Печатать книгуПечатать книгу

§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.

Ключавая ідэя: XIX ст. стала часам з’яўлення абсалютна новых абласцей навуковых ведаў, якія хутка ўкараняліся ў штодзённае жыццё людзей. Рэакцыяй на грамадскія змены стала з’яўленне ў літаратуры і мастацтве новых кірункаў і жанраў.

Тэхнічны прагрэс стымуляваў развіццё навукі, якая, у сваю чаргу, садзейнічала ўдасканаленню прамысловай вытворчасці і мяняла звыклыя веды людзей пра навакольны свет. Біблейскія ўяўленні аб паходжанні чалавека і Сусвету падпалі пад скрышальную крытыку.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 13:10

1. Уплыў прыродазнаўчых навук на развіццё грамадства

XIX ст. стала часам узнікнення новых навук, сярод якіх асаблівае месца занялі навука аб электрычнасці і мікрабіялогія. Адкрыццё М. Фарадэем электрамагнітнай індукцыі дазволіла прыступіць да стварэння электрарухавіка. Л. Пастэр заклаў асновы мікрабіялогіі (навука аб мікраарганізмах) і імуналогіі (навука аб ахоўных уласцівасцях арганізма). Ён распрацаваў спосабы стэрылізацыі і пастэрызацыі прадуктаў, прапанаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць многіх хвароб і ажыццявіў першую прышчэпку чалавеку.

Сапраўдны пераварот у навуцы зрабілі работы англійскага вучонага-натураліста Ч. Дарвіна «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» і «Паходжанне чалавека і палавы адбор». Навуковец прыйшоў да высновы, што ўся жывая прырода не была створана аднаактова, а паступова сфарміравалася ў працэсе працяглай эвалюцыі, і што далёкімі продкамі людзей былі малпападобныя істоты.

Дарвінаўскі прынцып натуральнага адбору і барацьбы відаў за выжыванне моцна паўплываў не толькі на біялогію, але і на навукі аб грамадстве. Гісторыкі, філосафы, эканамісты звярталіся да гэтага прынцыпу як да ўніверсальнага закону, згодна з якім перамагаюць самыя моцныя, карысныя і здольныя. Так узнік сацыял-дарвінізм, які распаўсюдзіў метады эвалюцыйнай тэорыі на працэсы грамадскага развіцця. Аднак многім даследчыкам некаторыя яе палажэнні ўяўляюцца гіпатэтычнымі і недастаткова даказанымі.

На рубяжы XIX—XX стст. незвычайна пашырыліся ўяўленні чалавека пра Сусвет. Менавіта тады былі закладзены асновы будучай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, звязаныя з адкрыццём электрамагнітных хваляў і з’явы радыеактыўнасці, а таксама з распрацоўкай тэорыі будовы атама. Вялізны ўнёсак у гэтыя галіны навукі зрабілі нямецкія, рускія, англійскія і французскія навукоўцы. Тэорыя адноснасці А. Эйнштэйна пашырыла класічныя ўяўленні аб будове свету, заснаваныя на законах механікі Ньютана.

2. Літаратура і мастацтва

Мастацкая культура ў першай палове ХІХ ст. развівалася пад уплывам Французскай рэвалюцыі, ва ўмовах жорсткага і карыслівага індустрыяльнага свету і буржуазнага грамадства. Своеасаблівай творчай рэакцыяй на гэта стаў рамантызм, які склаўся ў канцы ХVIII ст. амаль адначасова ў Германіі, Англіі, Францыі і Расіі. Да 1795 г. адносіцца з’яўленне гэтага тэрміна ў працах нямецкага філосафа Ф. Шлегеля.

У аснове рамантызму знаходзіцца ўяўленне аб супрацьстаянні двух светаў — ідэальнага і рэальнага. Для рамантыкаў ідэал — гэта нешта цудоўнае і дасканалае, але ў той жа час таямнічае, недасягальнае і неспасцігальнае розумам. Рэчаіснасць, наадварот, канкрэтная, нізкая і брыдкая. Паміж ёю і ідэалам — непераадольная бездань. Адсюль і разуменне мэты мастацтва: «Мастацтва не ёсць выяўленне рэчаіснасці, а шуканне ідэальнай праўды» (Ж. Санд). Рэальнаму свету, штодзённаму жыццю і маралі буржуазнага грамадства рамантыкі супрацьпастаўлялі свет паэтычнай мары, культ рыцарства, лідара і правадыра, які накіроўвае цёмную аморфную масу, зліццё з прыродай і народнай стыхіяй. Рамантыкі выказвалі вялікі інтарэс да гісторыі. Аднак яны не разглядалі яе падзеі як прыклады для сучаснасці. У цэнтры іх увагі былі пераломныя гістарычныя эпохі, шырокія народныя рухі і, натуральна, рамантычны герой-лідар.

