Печатать книгуПечатать книгу

§ 10. Завяршэнне каланіяльнага падзелу свету

Ключавая ідэя: у XIX — пачатку ХХ ст. абвастрылася барацьба еўрапейскіх дзяржаў за панаванне над краінамі Усходу.

Другая палова XIX ст. — перыяд, калі ўсе вядучыя сусветныя дзяржавы актывізавалі сваю каланіяльную экспансію. Еўрапейцы прыступілі да канчатковага тэрытарыяльнага падзелу свету, усталявалі панаванне ў новых калоніях і сталі эксплуатаваць іх працоўныя і прыродныя рэсурсы.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 10. Завяршэнне каланіяльнага падзелу свету
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 4 Декабрь 2024, 12:16

1. Актывізацыя каланіяльнай экспансіі ў Азіі і Афрыцы. Канчатковы падзел свету на калоніі і сферы ўплыву

Хаця напярэдадні Першай сусветнай вайны каланіяльны падзел свету быў завершаны, знаходзіліся шматкі спрэчных тэрыторый, рэшткі знікаючых імперый, якія ўяўлялі сабой смачныя кавалкі для «маладых драпежнікаў».

Да пачатку XX ст. большасць краін Азіі сталі калоніямі. Фармальную незалежнасць захоўвалі толькі Кітай, Іран, Асманская імперыя, Тайланд і Афганістан. Але гэтыя дзяржавы заключылі нераўнапраўныя дагаворы з індустрыяльнымі дзяржавамі, якія давалі апошнім права бяспошліннага гандлю, будаўніцтва вытворчасцей і чыгунак. У 1879 г. пасля руска-турэцкай вайны Асманская імперыя аб’явіла аб дзяржаўным банкруцтве і няздольнасці выплачваць даўгі заходнім дзяржавам-крэдыторам. Упраўленне Атаманскага дзяржаўнага доўгу пад кіраўніцтвам Англіі, Францыі, Італіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі збірала падаткі з турэцкага насельніцтва.

У канцы XIX ст. пачаўся падзел Кітая на сферы ўплыву. У 1898 г. Германія акупіравала порт Цындаа і навязала кітайскіму ўраду дагавор аб арэндзе гэтых зямель на 99 гадоў. Расія атрымала Ляадунскі паўвостраў і Порт-Артур. Англія — паўвостраў Цзюлун і прылеглыя астравы (Ганконг). У адказ ЗША ў 1899 г. абвясцілі ў Кітаі дактрыну адчыненых дзвярэй.

У выніку вайны з Кітаем (1894—1895) Японія захапіла востраў Тайвань, па выніках руска-японскай вайны Карэя стала сферай уплыву Японіі. Тайланд (Сіям) быў падзелены на сферы ўплыву па англа-французскім пагадненні 1904 г., Іран і Тыбет — па англа-рускім 1907 г.

Найбольш агрэсіўную каланіяльную палітыку ў Афрыцы праводзіла Вялікабрытанія. У 1882 г. быў акупіраваны Егіпет, у 1898 г. — Судан. Як раней Ост-Індская кампанія, у 1889 г. эксклюзіўныя правы на эксплуатацыю і кіраванне Паўднёвай Афрыкай, на тэрыторыі якой знайшлі золата і алмазы, атрымала Брытанская Паўднёва-Афрыканская кампанія.

Вялікабрытанія імкнулася захапіць усю Афрыку, пакрыць яе тэрыторыю сеткай чыгунак. Аднак ажыццяўленню гэтых планаў перашкодзілі рэспублікі Трансвааль і Аранжавая, заснаваныя бурамі, перасяленцамі з Галандыі.

У 1885 г. была заснавана Германская ўсходнеафрыканская кампанія. Германія заняла частку паўднёва-заходняй Афрыкі, Тога і Камерун. Партугальскія ўладанні ў Афрыцы па сакрэтным пагадненні Вялікабрытаніі і Германіі 1898 г. былі падзелены паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак германскія ўладанні ў Афрыцы былі ў шмат разоў меншыя, чым бельгійскія і галандскія.

Францыя таксама прэтэндавала на ўплыў у Афрыцы. У 1881 г. яна захапіла Туніс, у 1896 г. — Мадагаскар, у 1912 г. — Марока. Італія замацавалася ў Самалі і Эрытрэі. Вайну з Эфіопіяй Італія прайграла ў 1896 г., аднак у выніку вайны з Турцыяй 1911—1912 гг. захапіла турэцкія тэрыторыі Трыпалітанію і Кіранаіку (сучасная Лівія).

З завяршэннем падзелу Афрыкі большая частка свету была падзелена паміж індустрыяльна развітымі дзяржавамі.

2. Вынікі каланіялізму для метраполій і калоній

Каланіяльныя захопы індустрыяльных краін зрабілі вялізнае ўздзеянне на развіццё пакораных народаў: з аднаго боку, гібель людзей і культур, а з іншага — далучэнне заваяваных народаў да індустрыялізацыі і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Каланіяльная экспансія падрывала асновы традыцыйнага грамадства. Наплыў еўрапейскіх тавараў даводзіў да галечы рамеснікаў. Сялянства вымушана было плаціць падаткі і сваім феадалам, і каланіяльным уладам, бяднела, пазбаўлялася зямлі. Разбуралася сістэма абшчыннага зямляробства і натуральнай гаспадаркі. Стала развівацца прамысловасць, якая абслугоўвала эканоміку метраполій, напрыклад, здабыча карысных выкапняў. Для дастаўкі сыравіны і прадуктаў харчавання, а таксама ў ваенных мэтах была пабудавана сетка чыгунак.

Дзецям кампрадорскай буржуазіі, мясцовай кіруючай эліты, якая супрацоўнічала з уладамі метраполіі, прадастаўлялася магчымасць атрымаць еўрапейскую адукацыю. У заходніх універсітэтах сталі навучацца прадстаўнікі «туземнай інтэлігенцыі» і дзеці з багатых сем’яў. Праз паслухмяных і падзяляючых заходнія каштоўнасці «туземцаў» кіруючыя колы Захаду імкнуліся замацаваць свой уплыў у калоніях і залежных краінах. У выніку быў падрыхтаваны цэлы пласт кіраўнікоў для каланіяльных, а пазней і неакаланіяльных дзяржаў. Нярэдка з гэтага асяроддзя выходзілі патрыятычна настроеныя грамадскія дзеячы і лідары нацыянальна-вызваленчых рухаў, якія ўзначалілі барацьбу за незалежнасць у калоніях.

3. Краіны Усходу ў эпоху «абуджэння Азіі»

У пачатку XX ст. па краінах Усходу пракацілася хваля магутных антыкаланіяльных і рэвалюцыйных выступленняў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «абуджэнне Азіі».

У другой палове XIX ст. у вызваленчым руху адбыліся якасныя змены. Рух сацыяльнага і антыкаланіяльнага пратэсту стаў прымаць больш арганізаваныя формы. Пад уплывам Захаду з’явіліся першыя грамадска-палітычныя арганізацыі і грамадства культурна-асветніцкага характару, пачалі фарміравацца ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху.

Носьбітамі ідэй нацыяналізму выступалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія, у адрозненне ад феадальных правадыроў больш ранняга этапа антыкаланіяльнай барацьбы, арыентаваліся на еўрапейскія ўзоры грамадскага і дзяржаўнага ўладкавання. Яны былі актыўнымі прыхільнікамі абмежавання манархічнай улады, увядзення канстытуцыі, парламента, грамадзянскіх правоў і свабод, глыбокай мадэрнізацыі (абнаўлення) традыцыйнага грамадства. Дзеячы вызваленчага руху выкарыстоўвалі еўрапейскія палітычныя інстытуты і лозунгі.

Асабліва хуткімі тэмпамі развіваліся тыя краіны Усходу, якія яшчэ не былі ператвораны ў калоніі (Кітай, Іран, Турцыя) альбо з’яўляліся параўнальна развітымі ў сацыяльна-эканамічных адносінах, як, напрыклад, Індыя. Увасабленнем гэтага абуджэння сталі рэвалюцыі ў Іране (1905—1911), Турцыі (1908), Кітаі (1911—1913), уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў Індыі (1905—1908). У гэтых краінах пражывала абсалютная большасць насельніцтва Азіі.

Пытанні

1. Дайце агульную характарыстыку краін Азіі і Афрыкі ў сярэдзіне XIX ст.

2. Якія формы і метады антыкаланіяльнага пратэсту выкарыстоўвалі краіны, што зазналі каланіяльныя захопы?

3. Якія вынікі мелі каланіяльныя захопы для метраполій і калоній?

4. Што абазначае паняцце «абуджэнне Азіі»? Прывядзіце факты, якія сведчаць пра «абуджэнне Азіі».

5. Якія дзяржавы Азіі і Афрыкі захавалі сваю незалежнасць? Чаму яны здолелі супрацьстаяць дзяржавам-захопніцам?

6. Запоўніце табліцу «Станаўленне каланіяльных імперый у другой палове XIX ст.».

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне