§ 29. УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЦТВА

Геаграфічныя аспекты МУР чалавецтва. Стратэгія рэалізацыі МУР прадугледжвае збалансаванае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач, праблем захавання спрыяльнага стану навакольнага асяроддзя і прыродна-рэсурснага патэнцыялу. МУР маюць значны геаграфічны змест. Географы ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнародных навуковых праграм, накіраваных на вывучэнне і прагноз развіцця эканамічных, сацыяльных і экалагічных працэсаў, якія адбываюцца на Зямлі. Яны ажыццяўляюць распрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння прыроды і грамадства.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года вызначае мэты, этапы і напрамкі пераходу краіны да постіндустрыяльнага грамадства і інавацыйнага развіцця эканомікі пры гарантаванні ўсебаковага развіцця асобы, павышэння стандартаў жыцця чалавека і забеспячэння спрыяльнага навакольнага асяроддзя.

Стратэгічнай мэтай устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца забеспячэнне высокіх жыццёвых стандартаў насельніцтва і ўмоў для гарманічнага развіцця асобы на аснове пераходу да высокаэфектыўнай эканомікі, заснаванай на ведах і інавацыях, пры захаванні спрыяльнага навакольнага асяроддзя для будучых пакаленняў. Для дасягнення пастаўленай мэты трэба вырашыць наступныя задачы (мал. 212).

I. Задачы ў галіне развіцця чалавека
1. Павышэнне якасці чалавечага патэнцыялу з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага чалавека, выхаванне высокаадукаванай, здаровай, усебакова развітой асобы, успрымальнай да інавацый, здольнай ператварыць свае веды ў фактар эканамічнага прагрэсу
2. Стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць свабодна выбраную занятасць і прафесійнае развіццё, годны ўзровень даходаў, высокую якасць і даступнасць паслуг для ўсіх грамадзян
3. Фарміраванне ўмоў для развіцця інклюзіўнага грамадства, якое забяспечвае роўнасць магчымасцей усіх грамадзян, у тым ліку далучэнне Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў і развіццё інклюзіўнай адукацыі
II. Задачы ў сацыяльна-палітычнай галіне
1. Стварэнне дзяржавы для народа, забеспячэнне канструктыўнага дыялогу паміж органамі дзяржаўнага кіравання, грамадствам і бізнесам на прынцыпах адкрытасці, партнёрства і адказнасці ў прававой, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай прасторы пры выкананні міжнародных прававых норм і абавязацельстваў
2. Фарміраванне сталай грамадзянскай супольнасці, павышэнне ролі моладзі, дзелавых і навуковых колаў у прыняцці рашэнняў па нацыянальных і рэгіянальных праблемах развіцця
3. Узмацненне інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусветныя гандлёвыя сеткі і сістэму міжнароднага падзелу працы, ліквідацыя знешніх пагроз для развіцця краіны ў рамках Глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця
III. Задачы ў сферы эканомікі
1. Фарміраванне высокаэфектыўнай, сацыяльна арыентаванай і канкурэнтаздольнай эканомікі новага тыпу — эканомікі ведаў з развітымі рыначнымі інстытутамі і інфраструктурай
2. Паскоранае развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей, прамысловых інавацыйных кластараў, інфраструктурных сектараў эканомікі, якія ўплываюць на якасць чалавечага развіцця
3. Павышэнне ўстойлівасці вытворчасці і спажывання, у тым ліку за кошт эфектыўнага кіравання аднаўляльнымі і неаднаўляльнымі рэсурсамі, скарачэння аб’ёмаў утварэння адходаў вытворчасці і спажывання, фарміравання адказных спажывецкіх паводзін
4. Павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання, заснаванай пераважна на рыначных інструментах рэгулявання, рост мясцовых ініцыятыў, стварэнне эфектыўнай структуры ўласнасці
5. Пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў розных сферах эканомікі з краінамі — стратэгічнымі партнёрамі, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікай, Расійскай Федэрацыяй, дзяржавамі Еўрасаюза
IV. Задачы ў галіне экалогіі
1. Захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя, якое забяспечвае неабходныя ўмовы для жыцця не толькі цяперашніх, але і будучых пакаленняў
2. Забеспячэнне экалагічнай бяспекі
3. Зніжэнне антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, аднаўленне парушанай экалагічнай раўнавагі, рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў прыродных рэсурсаў
4. Экалагічна бяспечнае выкарыстанне адходаў вытворчасці і спажывання
5. Дасягненне высокіх экалагічных стандартаў жыцця насельніцтва, паляпшэнне экалагічнага стану навакольнага асяроддзя
Мал. 212. Задачы Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года

icon Свет і Беларусь. Чакаецца, што рэалізацыя стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь у галіне экалагізацыі нацыянальнай эканомікі дазволіць да 2030 г. забяспечыць: рост ВУП у 1,5–2 разы; павелічэнне чаканай працягласці жыцця да 77 гадоў; павышэнне выдаткаў на навуковыя даследаванні і распрацоўкі да 2,5 % ад ВУП; рост удзельнай вагі выдаткаў на ахову навакольнага асяроддзя да 2–3 % ад ВУП; скарачэнне аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў на 15 % у параўнанні з 1990 г.