Печатать книгуПечатать книгу

§ 29. УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЦТВА

icon
Успамінаем. Якое значэнне для развіцця чалавецтва мае геаграфічная абалонка? Якую ролю ў развіцці цывілізацыі іграе сусветная гаспадарка? Як дэмаграфічная сітуацыя ўплывае на ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін?
icon
Вывучаем, каб ведаць. У чым заключаецца сутнасць стратэгіі ўстойлівага развіцця? Для чаго чалавецтву патрэбна стратэгія ўстойлівага развіцця? Якая роля належыць геаграфіі ў распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 29. УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЦТВА
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 23:22
img
Мал. 209. Канферэнцыя ААН, Рыа-дэ-Жанейра, 3–14 чэрвеня 1992 г.

Паняцце і асноўныя прынцыпы ўстойлівага развіцця чалавецтва. 3–14 чэрвеня 1992 г. у Рыа-дэ-Жанейра адбылася Другая канферэнцыя ААН па навакольным асяроддзі і развіцці (мал. 209). На ёй сустрэліся 114 кіраўнікоў дзяржаў, дыпламаты са 178 краін, прадстаўнікі 1600 няўрадавых арганізацый, прысутнічала вялікая колькасць журналістаў.

На канферэнцыі галоўнай мэтай чалавецтва было названа «ўстойлівае (падтрымліваючае) развіццё» грамадства і былі прапанаваныя 27 прынцыпаў яго дасягнення. Яны прадугледжваюць: устанаўленне новага, справядлівага глабальнага партнёрства шляхам стварэння новых узроўняў супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, ключавымі сектарамі грамадства і людзьмі; заключэнне міжнародных пагадненняў, якія забяспечваюць павагу інтарэсаў усіх людзей і ахову цэласнасці глабальнай сістэмы навакольнага асяроддзя; прызнанне комплекснага і ўзаемазалежнага характару Зямлі як дома ўсяго чалавецтва.

icon Стратэгія ўстойлівага развіцця — стратэгія, якая забяспечвае збалансаванае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач і праблем захавання спрыяльнага стану навакольнага асяроддзя і прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў мэтах задавальнення жыццёвых патрэб цяперашняга і будучых пакаленняў.

У цэнтры ўвагі стратэгіі ўстойлівага развіцця знаходзіцца чалавек з яго сацыяльнымі патрэбамі — фізіялагічнымі і асобаснымі (матэрыяльнымі, культурнымі, духоўнымі). Іх задавальненне ў сучасным свеце шмат у чым залежыць ад стану эканамічнай сферы — вытворчай сістэмы і эканамічных адносін. У сваю чаргу сацыяльны і эканамічны складнікі ўстойлівага развіцця залежаць ад функцыянавання геаграфічнай абалонкі.

icon Паразважаем. Чаму ў цэнтры ўвагі канцэпцыі ўстойлівага развіцця знаходзіцца чалавек?

Для таго каб развіццё чалавецтва было ўстойлівым, неабходна забеспячэнне ўзгодненага ўзаемадзеяння эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай сфер яго жыццядзейнасці.

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб знаўцаў-географаў. «Законная» біялагічная колькасць Homo sapiens як віду вышэйшых прыматаў складае каля 500 тыс. У цяперашні час яна перавышана на 4 парадкі, або больш чым у 10 тыс. разоў! У XX ст. рост народанасельніцтва свету набыў характар дэмаграфічнага выбуху: насельніцтва Зямлі павялічылася амаль у 4 разы. Нічога падобнага ў вышэйшых млекакормячых ніколі не назіралася. Іх відавая колькасць на працягу вялікіх перыядаў адносна стабільная.

У сусветным маштабе стратэгія ўстойлівага развіцця прадугледжвае рэалізацыю наступных генеральных напрамкаў (мал. 210).

img
Мал. 210. Асноўныя напрамкі рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця

Відавочна, што стратэгія ўстойлівага развіцця недасканалая, але ў той жа час гэта найбольш рэалістычнае з таго, што можа зрабіць чалавецтва.

icon Клуб знаўцаў-географаў. У цяперашні час усе краіны Еўрапейскага Саюза актыўна праводзяць палітыку ўстойлівага развіцця на нацыянальным узроўні, у 23-х з іх яна аформлена ў выглядзе асобнага стратэгічнага дакумента. Стратэгіі адрозніваюцца па структуры, прыярытэтах і дэталёвасці. Аднак усе яны адпавядаюць рэкамендацыям, выпрацаваным ААН і міжнароднымі арганізацыямі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Старажытная шумерская цывілізацыя ў даліне ракі Еўфрат у 4 тысячагоддзі да н. э. па ўзроўні развіцця нашмат пераўзыходзіла ўсе цывілізацыі, якія існавалі да яе. Дзякуючы наяўнасці тэхнічна складаных сістэм арашэння, там развівалася высокапрадукцыйная сельская гаспадарка. Але вялікі адвод вады на палі па арашальных каналах прывёў да павышэння ўзроўню грунтавых вод, засалення глеб і зніжэння іх прадукцыйнасці. На засоленых глебах ураджаі пшаніцы і ячменю катастрафічна падалі, запасы харчавання скарачаліся. Гэта падарвала эканоміку вялікай цывілізацыі. У Амерыцы аналагам шумерскай цывілізацыі была цывілізацыя майя. Як і ў шумераў, у майя была складаная высокапрадукцыйная сельская гаспадарка, абсталяваная ірыгацыйнымі сістэмамі. Як лічаць навукоўцы, гібель цывілізацыі майя, як і шумераў, звязана з пагаршэннем забеспячэння харчаваннем. Заняпад сельскай гаспадаркі быў выкліканы эрозіяй глеб у выніку звядзення лясоў. З-за недахопу харчавання пачаліся грамадзянскія войны паміж гарадамі майя, якія загубілі цывілізацыю. Гэта прыклад усяго толькі дзвюх старажытных цывілізацый, якія загінулі ў выніку таго, што ў пэўны момант свайго развіцця яны ўступілі на эканамічны шлях, які супярэчыў прыродным магчымасцям іх тэрыторый.

Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця чалавецтва на перыяд да 2030 года. Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця, афіцыйна вядомыя як дакумент ААН «Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года», утрымліваюць 17 глабальных мэт і 169 адпаведных ім задач.

Павышаны ўзровень П2

МУР носяць комплексны і непадзельны характар і забяспечваюць збалансаванасць усіх трох кампанентаў устойлівага развіцця: эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага (мал. 211).

img
Мал. 211. Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця чалавецтва

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму для дасягнення МУР неабходны сумесныя дзеянні ўсяго чалавецтва?

iconКлуб знаўцаў-географаў. Мяркуецца, што дасягненне МУР будзе ажыццяўляцца згодна наступным палажэнням (мал.211-1).

img
Мал. 211-1. Асноўныя палажэнні па дасягненні МУР

Геаграфічныя аспекты МУР чалавецтва. Стратэгія рэалізацыі МУР прадугледжвае збалансаванае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач, праблем захавання спрыяльнага стану навакольнага асяроддзя і прыродна-рэсурснага патэнцыялу. МУР маюць значны геаграфічны змест. Географы ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнародных навуковых праграм, накіраваных на вывучэнне і прагноз развіцця эканамічных, сацыяльных і экалагічных працэсаў, якія адбываюцца на Зямлі. Яны ажыццяўляюць распрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння прыроды і грамадства.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года вызначае мэты, этапы і напрамкі пераходу краіны да постіндустрыяльнага грамадства і інавацыйнага развіцця эканомікі пры гарантаванні ўсебаковага развіцця асобы, павышэння стандартаў жыцця чалавека і забеспячэння спрыяльнага навакольнага асяроддзя.

Стратэгічнай мэтай устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца забеспячэнне высокіх жыццёвых стандартаў насельніцтва і ўмоў для гарманічнага развіцця асобы на аснове пераходу да высокаэфектыўнай эканомікі, заснаванай на ведах і інавацыях, пры захаванні спрыяльнага навакольнага асяроддзя для будучых пакаленняў. Для дасягнення пастаўленай мэты трэба вырашыць наступныя задачы (мал. 212).

I. Задачы ў галіне развіцця чалавека
1. Павышэнне якасці чалавечага патэнцыялу з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага чалавека, выхаванне высокаадукаванай, здаровай, усебакова развітой асобы, успрымальнай да інавацый, здольнай ператварыць свае веды ў фактар эканамічнага прагрэсу
2. Стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць свабодна выбраную занятасць і прафесійнае развіццё, годны ўзровень даходаў, высокую якасць і даступнасць паслуг для ўсіх грамадзян
3. Фарміраванне ўмоў для развіцця інклюзіўнага грамадства, якое забяспечвае роўнасць магчымасцей усіх грамадзян, у тым ліку далучэнне Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў і развіццё інклюзіўнай адукацыі
II. Задачы ў сацыяльна-палітычнай галіне
1. Стварэнне дзяржавы для народа, забеспячэнне канструктыўнага дыялогу паміж органамі дзяржаўнага кіравання, грамадствам і бізнесам на прынцыпах адкрытасці, партнёрства і адказнасці ў прававой, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай прасторы пры выкананні міжнародных прававых норм і абавязацельстваў
2. Фарміраванне сталай грамадзянскай супольнасці, павышэнне ролі моладзі, дзелавых і навуковых колаў у прыняцці рашэнняў па нацыянальных і рэгіянальных праблемах развіцця
3. Узмацненне інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусветныя гандлёвыя сеткі і сістэму міжнароднага падзелу працы, ліквідацыя знешніх пагроз для развіцця краіны ў рамках Глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця
III. Задачы ў сферы эканомікі
1. Фарміраванне высокаэфектыўнай, сацыяльна арыентаванай і канкурэнтаздольнай эканомікі новага тыпу — эканомікі ведаў з развітымі рыначнымі інстытутамі і інфраструктурай
2. Паскоранае развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей, прамысловых інавацыйных кластараў, інфраструктурных сектараў эканомікі, якія ўплываюць на якасць чалавечага развіцця
3. Павышэнне ўстойлівасці вытворчасці і спажывання, у тым ліку за кошт эфектыўнага кіравання аднаўляльнымі і неаднаўляльнымі рэсурсамі, скарачэння аб’ёмаў утварэння адходаў вытворчасці і спажывання, фарміравання адказных спажывецкіх паводзін
4. Павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання, заснаванай пераважна на рыначных інструментах рэгулявання, рост мясцовых ініцыятыў, стварэнне эфектыўнай структуры ўласнасці
5. Пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў розных сферах эканомікі з краінамі — стратэгічнымі партнёрамі, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікай, Расійскай Федэрацыяй, дзяржавамі Еўрасаюза
IV. Задачы ў галіне экалогіі
1. Захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя, якое забяспечвае неабходныя ўмовы для жыцця не толькі цяперашніх, але і будучых пакаленняў
2. Забеспячэнне экалагічнай бяспекі
3. Зніжэнне антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, аднаўленне парушанай экалагічнай раўнавагі, рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў прыродных рэсурсаў
4. Экалагічна бяспечнае выкарыстанне адходаў вытворчасці і спажывання
5. Дасягненне высокіх экалагічных стандартаў жыцця насельніцтва, паляпшэнне экалагічнага стану навакольнага асяроддзя
Мал. 212. Задачы Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года

icon Свет і Беларусь. Чакаецца, што рэалізацыя стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь у галіне экалагізацыі нацыянальнай эканомікі дазволіць да 2030 г. забяспечыць: рост ВУП у 1,5–2 разы; павелічэнне чаканай працягласці жыцця да 77 гадоў; павышэнне выдаткаў на навуковыя даследаванні і распрацоўкі да 2,5 % ад ВУП; рост удзельнай вагі выдаткаў на ахову навакольнага асяроддзя да 2–3 % ад ВУП; скарачэнне аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў на 15 % у параўнанні з 1990 г.

icon Падвядзём вынікі. Стратэгія ўстойлівага развіцця заключаецца ў забеспячэнні … вырашэння … задач і праблем захавання спрыяльнага стану … … і … патэнцыялу ў мэтах задавальнення … патрэб цяперашняга і будучых пакаленняў. Для ўстойлівага развіцця чалавецтва неабходна забеспячэнне … узаемадзеяння …, … і … сфер яго жыццядзейнасці. Мэты ўстойлівага развіцця забяспечваюць збалансаванасць трох кампанентаў устойлівага развіцця: …, … і … . Географы ажыццяўляюць распрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння … і … .

icon Праверым свае веды. 1. Што разумеецца пад стратэгіяй устойлівага развіцця чалавецтва? 2. Якое значэнне для чалавецтва маюць Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года? 3. Для чаго распрацоўваюцца нацыянальныя стратэгіі развіцця асобных краін і рэгіёнаў?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія сферы жыццядзейнасці чалавецтва вызначаюць яго ўстойлівае развіццё? 2. Які ўдзел прымаюць географы ў рэалізацыі Мэт у галіне ўстойлівага развіцця чалавецтва на перыяд да 2030 года? 3. У чым галоўныя асаблівасці Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года?

icon Ад тэорыі да практыкі. Якое практычнае значэнне мае Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года? Як яна рэалізуецца ў вашай мясцовасці? Прывядзіце прыклады.

icon

Web-ресурсы.
Сайт ААН. ААН і ўстойлівае развіццё.

Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця ў Беларусі.

Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года.