§ 10. Завяршэнне каланіяльнага падзелу свету
1. Актывізацыя каланіяльнай экспансіі ў Азіі і Афрыцы. Канчатковы падзел свету на калоніі і сферы ўплыву
Хаця напярэдадні Першай сусветнай вайны каланіяльны падзел свету быў завершаны, знаходзіліся шматкі спрэчных тэрыторый, рэшткі знікаючых імперый, якія ўяўлялі сабой смачныя кавалкі для «маладых драпежнікаў».
Да пачатку XX ст. большасць краін Азіі сталі калоніямі. Фармальную незалежнасць захоўвалі толькі Кітай, Іран, Асманская імперыя, Тайланд і Афганістан. Але гэтыя дзяржавы заключылі нераўнапраўныя дагаворы з індустрыяльнымі дзяржавамі, якія давалі апошнім права бяспошліннага гандлю, будаўніцтва вытворчасцей і чыгунак. У 1879 г. пасля руска-турэцкай вайны Асманская імперыя аб’явіла аб дзяржаўным банкруцтве і няздольнасці выплачваць даўгі заходнім дзяржавам-крэдыторам. Упраўленне Атаманскага дзяржаўнага доўгу пад кіраўніцтвам Англіі, Францыі, Італіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі збірала падаткі з турэцкага насельніцтва.
У канцы XIX ст. пачаўся падзел Кітая на сферы ўплыву. У 1898 г. Германія акупіравала порт Цындаа і навязала кітайскіму ўраду дагавор аб арэндзе гэтых зямель на 99 гадоў. Расія атрымала Ляадунскі паўвостраў і Порт-Артур. Англія — паўвостраў Цзюлун і прылеглыя астравы (Ганконг). У адказ ЗША ў 1899 г. абвясцілі ў Кітаі дактрыну адчыненых дзвярэй.
У выніку вайны з Кітаем (1894—1895) Японія захапіла востраў Тайвань, па выніках руска-японскай вайны Карэя стала сферай уплыву Японіі. Тайланд (Сіям) быў падзелены на сферы ўплыву па англа-французскім пагадненні 1904 г., Іран і Тыбет — па англа-рускім 1907 г.
Найбольш агрэсіўную каланіяльную палітыку ў Афрыцы праводзіла Вялікабрытанія. У 1882 г. быў акупіраваны Егіпет, у 1898 г. — Судан. Як раней Ост-Індская кампанія, у 1889 г. эксклюзіўныя правы на эксплуатацыю і кіраванне Паўднёвай Афрыкай, на тэрыторыі якой знайшлі золата і алмазы, атрымала Брытанская Паўднёва-Афрыканская кампанія.
Вялікабрытанія імкнулася захапіць усю Афрыку, пакрыць яе тэрыторыю сеткай чыгунак. Аднак ажыццяўленню гэтых планаў перашкодзілі рэспублікі Трансвааль і Аранжавая, заснаваныя бурамі, перасяленцамі з Галандыі.
У 1885 г. была заснавана Германская ўсходнеафрыканская кампанія. Германія заняла частку паўднёва-заходняй Афрыкі, Тога і Камерун. Партугальскія ўладанні ў Афрыцы па сакрэтным пагадненні Вялікабрытаніі і Германіі 1898 г. былі падзелены паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак германскія ўладанні ў Афрыцы былі ў шмат разоў меншыя, чым бельгійскія і галандскія.
Францыя таксама прэтэндавала на ўплыў у Афрыцы. У 1881 г. яна захапіла Туніс, у 1896 г. — Мадагаскар, у 1912 г. — Марока. Італія замацавалася ў Самалі і Эрытрэі. Вайну з Эфіопіяй Італія прайграла ў 1896 г., аднак у выніку вайны з Турцыяй 1911—1912 гг. захапіла турэцкія тэрыторыі Трыпалітанію і Кіранаіку (сучасная Лівія).
З завяршэннем падзелу Афрыкі большая частка свету была падзелена паміж індустрыяльна развітымі дзяржавамі.