаворка ў  народных выслоўях? Выпішыце прыказкі, у якіх найбольш выразна, на вашу думку, народны вопыт адлюстраваў асноўныя функцыі мовы.

1. Язык і да Кіева давядзе. 2. Невядомая дарога на канцы языка. 3. Добрае слова далёка чуваць. 4. Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе. 5. Ласкавае слова — што дзень ясны. 6. Словы — гужы, за сэрца цягнуць. 7. Рана загоіццас, злое слова — ніколі. 8. Хто болей знае, той болей пытае. 9. За папы́т не будзеш біт. 10. Пустая гаворка не пагаворка. 11. Што аб тым гаварыць, чаго не мае быць. 12. Які розум, такая ім гаворка. 13. Якое пытанне, такі і адказ. 14. Яна загаворыць, як у званок зазвоніць, яна заспяваеф, як на скрыпцы зайграес  запісаў А. Каўруса).

Зрабіце поўны сінтаксічны разбор двух простых сказаў (гл. § 0-4, практ. 4).

Практыкаванне 2

Прачытайце ўрывак з артыкула В. Віткі. Наколькі, на вашу думку, аўтар справядлівы ў сваіх разважаннях? Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.

Разбурэнне сям’і — адно з самых вялікіх няшчасцяў для нас, славян. Цынічнае развянчанне самойм ідэі святасці сям’і — бяда ў сто разоў, у тысячу разоў горшая, чым некаторыя думаюцьс. Без стабільнай сям’і не можа быць стабільнага грамадства. За развалам сям’і стаіць развал яго сацыяльных і маральных асноў, развал будучыні, бо гэта — катастрафічны ўдар па дзецях, па іх кволых душах і сэрцах. «Ой, як ён перабольшвае, як празмерна абагульняе!» — прадбачу я пярэчаннісл і нязгоду. Быў бы шчаслівы, каб мае трывогі аказаліся перабольшанымі. Але — на жаль, на жаль! Рэальнасць гаворыць, што трывогу трэба біць яшчэ мацней.

Выпішыце з тэксту словы, якія адпавядаюць наступным арфаграфічным правілам беларускай мовы: «Правапіс падоўжаных зычных», «Правапіс галосных е, ё, я», «Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах», «Правапіс суфіксаў дзеясловаў», «Правапіс спалучэнняў зычных». Запішыце па 3-4 уласныя прыклады на кожнае правіла. Вусна ўзнавіце змест правіл.

У з о р: перабольшвае, сям’я; зеленаваты, лесавік, ляснік, леснічоўка (правапіс галосных е, ё, я).

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст, вызначце яго тэму і асноўную думку. Выпішыце апорныя словазлучэнні. На іх аснове сцісла перадайце змест тэксту з дапамогай простых сказаў.

Знакамітыя людзі заўсёды бачылі прызначэнне мовы і культуры ў тым, каб гуманізаваць свет і адносіны людзей у ім. Гэта магчыма тады, калі ўсё грамадства, кожны чалавек павернецца да вопыту продкаў, навучыцца ўспрымаць, асэнсоўваць, ацэньваць і ўжываць роднае слова, усведамляць яго спрадвечнае прызначэнне — узвышаць чалавека, яго думкі, пачуцці і ўчынкі.
П. А. Вяземскі пісаў: «Слова дадзена ад Бога чалавеку на дабро, дзеля таго, каб людзі разумелі адзін аднаго, спачувалі і дапамагалі бліжнім». Словам нашы продкі лячылі хваробы, бараніліся ад лютага звера, дрэнных людзей і ліхога вока, дамаўляліся з непрыяцелем. Наша пакаленне занядбала роднае слова, прынізіла яго аўтарытэт у грамадстве, навуцы, педагогіцы, палітыцы і гаспадарчым жыцці, абмежавала сферу ўжывання вёскай і сялянскай хатай, зрабіла прадметам спекуляцыйных групавых спрэчак. Прыйшоў час накіраваць сілу роднага слова на службу згодзе і братэрству, дружалюбнасці паміж людзьмі і народамі, нацыямі і дзяржавамі.
Добра, калі ў калектыве і краіне кожны грамадзянін пастаянна адчувае прыхільныя адносіны з боку сваіх суайчыннікаў, калі ён выхаваў патрэбу і звычку выкарыстоўваць роднае слова з мэтай узвышанага, высакароднага і прыгожага (В. Протчанка).

Выпішыце з тэксту назоўнікі ў форме меснага склону. Растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў.
Знайдзіце ў тэксце назоўнік, утвораны прыставачна-суфіксальным спосабам.
Выпішыце слова, якое ілюструе правіла «Правапіс галосных у складаных словах». Запішыце ўласныя прыклады.

