Печатать книгуПечатать книгу

§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі

Ключавая ідэя: па сваіх непасрэдных і адкладзеных выніках, па глыбіні ўздзеяння на развіццё сучаснага грамадства Першая сусветная вайна не мела сабе роўных ва ўсёй папярэдняй гісторыі чалавецтва.

Першая сусветная вайна — адна з буйнейшых у гісторыі чалавецтва. У ёй удзельнічала 38 дзяржаў. Два ваенна-палітычныя блокі, якія ствараліся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, супрацьстаялі адзін аднаму. З аднаго боку гэта былі краіны Антанты — Англія, Францыя і Расія, з іншага — Германія, Аўстра-Венгрыя і іх саюзнікі — Цэнтральныя дзяржавы. Ваенныя дзеянні ішлі на сушы на тэрыторыі двух кантынентаў (Еўразія і Афрыка) і на моры. На палях бітваў ваявала каля 70 млн чалавек. Вынікамі вайны сталі гібель каля 10 млн чалавек, вялікія матэрыяльныя страты ўсіх краін, якія ваявалі. Вайна так і не вырашыла ўсіх супярэчнасцей паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі, а стала перадумовай для новай, яшчэ больш страшнай і разбуральнай Другой сусветнай вайны.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 2 Июнь 2025, 18:25

1. Прычыны, характар і мэты войны

Кропкамі адліку германскай магутнасці сталі перамога Прусіі ў франка-прускай вайне і аб’яднанне ўсіх германскіх зямель у адзіную дзяржаву. З таго часу Германія прэтэндавала на палітычнае і эканамічнае панаванне ў Еўропе, паколькі каланіяльны падзел свету быў ужо завершаны, а неабходныя ёй рэсурсы на еўразійскім кантыненце знаходзіліся толькі ў Расіі. Вядомы французскі гісторык Ж.-А. Суту ў сваёй працы «Золата і кроў. Эканамічныя мэты Першай сусветнай вайны» (1989) паказаў, што Цэнтральная Еўропа паглынала ў 1913 г. толькі 50 % нямецкага экспарту і змагла пакрыць усяго толькі 30 % імпарту Германіі. Германія не змагла б набыць у Цэнтральнай Еўропе шэраг жыццёва неабходных для яе эканомікі тавараў, у тым ліку бавоўну, нафту і г. д. Важнейшыя рэсурсы можна было знайсці толькі ва ўсходнім накірунку — у Расіі.

У сярэдзіне 1960—1970-х гг. былі апублікаваны працы заходнегерманскага гісторыка Ф. Фішара «Рывок да сусветнага панавання» і «Змова эліт». У іх вучоны паказаў, што германская знешняя палітыка з канца XIX ст. мела асабліва агрэсіўны характар з прычыны позняга ўваходжання краіны ў кола вялікіх дзяржаў і пошуку «месца пад сонцам». Германія Вільгельма II была носьбітам дакладна распрацаванага стратэгічнага плана, у аснове якога ляжала ідэя стварэння пад эгідай Германіі шырокай эканамічнай прасторы у Цэнтральнай Еўропе.

Ф. Фішар узняў пытанне аб гістарычнай пераемнасці Кайзераўскай Германіі, Веймарскай рэспублікі і фашысцкай Германіі. Ён сцвярджаў, што Германія задоўга да Першай сусветнай вайны выношвала планы сусветнага панавання, і адводзіў ёй ролю галоўнага, калі не адзінага, віноўніка развязвання вайны. Такім чынам, сапраўдныя мэты і задачы знешняй палітыкі Германіі не выклікаюць сумненняў.

Францыя ж хацела аднавіць свой ранейшы ўплыў і вярнуць страчаныя ў 1871 г. Эльзас і Латарынгію. Яна імкнулася любой цаной захаваць свае калоніі, у прыватнасці Паўночную Афрыку.

Галоўная мэта Вялікабрытаніі заключалася ў захаванні і ўзмацненні свайго ўплыву ў свеце. Яна ўсімі сіламі імкнулася ўцягнуць у ваенны канфлікт Германію і Расію і такім чынам аслабіць гэтыя дзяржавы.