Рамантычны кірунак у літаратуры быў прадстаўлены такімі вядомымі асобамі, як Э. Т. А. Гофман і Г. Гейнэ (Германія); Д. Байран і В. Скот (Англія); В. Гюго і Ж. Санд (Францыя); А. Міцкевіч (Польшча); А. С. Пушкін і М. Ю. Лермантаў (Расія).

У музыцы рамантызм прысутнічаў долей, чым у іншых відах мастацтва. Рамантызм аўстрыйскай музыкі быў уласцівы І. Брамсу, Р. Шуберту, І. Штраўсу. Танцавальную музыку пісаў польскі кампазітар Ф. Шапэн. Сімфоніі стваралі Г. Берліоз, Ф. Ліст, Э. Грыг. Менавіта ў XIX ст. была створана большасць класічных опер (Д. Расіні, Д. Вердзі). Жанр музыкальнай драмы аформіўся ў творчасці нямецкага кампазітара Р. Вагнера. Цэнтрамі музычнага жыцця Заходняй Еўропы сталі Вена (Венская опера), Парыж («Гранд-опера») і Мілан («Ла Скала»).

У 1830—1840-я гг. у мастацтве з’явіўся іншы кірунак — рэалізм. Ён складаўся паралельна і ва ўзаемадзеянні з рамантызмам. Няцяжка знайсці рысы рэалізму ў творчасці Д. Байрана, Г. Гейнэ, В. Скота і іншых буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Супрацьстаянне паміж рамантызмам і рэалізмам пачалося з сярэдзіны ХIХ ст.

Прадстаўнікі рамантызму апісвалі выключныя характары ў выключных абставінах, а рэалізму — тыповыя характары ў тыповых абставінах. Такімі абставінамі для рэалістаў былі перш за ўсё сацыяльныя ўмовы. Яшчэ адной важнай рысай рэалістычнага мастацтва з’яўлялася крытычнае выяўленне недахопаў і болевых кропак сучаснага яму грамадства.

Стаўленне рамантыкаў і рэалістаў да фактаў сацыяльнай несправядлівасці было аднолькава адмоўным. Аднак рамантыкі выяўлялі свае адносіны да якога-небудзь пэўнага факта праз бунт. Рэалісты ж спрабавалі перш за ўсё раскрыць прычыны, якія спарадзілі гэты факт, гэта значыць падыходзілі да яго з навуковых пазіцый.

Вялізную ролю ў развіцці рэалістычнага мастацтва адыгралі навуковыя адкрыцці ХIХ ст. Напрыклад, вучэнне аб эвалюцыі відаў адбілася ў самым значным дасягненні еўрапейскага рэалізму — «Чалавечай камедыі» А. дэ Бальзака. Пісьменнік лічыў, што ў чалавечым грамадстве заўсёды будуць існаваць разнастайныя віды, гэтак жа як існуюць яны ў жывёльным царстве.

На пісьменнікаў вялікае ўздзеянне аказалі гістарычныя працы еўрапейскіх навукоўцаў, якія сфармулявалі ўяўленне пра класы і класавую барацьбу. Яны апісвалі жыццёвыя калізіі як вынік уплыву многіх фактараў і прызнавалі дасягненні сучаснай ім навукі.

Яркімі прадстаўнікамі рэалізму ў літаратуры былі А. дэ Бальзак (Францыя) і Ч. Дыкенс (Англія), у жывапісе — французскія мастакі А. Дам’е, Г. Курбе і інш. У другой палове ХIХ ст. з’явіўся новы лідар рэалістычнай літаратуры Г. Флабер. А ў Расіі ў гэты час склалася сусветна вядомая школа рускага рамана, выдатнымі прадстаўнікамі якой былі Л. М. Талстой і Ф. М. Дастаеўскі.