Практыкаванне 4

Прачытайце. Прааналізуйце логіку разбору простага сказа. Дайце азначэнне выдзеленым лінгвістычным тэрмінам.

Парадак сінтаксічнага разбору простага сказа

1.Тып сказа паводле мэты выказвання: апавядальны, пытальны, пабуджальны.
2.Тып сказа паводле эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі: клічны, няклічны.
3.Тып сказа паводле наяўнасці галоўных членаў: аднасастáўны, двухсастáўны.
4.Тып сказа паводле наяўнасці даданых членаў сказа: разві́ты, неразві́ты.
5.Тып сказа паводле структурнай абавязковасці членаў сказа: поўны, няпоўны.
6.Тып сказа паводле ўскладненасці/няўскладненасці: ускладнены (аднароднымі членамі сказа, адасобленымі членамі, звароткам, пабочнымі, устаўнымі канструкцыямі, параўнальнымі зваротамі), няўскладнены.
7.Характарыстыка граматычнай асновы.
8.Характарыстыка даданых членаў сказа саставу дзейніка і выказніка.
9.Графічны разбор сказа.

Сказ просты, апавядальны, няклічны, двухсастаўны, развіты, поўны, ускладнены аднароднымі азначэннямі.
Граматычная аснова: дзейнік вятры выражаны назоўнікам мужчынскага роду ў форме назоўнага склону множнага ліку; выказнік адшумелі — просты дзеяслоўны, выражаны дзеясловам у форме абвеснага ладу прошлага часу множнага ліку; даданыя члены сказа саставу дзейніка: неспакойныя, трывожныя (вятры) — дапасаваныя аднародныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі ў форме множнага ліку назоўнага склону; даданыя члены сказа саставу выказніка: (адшумелі) час — дапаўненне, выражанае назоўнікам мужчынскага роду ў форме вінавальнага склону адзіночнага ліку; свой (час) — дапасаванае азначэнне, выражанае прыналежным займеннікам у форме адзіночнага ліку вінавальнага склону.

Мэта выказвання

Па мэце выказвання сказы падзяляюцца на апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя.
Апавядальныя сказы змяшчаюць у сабе паведамленне пра што-небудзь: Вераснёўскі вечар і сапраўды быў проста цудоўны (А. Аляшкевіч).
Пытальнымі сказамі перадаюцца пытанні: А хто там ідзе? (Я. Купала).
Пабуджальныя сказы выражаюць пабуджэнне да выканання дзеяння (просьбу, загад, параду, запрашэнне): Ну, ідзіце сабе на вуліцу! (А. Карпюк).
Сказы, у якіх паведамленне, пабуджэнне ці пытанне гучыць эмацыянальна або ўрачыста, называюцца клічнымі: О, раздолле сонцу! (Г. Марчук); А на сонца не глянуць! (Я. Хвалей).

Практыкаванне 5

Прачытайце. З прапанаванага тэксту выпішыце простыя сказы, зрабіце іх пісьмовы сінтаксічны разбор. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.

Зіма была побач, і аднойчы яна навалілася на зямлю снегавым покрывам. Раніцаю зацярушанаес снегам ласяня стрэсла яго з хрыбта і лёгкім крокам падалося карміцца. Снежны дыван быў вытканым ўзорамі-слядамі рознай лясной жыўнасці. Дробная мышыная вязь пераплялася з адбіткамі задніх заечыхф ног, кіпцюрыстымі ямачкамі ад ласкі (Д. Нічыпаровіч).

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Запішыце. Падкрэсліце галоўныя члены ў сказах. Ахарактарызуйце ўсе сказы (просты/складаны); простыя сказы, у тым ліку простыя сказы ў складзе складаных (двухсастаўны/аднасастаўны, поўны/няпоўны, развіты/неразвіты).

Снітка

Снітка лічыцца злосным пустазеллем. Яна разрастаецца імгненна і засцілае агародчык. Калі снітка паселіцца на вашай клумбе, то наўрад ці яе выведзеш адтуль. Аднак мала хто сёння ведае, што снітка смачная! Нездарма ў ранейшыя часы гэта трава называлася «снедзь». Што толькі з яе ні рабілі нашы продкі. Дадавалі сырую ў салаты, начынялі ў сумесі са шчаўем піражкі, гатавалі шыкоўны зялёны боршч са сніткай і крапівой, салілі на зіму. І ўсё гэта трэба было зрабіць, пакуль лісцікі яшчэ не поўнасцю разгарнуліся, пакуль яны зусім маладзенькія. А колькі вітамінаў утрымлівае снітка! (Паводле Л. Мятлеўскай).

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту. Выпішыце ўскладненыя сказы. Вызначце, чым яны ўскладнены.