Расійская імперыя не мела ярка выражаных інтарэсаў. У прыватнасці, яна настойвала на пераглядзе на сваю карысць рэжыму кантролю над пралівам Дарданелы. Паводле дагавора 1841 г. толькі турэцкім ваенным караблям дазвалялася проходзіць праз праліў. У ходзе бесперапынных сакрэтных перамоў, якія працягнуліся ў час Першай сусветнай вайны, Расія атрымала ад сваіх саюзнікаў згоду на захоп Стамбула, што аўтаматычна забяспечвала ёй кантроль над пралівамі Басфор і Дарданелы паміж Чорным і Міжземным морамі і ліквідацыю Асманскай імперыі. Аднак усе гэтыя задумы аказаліся нерэалізаванымі з прычыны рэвалюцыйных падзей у Расіі 1917 г.

Землі Балканскага паўвострава, на якіх жылі славянскія народы, уваходзілі ў склад Асманскай і Аўстрыйскай імперый і з пачаткам нацыянальна-вызваленчага руху ператварыліся ў «парахавую бочку» Еўропы. Не выпадкова нагодай для развязвання Першай сусветнай вайны сталі падзеі на Балканах — забойства наследніка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда і яго жонкі 28 чэрвеня 1914 г. Г. Прынцыпам (арганізацыя «Млада Босна»).

2. Заходні і Усходні франты

28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Ваенны стратэгічны план Германіі, распрацаваны яшчэ ў 1905 г. пад кіраўніцтвам генерала А. Шліфена, прадугледжваў кароткачасовую «маланкавую вайну» на Заходнім фронце. Галоўным для нямецкага камандавання было не дапусціць вайны на два франты, таму Германія ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала ад Расіі прыпыніць мабілізацыю і, не дачакаўшыся адказу, аб’явіла ёй вайну 1 жніўня 1914 г. Затым прад’явіла ўльтыматум Бельгіі, запатрабаваўшы бесперашкоднага праходу для сваіх войскаў да французскай мяжы. Трэцяга жніўня была аб’яўлена вайна Францыі. Як толькі нямецкія войскі перайшлі бельгійскую мяжу, Вялікабрытанія аб’явіла 4 жніўня вайну Германіі, што для Вільгельма II было абсалютнай нечаканасцю. Праз два дні вайну Расіі і Бельгіі аб’явіла Аўстра-Венгрыя.

Расія пачала ваенныя дзеянні і захапіла амаль усю Усходнюю Прусію, не скончыўшы мабілізацыю. Немцам давялося здымаць войскі з Заходняга фронту, Парыж быў выратаваны ад немцаў, хаця рускія войскі ў выніку былі разбітыя. Германіі давялося ваяваць на два франты, план «маланкавай вайны» праваліўся.

Адначасова з Усходне-прускай аперацыяй разгортвалася Галіцыйская бітва (жнівень — верасень 1914 г.). Руская армія захапіла Львоў, аднак для далейшага прасоўвання на Кракаў не хапала мабілізацыйных рэсурсаў і боепрыпасаў. Праблема з боепрыпасамі ў рускай арміі была вырашана толькі ў 1916 г. Пасля Галіцыйскай бітвы ў сувязі з вялізнымі стратамі войскі Аўстра-Венгрыі на доўгі час страцілі баяздольнасць.

У ходзе Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацый у кастрычніку — лістападзе 1914 г. пагроза ўварвання рускай арміі ў Германію была знята, фронт зафіксаваны на польскай тэрыторыі. У выніку кампаніі 1914 г. намецілася перавага на карысць Антанты, але праціўнікі былі абяскроўленыя і перайшлі да пазіцыйнай вайны.

У вайну на баку Германіі ў кастрычніку 1914 г. уступіла Турцыя, у верасні 1915 г. — Балгарыя, у красавіку 1915 г. — Італія. Утварыліся новыя франты ў Закаўказзі, Месапатаміі, Сірыі, Дарданелах і на поўдні Еўропы.

Саюзніцкія абавязацельствы паміж Асманскай імперыяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у выпадку вайны ў Еўропе былі ўсталяваны тайным германа-турэцкім пагадненнем ад 20 ліпеня 1914 г. Істотнае значэнне для ходу вайны мела прысутнасць у зоне баявых дзеянняў хрысціянскага насельніцтва (армяне, асірыйцы), якое варожа ставілася да турэцкіх улад. У канцы 1914 — пачатку 1915 г. рускай Каўказскай арміі ўдалося сарваць планы Асманскай імперыі па захопе Паўночнай Персіі і расійскага Закаўказзя. Туркі захапілі Тэбрыз, але не змаглі яго ўтрымаць. Пад ударамі рускіх войскаў яны былі выціснуты з Персіі, пасля чаго баявыя дзеянні перайшлі на турэцкую тэрыторыю. Ваенныя дзеянні 1915—1916 гг. прывялі да далейшага прасоўвання рускіх войскаў углыб асманскай тэрыторыі.