Акрамя таго, у другой палове XIX ст. з’явіўся імпрэсіянізм, закліканы адлюстраваць на палатне імгненныя ўражанні. Знакамітыя французскія мастакі, прадстаўнікі школы імпрэсіянізму — Э. Манэ, Э. Дэга, А. Рэнуар, А. Сіслей, К. Манэ, К. Пісаро. Выдатныя прадстаўнікі постімпрэсіянізму — П. Сезан, П. Гаген, В. ван Гог — імкнуліся адлюстраваць глыбінную сутнасць рэчаў і з’яў, як правіла, праз стылізацыю.

Вялікае месца ў культурным жыцці таго перыяду ў еўрапейскіх краінах займаў тэатр. Тэатральны рэпертуар папаўняўся ў асноўным творамі рамантычнага стылю (В. Гюго, А. Дзюма — бацька).

3. «Эпоха канца стагоддзя»

Пад такой назвай увайшоў у гісторыю перыяд у развіцці еўрапейскай культуры ад франка-прускай вайны 1870—1871 гг. да Першай сусветнай вайны. Гэта быў час крызісу многіх каштоўнасцей, народжаных эпохай Асветніцтва. Еўрапейскія мысліцелі больш трагічна ўспрымалі навакольны свет, прадчуваючы будучыя сацыяльныя ўзрушэнні і сусветныя войны. Таксама гэты перыяд еўрапейскай гісторыі называюць Пекнай эпохай (Бель эпок), што характарызуецца эканамічным ростам, росквітам навукі і мастацтва, якія былі перапынены вайной.

Індустрыялізацыя выклікала шмат новых з’яў і праблем. Па меры ўскладнення сацыяльнага быцця і паскарэння жыццёвых рытмаў у людзей з’явілася адчуванне страты трываласці і стабільнасці. Пашыраліся песімістычныя настроі, ідэалізацыя мінулага і непрыняцце ўсяго новага. Гэта паслужыла пажыўным асяроддзем для ірацыяналізму, містыкі, нявер’я ў прагрэс. У той жа час поспехі ў сферы навукі, тэхнікі і матэрыяльнай вытворчасці стваралі аснову для нязлом нага аптымізму, веры ў прагрэс і магчымасць вырашэння ўсіх пытанняў з дапамогай навукі і розуму. Вынікамі такіх настрояў сталі культ сілы, цяга да буржуазнага прадпрымальніцтва, адмаўленне ад многіх традыцый і каштоўнасцей. Адлюстроўваючы настрой думак эпохі, мастацкая творчасць падзялілася на дзве плыні — сімвалізм і футурызм.

Сімвалізм адна з найбольш устойлівых плыняў у мастацтве і літаратуры Заходняй Еўропы канца ХIХ ст. Яго прызнаным лідарам з’яўляўся С. Малармэ. Галоўная каштоўнасць для сімвалістаў — неспазнанае, якое хаваецца як у самім чалавеку, так і ў навакольным свеце. Менавіта яно і з’яўляецца жаданым аб’ектам выяўлення. Яго немагчыма растлумачыць з пазіцый розуму, а можна выказаць толькі ў туманных сімвалах — знаках і вобразах. Сімвалісты былі ўпэўненыя ў бяссіллі розуму. Мастакі-сімвалісты нярэдка малявалі на палотнах фантастычны страшны свет сваіх уяўленняў як бачнае адлюстраванне падсвядомасці. Некаторыя крытыкі сімвалізму назвалі такі падыход да адлюстравання ўнутранага і вонкавага свету чалавека дэкадансам — упадніцкай культурай. Паняцце дэкадансу распаўсюдзілася і на іншыя падобныя плыні. Буйнейшымі прадстаўнікамі сімвалізму былі французскі мастак А. Рэдон, бельгійскія паэты і драматургі Э. Верхарн, М. Метэрлінк, англійскі пісьменнік О. Уайльд.

Адным з кірункаў дэкадансу з’яўляўся таксама натуралізм. Ён адлюстроўваў пратэст супраць мастацтва, якое ўсё прыхарошвае. Выдатным прадстаўніком натуралізму быў Э. Заля, які ў сваіх раманах распаўсюдзіў законы прыроды на грамадства.