У народнай падсвядомасці яшчэ жыве памяць пра магутных волатаў. Але асілкамі не нараджаюцца. Імі становяцца. Як, да прыкладу, стаў ім беларус Вячаслаў Харанека. У яго спартыўных заслугах больш за 160 сусветных рэкордаў па экстрэмальным падняцці цяжкасцей. Ён працуе з гірамі, гантэлямі, бочкамі, аўтамабілямі і іншымі цяжкімі рэчамі. Вячаслаў заваяваў усе магчымыя і немагчымыя ўзнагароды. Многія з яго дасягненняў не здольны паўтарыць ніхто ў свеце. Але Вячаслава Харанеку называюць у свеце ўсё ж такі каралём гір. Чаму? Асаблівасцямі яго чалавечай натуры з’яўляюцца шматразовае паўтарэнне пройдзенага, фізічная трываласць і моцная воля. А гэтыя якасці якраз і патрэбны пры занятках гіравым спортам. Магчыма, таму яму ўдаецца куляцца спінай назад праз галаву па дзесяціметровай дарожцы і ўтрымліваць пры гэтым у выцягнутай левай руцэ гіру вагою ў 32 кг. А яшчэ беларускі волат можа, седзячы на шпагаце, на працягу 5 хвілін падняць правай рукой 66 разоў тую ж 32-кілаграмовую гіру. Нездарма ён патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса (Паводле І. Занеўскай).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра рэкорды В. Харанекі.

Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Паслухаем мовазнаўцаў

ПАРАДАК СЛОЎ

Парадак слоў у сказе часцяком не адпавядае парадку сэнсавых элементаў у ім. Тады ўзнікаюць двухсэнсоўныя выказванні, якія не заўсёды можна зразумець належным чынам. Менавіта такой з’яўляецца фраза: Апошнім быў прадэманстраваны фільм пра вайну нашых кінадакументалістаў. Здаровы сэнс падказвае, што ваявалі не кінадакументалісты, а нехта іншы. А раптам?.. Сказана ж двухсэнсоўна. А ў такім прыкладзе, як Яму трэба пазваніць, без перапытвання ўвогуле не ўцяміш, хто каму мусіць тэлефанаваць. Мова дае мноства магчымасцей пазбягаць непатрэбнай неадназначнасці. Не трэба грэбаваць імі. Можна ж было напісаць і так: Фільм нашых дакументалістаў пра вайну быў прадэманстраваны апошнім (А. Я. Міхневіч, Л. П. Кунцэвіч, Ю. В. Назаранка).



Практыкаванне 8

Прачытайце сказы, выдзяляючы лагічным націскам розныя члены сказаў. Задайце пытанні да кожнага варыянта прачытаных сказаў.

1.Учора мы ездзілі на выставу выцінанкі.
2.Я перагледзеў фільм свайго дзяцінства.
3.Алена запісала рэцэпт пірага з капустай.
4.Праз месяц сустрэнемся ў бабулі.
5.Дзяўчаты нашага класа падрыхтавалі прэзентацыю для семінара па беларускай літаратуры.

Практыкаванне 9

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з асноўнай думкай. Вызначце тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыі.

Ці ведаеце вы пра ліхтаршчыкасл і газавыя ліхтары на вуліцы Савецкай у Брэсце? У любую пару года па вечарах на гэтай вуліцы збіраюцца турысты з фотаапаратамі і ганяюцца ад ліхтара да ліхтара за легендарнай гарадской асобай — ліхтаршчыкам Віктарам Кірысюком. Ён запальвае газавыя ліхтары. Ёсць на вуліцы Савецкай нават спецыяльным гадзіннік. Ён паказвае час з’яўлення ліхтаршчыка! Сярод славутасцей сучаснага Брэста значыцца Алея каваных ліхтароў. Кожны ліхтар на ёй — гэта адметны арт-аб’ект, са сваёй ідэяй і задумкай. Ініцыятарам устаноўкі мастацкіх ліхтароў (іх амаль 50) стаў вядомы брэсцкі скульптар і каваль Аляксандр Чумакоў. Многія са скульптур вырабіў ён сам. Ліхтары вельмі розныя — з глобусам, мальбертам, ліхтар-пажарнік, ліхтар-каваль, ліхтар — чысцільшчык абутку, ёсць нават ліхтар-карэта. Прагуляйцеся вечарам па Алеі каваных ліхтароў. Ад прагулкі сярод іскрыстых «ліхтарных» скульптур з’яўляюцца надзвычайны настрой і невымоўнае адчуванне!  (Паводле А. Цярэнцьевай).

Раскрыйце значэнні слоў ініцыятар, каваль.