|
Сказ — сінтаксічная адзінка, арганізаваная сэнсава, інтанацыйна і граматычна, якая дапамагае аформіць і выказаць пэўную думку. Сказ адрозніваецца ад слова, словазлучэння функцыямі — прызначэннем, роляй у мове. Асноўныя прыметы сказа наступныя: • сэнсавая завершанасць; • інтанацыйная завершанасць; • граматычная аформленасць; • мадальнасць — адносіны зместу выказвання да рэчаіснасці. Гэта азначае, што падзеі, факты, пра якія паведамляецца, існуюць (існавалі, будуць існаваць) як рэальныя, магчымыя або пажаданыя. Напрыклад: Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь. Паэт яшчэ напіша цудоўныя вершы пра родную зямлю. Схадзіў бы ты, сынку, да бабулі, праведаў бы яе. Сказу ўласцівы камунікатыўная, інфармацыйная, назыўная, тэкстаўтваральная функцыі і функцыя ўздзеяння. 1. Камунікатыўная — галоўная функцыя сказа, якая рэалізуецца ў зносінах паміж людзьмі ў працэсе абмену думкамі. 2. Інфармацыйная функцыя азначае, што ў працэсе зносін перадаецца пэўная інфармацыя. 3. Назыўная функцыя заключаецца ў тым, што сказ, у адрозненне ад слова і словазлучэння, называе не асобны прадмет ці з’яву, а падзею, сітуацыю, факт. 4. Тэкстаўтваральная функцыя заключаецца ў здольнасці сказа ўдзельнічаць у арганізацыі тэксту, яго структурна-сэнсавых частак. Сказ выступае камунікатыўным цэнтрам, вакол якога разгортваецца выказванне. 5. Функцыя ўздзеяння рэалізуецца праз выражэнне волевыяўлення, пачуццяў, эмоцый таго, хто гаворыць: Ну і характар!
|