§ 29. УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЦТВА

img
Мал. 209. Канферэнцыя ААН, Рыа-дэ-Жанейра, 3–14 чэрвеня 1992 г.

Паняцце і асноўныя прынцыпы ўстойлівага развіцця чалавецтва. 3–14 чэрвеня 1992 г. у Рыа-дэ-Жанейра адбылася Другая канферэнцыя ААН па навакольным асяроддзі і развіцці (мал. 209). На ёй сустрэліся 114 кіраўнікоў дзяржаў, дыпламаты са 178 краін, прадстаўнікі 1600 няўрадавых арганізацый, прысутнічала вялікая колькасць журналістаў.

На канферэнцыі галоўнай мэтай чалавецтва было названа «ўстойлівае (падтрымліваючае) развіццё» грамадства і былі прапанаваныя 27 прынцыпаў яго дасягнення. Яны прадугледжваюць: устанаўленне новага, справядлівага глабальнага партнёрства шляхам стварэння новых узроўняў супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, ключавымі сектарамі грамадства і людзьмі; заключэнне міжнародных пагадненняў, якія забяспечваюць павагу інтарэсаў усіх людзей і ахову цэласнасці глабальнай сістэмы навакольнага асяроддзя; прызнанне комплекснага і ўзаемазалежнага характару Зямлі як дома ўсяго чалавецтва.

icon Стратэгія ўстойлівага развіцця — стратэгія, якая забяспечвае збалансаванае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач і праблем захавання спрыяльнага стану навакольнага асяроддзя і прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў мэтах задавальнення жыццёвых патрэб цяперашняга і будучых пакаленняў.

У цэнтры ўвагі стратэгіі ўстойлівага развіцця знаходзіцца чалавек з яго сацыяльнымі патрэбамі — фізіялагічнымі і асобаснымі (матэрыяльнымі, культурнымі, духоўнымі). Іх задавальненне ў сучасным свеце шмат у чым залежыць ад стану эканамічнай сферы — вытворчай сістэмы і эканамічных адносін. У сваю чаргу сацыяльны і эканамічны складнікі ўстойлівага развіцця залежаць ад функцыянавання геаграфічнай абалонкі.

icon Паразважаем. Чаму ў цэнтры ўвагі канцэпцыі ўстойлівага развіцця знаходзіцца чалавек?

Для таго каб развіццё чалавецтва было ўстойлівым, неабходна забеспячэнне ўзгодненага ўзаемадзеяння эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай сфер яго жыццядзейнасці.

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб знаўцаў-географаў. «Законная» біялагічная колькасць Homo sapiens як віду вышэйшых прыматаў складае каля 500 тыс. У цяперашні час яна перавышана на 4 парадкі, або больш чым у 10 тыс. разоў! У XX ст. рост народанасельніцтва свету набыў характар дэмаграфічнага выбуху: насельніцтва Зямлі павялічылася амаль у 4 разы. Нічога падобнага ў вышэйшых млекакормячых ніколі не назіралася. Іх відавая колькасць на працягу вялікіх перыядаў адносна стабільная.

У сусветным маштабе стратэгія ўстойлівага развіцця прадугледжвае рэалізацыю наступных генеральных напрамкаў (мал. 210).

img
Мал. 210. Асноўныя напрамкі рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця

Відавочна, што стратэгія ўстойлівага развіцця недасканалая, але ў той жа час гэта найбольш рэалістычнае з таго, што можа зрабіць чалавецтва.

icon Клуб знаўцаў-географаў. У цяперашні час усе краіны Еўрапейскага Саюза актыўна праводзяць палітыку ўстойлівага развіцця на нацыянальным узроўні, у 23-х з іх яна аформлена ў выглядзе асобнага стратэгічнага дакумента. Стратэгіі адрозніваюцца па структуры, прыярытэтах і дэталёвасці. Аднак усе яны адпавядаюць рэкамендацыям, выпрацаваным ААН і міжнароднымі арганізацыямі.