Баявыя дзеянні ў ходзе вайны на Каўказскім фронце суправаджаліся рэзкім абвастрэннем міжканфесійных і міжэтнічных адносін на тэрыторыі Асманскай імперыі, што вылілася ў арганізаванае турэцкімі ўладамі масавае знішчэнне і дэпартацыю хрысціянскага насельніцтва (генацыд армянаў, асірыйцаў, пантыйскіх грэкаў).

У кампаніі 1915 г. Германія сканцэнтравала ўсе войскі на рускім фронце з мэтай вывесці Расію з вайны, паколькі ваяваць на два франты яна не мела дастатковай моцы. У пачатку 1915 г. у яе была значная перавага над Расіяй у тэхніцы: у 2,5 разы ў кулямётах, у 4,5 разы ў лёгкай артылерыі і ў 40 разоў у цяжкай артылерыі. Акрамя гэтага Германія мела разгалінаваную чыгуначную сетку, што забяспечвала манеўранасць нямецкіх войскаў паміж Усходнім і Заходнім франтамі. Да таго ж у нямецкай арміі былі жалезная дысцыпліна і выдатна навучаная пяхота, а Расія сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі.

Пасля кровапралітных бітваў 1914 г. сур’ёзна пацярпеў кадравы склад салдат і афіцэраў рускай арміі. Страты папаўняліся за кошт кепска навучаных навабранцаў, як правіла, з сялян. Назіраліся праблемы з пастаўкамі ўзбраення і рыштунку. На працягу вайны расійская прамысловасць не здолела забяспечыць патрэбы войскаў у стралковай зброі — вінтоўках і кулямётах. Войскі мелі патрэбу ў боепрыпасах — катастрафічна не хапала вінтовачных патронаў і снарадаў. Урад замаўляў іх за межамі на часта нявыгадных умовах. Расійская кавалерыя, на якую ўскладаліся вялікія спадзяванні, ва ўмовах пазіцыйнай, «акопнай» вайны фактычна аказалася бескарыснай.

У ходзе нямецкага наступлення 1915 г. Расія страціла прамыслова развітыя заходнія правінцыі, што адмоўна адбілася на забеспячэнні 10-мільённай рускай арміі. 25 % лакаматыўнага парку выйшла са строю альбо было захоплена праціўнікам. На Заходнім фронце ішла вялая пазіцыйная вайна, што добра апісана нямецкім пісьменнікам Э. М. Рэмаркам у рамане «На Заходнім фронце без перамен» (1929).

У пачатку 1916 г. немцы актывізавалі свае дзеянні на Заходнім фронце. У выніку знясільваючых баёў у раёне Вердэна (Латарынгія) 21 лютага — 18 снежня 1916 г. абодва бакі страцілі каля 1 млн чалавек. Парыж зноў быў выратаваны рускай арміяй, паколькі ў маі 1916 г. пачалося новае наступленне на Усходнім фронце — Брусілаўскі прарыў, наступальная аперацыя рускіх войскаў пад камандаваннем А. А. Брусілава.

Між тым у лютым 1917 г. Германія разгарнула неабмежаваную падводную вайну супраць Вялікабрытаніі з мэтай знішчэння брытанскага гандлю, каб замарыць брытанцаў голадам, паколькі краіна ў вялікай ступені залежала ад імпарту прадуктаў харчавання. Нямецкія падводныя лодкі дзейнічалі вельмі паспяхова і нанеслі значную шкоду брытанскаму ваенна-марскому флоту. Гэтыя абставіны паскорылі ўступленне ў вайну Злучаных Штатаў.

