§ 25. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ

Дынаміка міжнароднага тэрарызму ў свеце. Сучасны тэрарызм тэхналагічны, жорсткі і маштабны. Свет аказаўся слабым перад тэрарызмам. Пра гэта сведчаць тэрарыстычныя акты, ад якіх незастрахаваныя гарады і дзяржавы, розныя па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця і палітычнай сітуацыі. За некалькі апошніх гадоў тэракты былі здзейсненыя ў такіх буйных гарадах, як Парыж (мал. 186) і Барселона (мал. 187).

img
Мал. 186. Тэрарыстычная атака ў Парыжы, 2015 г.
img
Мал. 187. Тэрарыстычная атака ў Барселоне, 2017 г.

У параўнанні з 2016 г. у свеце адзначана зніжэнне агульнай колькасці тэрактаў на 23 %, а колькасці смерцяў у іх выніку — на 27 %. У асноўным гэта дзякуючы значнаму — на 34 % — скарачэнню колькасці тэрактаў у Іраку. Ірак працягвае заставацца на першым месцы ў свеце па колькасці тэрактаў: за 2017 г. там быў здзейснены 1951 тэрарыстычны акт, які забраў жыцці амаль 4270 чалавек.

icon Клуб знаўцаў-географаў. 11 верасня 2001 г. у ЗША два пасажырскія самалёты, якія былі ўкрадзеныя тэрарыстамі, урэзаліся ў будынкі-«блізняты» Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, цалкам разбурыўшы іх (мал. 188). Яшчэ адзін самалёт, якім кіравалі тэрарысты, уляцеў у заходняе крыло будынка Міністэрства абароны ЗША ў Вашынгтоне. Чацвёрты пасажырскі лайнер, таксама ўкрадзены тэрарыстамі, упаў і разбіўся каля г. Пітсбург (штат Пенсільванія). Паводле афіцыйных звестак, у Нью-Ёрку загінулі 2749 чалавек, у Вашынгтоне — 189 чалавек, у Пенсільваніі — 44 чалавекі.

img
Мал. 188. Тэрарыстычная атака ў ЗША, 2001 г.

У лік дзесяці краін свету, дзе ў 2017 г. было здзейснена больш за ўсё тэрактаў, увайшлі таксама Афганістан, Індыя, Пакістан, Філіпіны, Нігерыя, Самалі, Непал, Егіпет і Сірыя. На топ-5 краін гэтага спіса прыпадаюць 59 % усіх ахвяр.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце асноўныя «кропкі пульсацыі» міжнароднага тэрарызму.

У 2018 г. няўрадавыя ўзброеныя групоўкі здзейснілі звыш 15,3 тыс. тэрактаў па ўсім свеце. У выніку атак загінулі больш за 13,4 тыс. мірных жыхароў. Колькасць тэрактаў істотна ніжэйшая — на 33,2 %, чым у 2017 г.

Для вымярэння ўзроўню тэрарыстычнай актыўнасці ў краінах свету навукоўцамі Інстытута эканомікі і міру распрацаваны Глабальны індэкс тэрарызму (Global Terrorism Index).

Глабальны індэкс тэрарызму вымярае ўзровень тэрарыстычнай актыўнасці ўнутры той ці іншай краіны па чатырох асноўных паказчыках: 1) колькасць тэрарыстычных інцыдэнтаў; 2) колькасць загінулых; 3) колькасць пацярпелых; 4) узровень матэрыяльнага ўрону.

Паводле рэйтынга 2018 г., да пяці краін свету з найбольшымі значэннямі Глабальнага індэкса тэрарызму адносяцца Ірак, Афганістан, Нігерыя, Сірыя, Пакістан.