§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі

1. Прычыны, характар і мэты войны

Кропкамі адліку германскай магутнасці сталі перамога Прусіі ў франка-прускай вайне і аб’яднанне ўсіх германскіх зямель у адзіную дзяржаву. З таго часу Германія прэтэндавала на палітычнае і эканамічнае панаванне ў Еўропе, паколькі каланіяльны падзел свету быў ужо завершаны, а неабходныя ёй рэсурсы на еўразійскім кантыненце знаходзіліся толькі ў Расіі. Вядомы французскі гісторык Ж.-А. Суту ў сваёй працы «Золата і кроў. Эканамічныя мэты Першай сусветнай вайны» (1989) паказаў, што Цэнтральная Еўропа паглынала ў 1913 г. толькі 50 % нямецкага экспарту і змагла пакрыць усяго толькі 30 % імпарту Германіі. Германія не змагла б набыць у Цэнтральнай Еўропе шэраг жыццёва неабходных для яе эканомікі тавараў, у тым ліку бавоўну, нафту і г. д. Важнейшыя рэсурсы можна было знайсці толькі ва ўсходнім накірунку — у Расіі.

У сярэдзіне 1960—1970-х гг. былі апублікаваны працы заходнегерманскага гісторыка Ф. Фішара «Рывок да сусветнага панавання» і «Змова эліт». У іх вучоны паказаў, што германская знешняя палітыка з канца XIX ст. мела асабліва агрэсіўны характар з прычыны позняга ўваходжання краіны ў кола вялікіх дзяржаў і пошуку «месца пад сонцам». Германія Вільгельма II была носьбітам дакладна распрацаванага стратэгічнага плана, у аснове якога ляжала ідэя стварэння пад эгідай Германіі шырокай эканамічнай прасторы у Цэнтральнай Еўропе.

Ф. Фішар узняў пытанне аб гістарычнай пераемнасці Кайзераўскай Германіі, Веймарскай рэспублікі і фашысцкай Германіі. Ён сцвярджаў, што Германія задоўга да Першай сусветнай вайны выношвала планы сусветнага панавання, і адводзіў ёй ролю галоўнага, калі не адзінага, віноўніка развязвання вайны. Такім чынам, сапраўдныя мэты і задачы знешняй палітыкі Германіі не выклікаюць сумненняў.

Францыя ж хацела аднавіць свой ранейшы ўплыў і вярнуць страчаныя ў 1871 г. Эльзас і Латарынгію. Яна імкнулася любой цаной захаваць свае калоніі, у прыватнасці Паўночную Афрыку.

Галоўная мэта Вялікабрытаніі заключалася ў захаванні і ўзмацненні свайго ўплыву ў свеце. Яна ўсімі сіламі імкнулася ўцягнуць у ваенны канфлікт Германію і Расію і такім чынам аслабіць гэтыя дзяржавы.

Расійская імперыя не мела ярка выражаных інтарэсаў. У прыватнасці, яна настойвала на пераглядзе на сваю карысць рэжыму кантролю над пралівам Дарданелы. Паводле дагавора 1841 г. толькі турэцкім ваенным караблям дазвалялася проходзіць праз праліў. У ходзе бесперапынных сакрэтных перамоў, якія працягнуліся ў час Першай сусветнай вайны, Расія атрымала ад сваіх саюзнікаў згоду на захоп Стамбула, што аўтаматычна забяспечвала ёй кантроль над пралівамі Басфор і Дарданелы паміж Чорным і Міжземным морамі і ліквідацыю Асманскай імперыі. Аднак усе гэтыя задумы аказаліся нерэалізаванымі з прычыны рэвалюцыйных падзей у Расіі 1917 г.

Землі Балканскага паўвострава, на якіх жылі славянскія народы, уваходзілі ў склад Асманскай і Аўстрыйскай імперый і з пачаткам нацыянальна-вызваленчага руху ператварыліся ў «парахавую бочку» Еўропы. Не выпадкова нагодай для развязвання Першай сусветнай вайны сталі падзеі на Балканах — забойства наследніка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда і яго жонкі 28 чэрвеня 1914 г. Г. Прынцыпам (арганізацыя «Млада Босна»).