3. ЗША ў Першай сусветнай вайне. Завяршальны этап вайны (1917—1918)

Пасля пачатку вайны ЗША доўгі час захоўвалі нейтралітэт, матывуючы яго сваёй знешняй міралюбнай палітыкай. У сапраўднасці такая пазіцыя не азначала, што яны не рыхтаваліся да ўдзелу ў буйнейшым міжнародным канфлікце, проста Злучаныя Штаты чакалі зручнага моманту. Ім было выгадна аслабленне ўсіх буйнейшых дзяржаў — удзельніц сусветнай вайны, бо галоўная мэта ЗША заключалася ва ўсталяванні іх вяршэнства ў Еўропе, прычым найбольш бяскроўным чынам, у адрозненне ад іх канкурэнтаў, якія рабілі гэта з дапамогай зброі.

У якасці нагоды для ўступлення ў сусветны канфлікт ЗША выкарысталі падводную вайну, якую Германія аб’явіла спачатку брытанцам, а пасля ўсім астатнім саюзнікам. Сёмага мая 1915 г. нямецкія падводныя лодкі патапілі недалёка ад берагоў Вялікабрытаніі брытанскі трансатлантычны пасажырскі параход «Лузітанія», на борце якога знаходзілася больш за сто амерыканскіх грамадзян. Гэтая трагічная падзея моцна змяніла грамадскае меркаванне амерыканцаў наконт уступлення ў вайну. У пачатку 1917 г. нямецкія падводнікі патапілі некалькі амерыканскіх караблёў. У адказ Кангрэс Злучаных Штатаў 6 красавіка 1917 г. аб’явіў аб пачатку ваенных дзеянняў супраць Германіі.

Па вайсковым прызыве ў ЗША быў мабілізаваны 1 млн чалавек. Амерыканскія салдаты прынялі ўдзел у баях на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў. Усяго Злучаныя Штаты страцілі ў баявых дзеяннях больш за 100 тыс. чалавек. Але галоўнай была эканамічная дапамога саюзнікам. За гады вайны ЗША ператварыліся ў буйнейшага крэдытора Англіі і Францыі. З уступленнем ЗША ў вайну ў Германіі і яе саюзнікаў не засталося шанцаў на перамогу.

У 1917 г. на Заходнім фронце германскае камандаванне прытрымлівалася абароннай тактыкі. Аднак ваенныя дзеянні Антанты ў цэлым былі беспаспяховымі. Веснавое наступленне французскіх войскаў у раёне г. Араса завяршылася іх поўным разгромам, страты саюзнікаў склалі звыш 200 тыс. чалавек. Чэрвеньскае наступленне рускай арміі, або «наступленне Керанскага», на львоўскім накірунку таксама было няўдалым з-за рэзкага падзення дысцыпліны ў рускіх войсках. Гэта было апошняе наступленне рускай арміі ў Першай сусветнай вайне. Пацярпела паражэнне восенню пры Капарэта і італьянская армія (больш за 130 тыс. салдат забіта або паранена).

Вялізны ўплыў на развіццё падзей зрабіла Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі. Урад Савецкай Расіі заклікаў ваюючыя бакі спыніць вайну і заключыць мір без анексій і кантрыбуцый. Краіны Антанты адмовіліся весці перамовы аб міры. Германія і Аўстра-Венгрыя згадзіліся на мірныя перамовы, якія пачаліся ў снежні 1917 г. Трэцяга сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску бальшавіцкі ўрад падпісаў рабаўніцкі мір з Германіяй і яе саюзнікамі, па якім Расія губляла каля 1 млн км2 тэрыторыі.

Ва ўмовах адсутнасці Усходняга фронту германскае камандаванне зладзіла ў сакавіку — чэрвені 1918 г. чатыры контрнаступленні. Задача заключалася ў тым, каб разбіць англа-французскія войскі да прыбыцця буйнога падмацавання з ЗША. Нямецкія войскі мелі частковы поспех, коштам вялікіх страт яны прасунуліся на адлегласць у 70 км ад Парыжа, але дасягнуць стратэгічнай мэты — разграміць сілы Антанты — не здолелі.

У ліпені 1918 г. пачалося контрнаступленне французскіх, а затым і саюзных войскаў. Нямецкія войскі выціскаліся з тэрыторыі Францыі. Завяршаючым акордам Першай сусветнай вайны стала верасеньскае генеральнае наступленне франка-амерыканскіх войскаў па ўсім Заходнім фронце. Пачалося разлажэнне нямецкай арміі, накшталт таго, як гэта адбылося з расійскай арміяй пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Германскі ўрад звярнуўся да прэзідэнта Вільсана з просьбай аб перамір’і. Адказ зацягнуўся на месяц, на працягу якога краіны — саюзніцы Германіі адна за адной выходзілі з вайны. Спачатку запрасіла перамір’я Балгарыя, затым капітулявала Турцыя. На шэраг незалежных нацыянальных дзяржаў развалілася Аўстра-Венгерская імперыя. У Германіі 9 лістапада адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, якая скінула манархію, пасля чаго краіна была аб’яўлена рэспублікай. У выніку 11 лістапада 1918 г. германская дэлегацыя падпісала ў Камп’енскім лесе пагадненне аб поўным спыненні ваенных дзеянняў. Першая сусветная вайна скончылася.

4. Вайна і грамадства

Першапачаткова вайна выклікала хвалю патрыятычных настрояў практычна ва ўсіх ваюючых краінах. Усім здавалася, што яна мае абарончы характар. Ніхто не думаў, што баявыя дзеянні зацягнуцца на доўгія чатыры гады. Але ўжо ў хуткім часе ў ваюючых краінах усё больш сталі адчувацца адмоўныя вынікі страшнай і разбуральнай вайны: гінулі мільёны людзей, пагаршалася эканамічнае становішча.

Пасля правалу стратэгіі бліцкрыгу і ўступлення вайны ў зацяжную фазу нямецкая эканоміка пачала працаваць з перабоямі. Прыпынілася грамадзянская прамысловая вытворчасць. З лютага 1915 г. у Германіі было ўведзена строгае размеркаванне прадуктаў харчавання, а ў 1916 г. — картачная сістэма. Зіма 1916—1917 гг. стала асабліва цяжкай. Немцы назвалі яе «бручкавай», паколькі з-за неўраджаю бульбы бручка стала асноўным прадуктам харчавання. Сучасніца пісала ў сваім дзённіку: «Мы галадаем… усяго 90 г тлушчу, 150 г мяса, 2000 г хлеба і адно яйка на тыдзень». У гарадах раз-пораз успыхвалі «галодныя бунты» і беспарадкі.

У 1916 г. у Германіі быў прыняты закон аб абавязковай працоўнай павіннасці для мужчын ад 17 до 60 гадоў. На ваенных заводах шырока выкарыстоўвалася жаночая і дзіцячая праца. З кожным годам ваенная прамысловасць адчувала ўсё большы дэфіцыт сыравіны і матэрыялаў.

Увосень 1916 г. і ў Расіі насельніцтва ўпершыню адчула цяжар вайны. Было мабілізавана 15 млн чалавек — каля 40 % працаздольных мужчын — і рэквізавана 2,5 млн коней. Пасяўныя плошчы зменшыліся на 12 %, збор хлеба — на 20 %, скараціліся пасевы бульбы. У 31 губерні была ўведзена харчразвёрстка. Пачаліся забастоўкі, антываенныя хваляванні ў вёсцы, у арміі, на ўскраінах. Вайна запатрабавала вялізных фінансавых выдаткаў, якія аплачаліся за кошт унутраных і знешніх (Англія і Францыя) пазык пад вялікія працэнты. Дзяржаўны доўг у параўнанні з даваенным узроўнем узрос у 4 разы. Цэны на асноўныя прадукты харчавання павысіліся ў 4—5 разоў. І ўсё же сітуацыя з харчаваннем у Расіі была нашмат лепшай, чым у Германіі. Сярэднямесячная зарплата рабочага ў 1917 г. дазваляла яму купіць 19 кг каровінага масла, або 62 кг мяса, або 735 кг нармальнага жытняга хлеба. З усіх слаёў расійскага грамадства ў найменшй ступені пацярпела буржуазія. Яна нажывалася на вайне, утрая даражэй прадаючы боепрыпасы і абмундзіраванне арміі.

У Вялікабрытаніі кіраванне прамысловасцю, якая выконвала заказы ваенных ведамстваў, перайшло да міністэрства абароны. Спецыяльны закон прадугледжваў усталяванне дзяржаўнага кантролю над вытворчасцю, транспартам, прэсай, а таксама забарону забастовак. У 1916 г. парламент прыняў закон аб абавязковай воінскай павіннасці (да гэтага армія фарміравалася на добраахвотнай аснове).