Пад уплывам сімвалізму ў еўрапейскім і амерыканскім мастацтве канца XIX — пачатку XX ст. сфарміраваўся мадэрн. Яго аснову складала ідэя сінтэзу розных мастацкіх стыляў. Ідэалам падобнага сінтэзу лічылася архітэктура. Невыпадкова наватарамі ў сферы мадэрну выступілі архітэктары — В. Арта і А. ван дэ Вельдэ ў Бельгіі і А. Гаўдзі ў Іспаніі. У розных краінах мадэрн праяўляўся па-свойму і меў розныя назвы: у Францыі — ар-нуво, у Германіі — югендстыль, у ЗША — тыфані, у Расіі — мадэрн і г. д. У рамках мадэрну атрымалі шырокае распаўсюджанне кніжная і часопісная графіка, афіша і плакат (А. Тулуз-Латрэк у Францыі).

Пачатак ХХ ст. характарызуецца пераглядам класічных традыцый у мастацтве. З’явілася вялікая колькасць стыляў, якія адрозніваліся імкненнем да новых рашэнняў у рэалізацыі творчых ідэй. Амаль усе новыя кірункі мелі нязвыклыя, а часам і экзатычныя назвы: футурызм, сюррэалізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм, кубізм, супрэматызм, фавізм, дадаізм і г. д. Пазней сукупнасць гэтых мастацкіх кірункаў сталі называць авангардным мастацтвам.

Найбольшае распаўсюджанне ў мастацкай творчасці атрымаў футурызм. Футурызм выявіў розныя ідэалагічныя тэндэнцыі: ад прафашысцкіх ідэй (італьянец Г. Д’Анунцыа) да адданасці Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі (У. У. Маякоўскі, В. У. Хлебнікаў). Цэнтральнай тэмай у яго філасофіі і эстэтыцы стаў культ гвалту і сілы. Футурысты апявалі век тэхнікі і гарадской цывілізацыі, адмаўлялі сельскія матывы як увасабленне застою ў мастацтве. Пратэст супраць соннага і манатоннага жыцця выклікаў сімпатыі ў пэўнай часткі інтэлігенцыі, прадстаўнікоў розных плыняў у мастацтве.

4. Пачатак фарміравання масавай культуры

Змяненне структуры еўрапейскага грамадства, стварэнне адукацыйных і культурна-асветніцкіх устаноў прывялі да выхаду мастацкай культуры са сцен палацаў і манастыроў. У сувязі з фарміраваннем новых сацыяльных слаёў, якія атрымалі доступ да паўнацэннай адукацыі, але не належалі да эліты, адбыўся падзел культуры на «масавую» і «элітарную».

У гэты перыяд узнікла ўяўленне аб «творчай эліце», якая складае меншую частку грамадства, і аб «масе» — асноўнай частцы насельніцтва. Пачалі стварацца агульнадаступныя гістарычныя і мастацкія музеі, таварыствы па вывучэнні старажытнасцяў.

5. Унёсак Расіі ў сусветную культуру

У рускай культуры першую палову XIX ст. прынята называць «залатым векам», калі навука Расіі выйшла на ўзровень сусветнага прызнання. М. І. Лабачэўскі стварыў неэўклідаву геаметрыю. В. У. Пятроў заклаў асновы электрахіміі і электраметалургіі. Хімік М. М. Зінін паклаў пачатак анілінафарбавай прамысловасці. М. І. Пірагоў стаў заснавальнікам анатама-эксперыментальнага кірунку ў хірургіі. Бацька і сын Я. А. і М. Я. Чарапанавы на Урале пабудавалі першы рухавік і першую чыгунку на паравай цязе.

У літаратуры адбывалася змена літаратурных кірункаў і стыляў. На змену класіцызму М. М. Хераскава, Г. Р. Дзяржавіна прыйшоў рамантызм М. М. Карамзіна, В. А. Жукоўскага. У другой чвэрці XIX ст. у еўрапейскай літаратуры пачаў замацоўвацца рэалізм. У Расіі яго заснавальнікам стаў вялікі рускі паэт А. С. Пушкін. У гэтым жа стылі стваралі такія вядомейшыя рускія пісьменнікі і паэты, як М. Ю. Лермантаў, М. В. Гогаль.

