§ 26. ПРАБЛЕМА ЗАХАВАННЯ МІРУ

Сутнасць праблемы захавання міру і бяспекі. Праблема захавання міру на працягу ўсёй гісторыі развіцця чалавецтва адносіцца да найбольш актуальных і прыярытэтных для ўсяго свету.

Сутнасцю праблемы захавання міру ў глабальным кантэксце з’яўляецца прадухіленне Трэцяй сусветнай вайны. Гэта звязана з тым, што сучасная буйнамаштабная вайна з выкарыстаннем зброі масавага паражэння здольна прывесці да знішчэння цэлых краін, кантынентаў і ставіць пад пагрозу існаванне ўсяго чалавецтва.

У аснове праблемы ляжыць некалькі прычын. Па-першае, распрацоўка ядзернай зброі, зброі масавага паражэння і яе распаўсюджванне па планеце. Па-другое, узмацненне нераўнамернасці ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж краінамі, якія развіваюцца, і развітымі краінамі, абвастрэнне энергетычнай праблемы. Па-трэцяе, назапашванне велізарных сусветных запасаў сучаснай зброі, здольнай мнагакратна знішчыць усё насельніцтва планеты. Па-чацвёртае, пастаянны рост ваенных выдаткаў і маштабаў гандлю зброяй.

icon Клуб знаўцаў-географаў. У эпоху ўзнікнення сусветнай капіталістычнай гаспадаркі войны набылі глабальны характар. Так, у войнах і канфліктах XVI ст. загінулі 1,6 млн чал., XVII ст. — 6,1 млн, XVIII ст. — 7 млн, XIX ст. — больш за 19 млн чал. XX ст. прынесла непараўнальна больш вялікія страты — 110 млн чал. З іх у час Першай сусветнай вайны (1914–1918 гг.), у якой удзельнічалі 38 дзяржаў, загінула 9,5 млн, у час Другой сусветнай вайны (1939–1945 гг.), у якой удзельнічалі 72 дзяржавы, — 62 млн. Ужо пасля Другой сусветнай вайны назіралася больш за 300 ваенных канфліктаў у розных рэгіёнах планеты.

icon Свет і Беларусь. Якія войны праходзілі на тэрыторыі Беларусі? Якія асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь? З якога года наша краіна з’яўляецца членам ААН?

Нягледзячы на міжнародныя намаганні, чалавецтву не ўдалося дамагчыся рашучага прагрэсу ў справе ліквідацыі ядзернай зброі, і кола яго ўладальнікаў шырыцца. Любое з існуючых цяпер сучасных узбраенняў — атамнае, тэрмаядзернае, хімічнае, бактэрыялагічнае — і такія навейшыя, як вакуумнае, лазернае, тэктанічнае, у выпадку яго прымянення здольна знішчыць усё чалавецтва.