Пасля таго як Германія пачала неабмежаваную падводную вайну супраць Вялікабрытаніі з мэтай перарэзаць харчовы імпарт, сітуацыя ў краіне стала хутка пагаршацца. Па сведчанні сучасніка, у Лондане бульбу купіць было амаль немагчыма, цукар знік зусім. Харчовае пытанне з’яўлялася пытаннем выжывання краіны ва ўмовах ваеннага часу. Урад прыняў рашучыя меры — зрабіў больш жорсткім пакаранне для прыватных асоб, якія скуплялі прадукты ў вялікіх аб’ёмах, увёў прадуктовыя карткі, усяляк заахвочваў фермераў. Усё гэта прынесла адчувальныя вынікі. Акрамя таго, ужо да канца 1917 г. была зніжана «падводная пагроза», што дазволіла наладзіць дастаўку прадуктаў харчавання. У выніку Вялікабрытанія пазбегла голаду ў агульнанацыянальным маштабе.

У Францыі эканоміка таксама аказалася непадрыхтаванай да зацяжной вайны. У 1916 г. становішча ў краіне моцна пагоршылася. Вытворчасць збожжа скарацілася да 58 млн тон (пры патрэбе 68 млн тон). Абмежаванне імпарту ў сувязі з вайной спарадзіла крызіс практычна ва ўсіх галінах эканомікі, які суправаджаўся нарастаннем стачачнай барацьбы працоўных. Пагаршэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва, рост антываенных настрояў выклікалі ў краіне яшчэ большае абвастрэнне палітычнага крызісу. У лістападзе 1917 г. урад узначаліў Ж. Клемансо, які ўсталяваў рэжым дыктатуры ваеннага часу.

Занепакоеныя развіццём падзей, некаторыя выдатныя дзяржаўныя дзеячы шэрагу краін выступілі з за’явамі аб неабходнасці міру. Аднак у 1917 г. прыхільнікі вайны — буйныя манапалісты, палітыкі і вайскоўцы — атрымалі перамогу, і перамовы не адбыліся.

5. Новае аблічча вайны

У гады Першай сусветнай вайны шырока выкарыстоўвалася самая сучасная зброя: танкі, падводныя лодкі, цяжкія дальнабойныя гарматы. Ствараліся віды ўзбраенняў, пра якія людзі раней не мелі ўяўлення. Напрыклад, у бітве на рацэ Іпр (1915) германскім бокам упершыню была ажыццёўлена газавая атака, адкуль пазней і ўтварылася назва газу — іпрыт.

З’явіліся паветраныя войскі ўзброеных сіл, прадстаўленыя самалётамі, дырыжаблямі і паветранымі шарамі. У 1914 г. Расійская імперыя і Францыя выпусцілі прыкладна аднолькавую колькасць самалётаў. Яны былі першымі па выпуску аэрапланаў сярод краін Антанты, тым не менш адставалі ад Германіі ў 2,5 разы. Спачатку ў разведвальных мэтах, а пазней у якасці бамбардзіроўшчыкаў выкарыстоўваліся дырыжаблі. У 1914 г. Расія займала трэцяе месца ў свеце па колькасці дырыжабляў пасля Германіі і Францыі. У Расіі быў створаны першы ў свеце магутны шматматорны бамбардзіроўшчык «Ілля Мурамец».

У верасні 1915 г. у Вялікабрытаніі былі пабудаваны першыя танкі. У Германіі танкі з абароненымі гусеніцамі з’явіліся ў 1916 г. На палях бітваў ваявалі ў асноўным англійскія, французскія і нямецкія танкі.

Адначасова паскорылася развіццё падводнага флоту. Падводныя лодкі (падлодкі) сталі грознай зброяй. Так, германскія падлодкі, дзейнічаючы на марскіх прасторах, паставілі Англію на мяжу паражэння.

Рэзка ўзрасла колькасць армій, павялічыліся ваенныя бюджэты, у большасці краін была ўведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць.

У гады вайны рэзка ўзрасла сацыяльная роля жанчын у грамадстве. Месца мужчын на вытворчасці нават у развітых краінах занялі жанчыны. Шматтысячныя страты ваюючых армій прывялі да росту колькасці сірот і калек. Вайна стала прычынай з’явы, якая пазней атрымае назву «страчанае пакаленне».