Для рускага выяўленчага мастацтва былі характэрныя рамантызм і рэалізм: А. А. Кіпрэнскі, В. А. Трапінін, К. П. Брулоў, А. А. Іваноў, А. Г. Венецыянаў. І. М. Крамскі, Р. Р. Мясаедаў, В. Р. Пяроў, М. М. Ге, якія заснавалі ў 1870 г. «Таварыства перасоўных мастацкіх выставак», імкнуліся развіваць нацыянальныя традыцыі і наблізіць мастацтва да народа. Яркімі фігурамі сярод «перадзвіжнікаў» былі І. Я. Рэпін, В. І. Сурыкаў, В. М. Васняцоў.

У другой палове XIX ст. у Расіі склаўся своеасаблівы гісторыка-мастацкі перыяд, які яго сучаснікі назвалі «сярэбраным векам» рускай культуры. Вялізнае значэнне мела адкрыццё Д. І. Мендзялеевым перыядычнага закона хімічных элементаў. Класічную тэорыю хімічнай будовы арганічных целаў стварыў А. М. Бутлераў. Фундаментальнае і прыкладное значэнне мелі даследаванні матэматыкаў П. Л. Чэбышава, А. М. Ляпунова, С. В. Кавалеўскай, адкрыцці ў фізіцы і механіцы А. Р. Сталетава, П. М. Яблачкава, А. М. Ладыгіна, вынаходніцтва радыё А. С. Паповым.

Мастацкая літаратура захоўвала традыцыі крытычнага рэалізму: І. С. Тургенеў, М. А. Някрасаў, Ф. М. Дастаеўскі, І. А. Ганчароў, М. Я. Салтыкоў-Шчадрын, А. П. Чэхаў, Л. М. Талстой.

Тэатральнае мастацтва фарміравалася ў асноўным на нацыянальнай драматургіі А. М. Астроўскага, А. П. Чэхава. У 1898 г. К. С. Станіслаўскі і У. І. Неміровіч-Данчанка заснавалі Мастацкі тэатр.

Канчаткова аформілася нацыянальная музычная руская школа. У Расіі склалася творчая група кампазітараў, якую крытік У. В. Стасаў назваў «Магутнай купкай». У яе ўваходзілі М. А. Балакіраў, Ц. А. Кюі, М. П. Мусаргскі, А. П. Барадзін, М. А. Рымскі-Корсакаў.

Дасягненні рускай культуры XIX ст. атрымалі сусветнае прызнанне. Многія расійскія вучоныя з’яўляліся ганаровымі членамі еўрапейскіх акадэмій і навуковых устаноў.

Пытанні

1. Растлумачце, чаму XIX ст. называюць векам навукі. Аформіце свой адказ у выглядзе абагульняючай табліцы «Навуковыя дасягненні і тэхнічныя адкрыцці XIX — пачатку ХХ ст.».

2. З 1800 па 1900 г. колькасць еўрапейцаў вырасла са 186,6 млн да 398,8 млн чалавек, гэта значыць у 2,1 раза. З чым гэта было звязана?

3. Якія фактары садзейнічалі таму, што ў XIX ст. у еўрапейскіх краінах пачалі складацца нацыянальныя сістэмы адукацыі, прымацца законы аб абавязковай пачатковай адукацыі?

4. Складзіце топ-10 навуковых адкрыццяў і тэхнічных вынаходніцтваў, якія паўплывалі на развіццё сучаснага свету.

5. Параўнайце рамантызм, рэалізм, сімвалізм па наступным плане: а) перыяд узнікнення; б) тыповы герой; в) асноўныя сюжэты.

6. З 1880-х гг. да Першай сусветнай вайны практычна ва ўсіх краінах заходняга свету шырокае распаўсюджванне атрымаў стыль мадэрн. Якія асаблівасці мае гэты стыль? Падбярыце ілюстрацыі, якія прадстаўляюць стыль мадэрн у архітэктуры, скульптуры, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, кніжнай ілюстрацыі, графіцы.

7. Які ўплыў на развіццё мастацтва рабіла грамадска-палітычная жыццё ў Расіі і ў свеце?

8. Растлумачце сувязь паміж рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў свеце і з’яўленнем авангарднага мастацтва. Супраць чаго пратэставалі авангардысты?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне