§ 8. Славянскія народы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне

1. Становішча славянскіх народаў у складзе іншаземных дзяржаў

На працягу многіх стагоддзяў заходнія і паўднёвыя славяне жылі ў межах буйных дзяржаўных утварэнняў. Да 1918 г. большая іх частка ўваходзіла ў склад Германскай, Расійскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый. Адзіным заходнеславянскім народам, які доўгі час заставаўся па-за межамі гэтых дзяржаў, з’яўляліся палякі. Яны былі лідзіруючым па колькасці народам у Рэчы Паспалітай, пакуль яна не страціла незалежнасць у выніку трох падзелаў у канцы XVIII ст.

Імперскім утварэнням не ўдалося з’яднаць культуры народаў, што насялялі іх тэрыторыі. Усталяваная мадэль дзяржаўнага ўладкавання была прымальная не для ўсіх падданых. З мноства народаў, якія насялялі імперыі, перавагі былі прадастаўлены толькі тым, што маглі стаць апорай трона пэўнага правіцеля. Часта гэта адбывалася на шкоду славянскаму насельніцтву імперый, якое па меры яго эканамічнага і культурнага развіцця станавілася сур’ёзнай палітычнай сілай, што супраціўлялася германізацыі, мадзьярызацыі (саманазва венграў — мадзьяры) і г. д.

У асабліва цяжкім становішчы пад прыгнётам Асманскай імперыі знаходзіліся паўднёваславянскія народы — балгары, сербы, харваты, баснійцы. Еўрапейскія палітыкі таго часу шмат гаварылі пра турэцкія зверствы, Асманскую імперыю лічылі «хворым чалавекам Еўропы». У 1919 г. прэзідэнт Францыі Ж. Клемансо даў наступную ацэнку турэцкім заваяванням: «Была гэта краіна хрысціянская ці магаметанская, куды б ні прыходзілі туркі-заваёўнікі, яны паўсюль неслі разбурэнні. Яны ніводнага разу не аказаліся здольныя мірна развіваць тое, што яны заваявалі зброяй».

На працягу доўгага часу імперыі захоўвалі ўстойлівасць дзякуючы ўсталяванню асаблівай сістэмы кіравання, пры якой цэнтральныя ўлады абапіраліся на мясцовыя арыстакратычныя групоўкі, часта этнічна і рэлігійна адрозныя ад агульнай масы насельніцтва. З развіццём тэлеграфа і сеткі чыгунак з’явілася магчымасць кіраваць вялікімі тэрыторыямі «дыстанцыйна», што ў XVIII ст. было немагчыма. Тым не менш у XIX ст. жыццяздольнасць імперскіх утварэнняў заўважна аслабела. Нацыянальна-вызваленчыя рухі, што разгарнуліся пад сцягам ідэалогіі нацыяналізму, сталі адным з фактараў не толькі аслаблення, але і разбурэння імперый. У найбольшай ступені гэта адносіцца да Асманскай і Аўстрыйскай (Аўстра-Венгерскай) імперый, у склад якіх уваходзілі шматлікія паўднёваславянскія народы.