§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.
1. Уплыў прыродазнаўчых навук на развіццё грамадства
XIX ст. стала часам узнікнення новых навук, сярод якіх асаблівае месца занялі навука аб электрычнасці і мікрабіялогія. Адкрыццё М. Фарадэем электрамагнітнай індукцыі дазволіла прыступіць да стварэння электрарухавіка. Л. Пастэр заклаў асновы мікрабіялогіі (навука аб мікраарганізмах) і імуналогіі (навука аб ахоўных уласцівасцях арганізма). Ён распрацаваў спосабы стэрылізацыі і пастэрызацыі прадуктаў, прапанаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць многіх хвароб і ажыццявіў першую прышчэпку чалавеку.
Сапраўдны пераварот у навуцы зрабілі работы англійскага вучонага-натураліста Ч. Дарвіна «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» і «Паходжанне чалавека і палавы адбор». Навуковец прыйшоў да высновы, што ўся жывая прырода не была створана аднаактова, а паступова сфарміравалася ў працэсе працяглай эвалюцыі, і што далёкімі продкамі людзей былі малпападобныя істоты.
Дарвінаўскі прынцып натуральнага адбору і барацьбы відаў за выжыванне моцна паўплываў не толькі на біялогію, але і на навукі аб грамадстве. Гісторыкі, філосафы, эканамісты звярталіся да гэтага прынцыпу як да ўніверсальнага закону, згодна з якім перамагаюць самыя моцныя, карысныя і здольныя. Так узнік сацыял-дарвінізм, які распаўсюдзіў метады эвалюцыйнай тэорыі на працэсы грамадскага развіцця. Аднак многім даследчыкам некаторыя яе палажэнні ўяўляюцца гіпатэтычнымі і недастаткова даказанымі.
На рубяжы XIX—XX стст. незвычайна пашырыліся ўяўленні чалавека пра Сусвет. Менавіта тады былі закладзены асновы будучай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, звязаныя з адкрыццём электрамагнітных хваляў і з’явы радыеактыўнасці, а таксама з распрацоўкай тэорыі будовы атама. Вялізны ўнёсак у гэтыя галіны навукі зрабілі нямецкія, рускія, англійскія і французскія навукоўцы. Тэорыя адноснасці А. Эйнштэйна пашырыла класічныя ўяўленні аб будове свету, заснаваныя на законах механікі Ньютана.