6. Вынікі вайны

Першая сусветная вайна доўжылася з 1 жніўня 1914 г. да 11 лістапада 1918 г. Падпісанне Камп’енскага перамір’я Германіі з Антантай адбылося ў чыгуначным вагоне маршала Францыі Ф. Фоша ў Камп’енскім лесе (Пікардыя, поўнач Францыі). Па ўмовах перамір’я Германія выводзіла войскі з усіх ненямецкіх тэрыторый, а таксама з левага берага Рэйна. На яго правым беразе стваралася нейтральная зона. Германія абавязвалася паставіць пераможцам значную частку ваеннай маёмасці і вярнуць ваеннапалонных. Разам з тым у супрацьвагу Савецкай Расіі нямецкія войскі заставаліся ў Прыбалтыцы і Украіне. Камп’енскае перамір’е анулявала Брэсцкі мірны дагавор ад 3 сакавіка 1918 г.

Пераўладкаванне свету пасля Першай сусветнай вайны было заснавана на «14 пунктах» прэзідэнта Вільсана. Фактычна гэта стала платай за ўдзел ЗША ў вайне на баку Антанты, а не Германіі. Вільсан прапанаваў таксама ідэю самавызначэння нацый, згодна з якой кожная нацыя павінна была сама вырашаць свой лёс і мець безумоўнае права на стварэнне ўласнай дзяржавы.

У ходзе Першай сусветнай вайны ЗША з даўжніка ператварыліся ў крэдытора краін Антанты, распаўсюдзілі свой уплыў на Еўропу. Імперыі, здольныя супрацьстаяць амерыканскай экспансіі планетарнага маштабу, былі ліквідаваны.

Па меркаванні некаторых даследчыкаў, прыярытэтнымі для ЗША задачамі пасля вайны сталі спыненне інтэрвенцыі ў Расію і ўзмацненне Германіі. Першае супярэчыла англійскім інтарэсам, другое — французскім. ЗША зрабілі стаўку на Савецкую Расію, а затым і СССР як саперніка еўрапейскіх звышдзяржаў, які павінен быў адцягваць іх сілы і ўвагу ад ЗША.

Распад імперый быў абгрунтаваны правам народаў на самавызначэнне. Гэтае палажэнне стала асновай раздзялення Аўстра-Венгрыі, гэтае ж палажэнне стала юрыдычным апраўданнем адраджэння Польшчы і далучэння да Францыі Эльзаса і Латарынгіі. Але гэтае ж права народаў на самавызначэнне па сутнасці абараніла адзінства немцаў як найбольш шматлікага народа, што жыў у цэнтры Еўропы. Паколькі Германія не магла быць раздзелена, аўтары мірных дагавораў пастараліся максімальна абмежаваць і аслабіць немцаў, у прыватнасці, шляхам дэмілітарызацыі левага берага Рэйна, а таксама забароны саюза Германіі з іншай нямецкай дзяржавай — Аўстрыяй.

Імкненне забяспечыць Польшчы выхад да мора — знакаміты «польскі калідор» — прывяло да аддзялення Усходняй Прусіі ад астатняй Германіі і да ператварэння Данцыга ў «вольны горад», што стала для Гітлера адной з нагод для развязвання вайны ў 1939 г.

Пытанні

1. Правядзіце невялікае даследаванне па тэме «Войны ў сусветнай гісторыі». Звярніце ўвагу на наступныя аспекты: вызначэнне паняцця «вайна», прычыны ўзнікнення войнаў, іх класіфікацыя і вынікі.

2. Ахарактарызуйце ваенна-палітычныя блокі, якія склаліся да пачатку Першай сусветнай войны. Якія мэты мелі краіны — удзельніцы гэтых блокаў?

3. Які раён атрымаў назву «парахавы склеп Еўропы»? Чаму?

4. Складзіце абагульняючую табліцу «Першая сусветная вайна».

5. Пералічыце фактары палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія прывялі да вайны і садзейнічалі таму, што яна набыла сусветны маштаб.

6. У ходзе Першай сусветнай вайны спалучаліся як традыцыйныя метады вядзення баявых дзеянняў, так і новыя. Назавіце іх. Да якіх вынікаў прывяло іх спалучэнне?

7. Які ўплыў зрабіла Першая сусветная вайна на маральна-псіхалагічны стан грамадства?

8. Якімі былі вынікі Першай сусветнай вайны? Ці можна сказаць, што яны назіраюцца і ў наш час?

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка

Асаблівае меркаванне