§ 24. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ХХІ СТ., ІХ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ

Прычыны і наступствы геапалітычных праблем XXI ст. Пачатак ХХІ ст. адзначыўся ўваходжаннем чалавецтва ў якасна новы этап свайго развіцця. Ён характарызуецца працяглымі геапалітычнымі трансфармацыямі: глабалізацыяй, лічбавізацыяй, інфарматызацыяй і інтэграцыяй сусветнай гаспадаркі, рэлігійнымі і нацыянальнымі канфліктамі. Гэтыя працэсы закранаюць усе галіны дзяржаўнай дзейнасці, міжнародных адносін, эканамічную і сацыяльную сферы, праблемы бяспекі, культуру і экалогію.

У якасці найбольш важных геапалітычных тэндэнцый сусветнай гаспадаркі ў ХХІ ст. вылучаюць наступныя:

  • 1) праяўленне двух асноўных наступстваў глабалізацыі: а) абвастрэнне глабальных праблем сучаснасці (рост тэрарыстычных пагроз, пашырэнне зоны рэгіянальных канфліктаў, сепаратызм, этнарэлігійны экстрэмізм, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі і інш.); б) блізкі разлом свету на меншасць, якая квітнее і прагрэсіруе (высокаразвітыя краіны — краіны Поўначы), і большасць, якая бяднее (слабаразвітыя краіны і шэраг краін, якія развіваюцца, — краіны Поўдня);
  • 2) карэннае змяненне структуры сусветнай гаспадаркі ў бок шматпалярнасці. Гэтая тэндэнцыя праяўляецца ў зніжэнні ролі і міжнароднай значнасці ЗША. Дадзенае змяненне адбываецца на фоне ўзнікнення і ўзмацнення новых цэнтраў сілы. Імі выступаюць Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён і Еўрапейскі Саюз з адначасовым павышэннем ролі Лацінаамерыканскага рэгіёна;
  • 3) рэзкае ўзрастанне ўплыву эканамічных фактараў, у першую чаргу энергетыкі, на фарміраванне сусветнай палітыкі, ператварэнне яе ў адзін з галоўных складнікаў геапалітычных працэсаў; перамяшчэнне эканамічных працэсаў у цэнтр сусветнай палітыкі;
  • 4) абвастрэнне нацыянальных, міжэтнічных і міжканфесіянальных канфліктаў і на гэтым фоне зніжэнне ролі міжнародных арганізацый у іх практычным вырашэнні;
  • 5) віртуалізацыя прасторы. Гэтая тэндэнцыя ўтварае асаблівае вымярэнне геапалітычнай карціны свету, дзе асноўныя працэсы пераводзяцца ў глабальную камп’ютарную сетку.

Новая інфармацыйная парадыгма геапалітыкі азначае, што ў XXI ст. перспектывы адносін паміж дзяржавамі вызначаюцца перш за ўсё інфармацыйнай перавагай у віртуальнай прасторы.

Найбольш уплывовымі суб’ектамі фарміравання геапалітычных працэсаў у свеце выступаюць чатыры рэгіёны: а) Еўрапейскі; б) Азіяцка-Ціхаакіянскі; в) Лацінаамерыканскі; г) Злучаныя Штаты Амерыкі.

Найбольш аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй для абмеркавання глабальных праблем сучаснасці, у тым ліку і геапалітычных, лічыцца Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Ён быў створаны ў 1971 г. Членамі Форуму з’яўляюцца каля 1000 буйных кампаній і арганізацый з розных краін. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Швейцарыі (г. Калоньі). Заснавальнік і нязменны кіраўнік СЭФ — прафесар Клаус Шваб. Сусветныя эканамічныя форумы праводзяцца штогод у г. Давос (Швейцарыя).

На думку экспертаў СЭФ, у 2019 г. адной з глабальных праблем у кароткатэрміновай перспектыве з’яўлялася эканамічнае супрацьстаянне найбуйнейшых дзяржаў (мал. 176). На другім месцы знаходзілася разбурэнне шматбаковых гандлёвых пагадненняў, на трэцім — палітычная канфрантацыя паміж найбуйнейшымі дзяржавамі. У пералік найбольш значных пагроз таксама ўвайшлі кібератакі.

img
Мал. 176. Глабальныя праблемы 2019 г. (па ацэнцы СЭФ)

Асноўнымі глабальнымі рызыкамі ў 2019 г. выступалі экстрэмальныя ўмовы надвор’я (мал. 177). На першым месцы па ступені ўздзеяння знаходзіцца геапалітычная рызыка — распаўсюджванне зброі масавага паражэння.

img
Мал. 177. Глабальныя рызыкі 2019 г.

Нараўне з новымі геапалітычнымі праблемамі ХХІ ст. па-ранейшаму актуальнымі для чалавецтва застаюцца праблемы міру і захавання бяспекі, тэрарызму, гандлю людзьмі. Абвастраюцца ў сувязі з ростам эканамічнага супрацьстаяння рэгіянальныя і лакальныя канфлікты.

2020 г. унёс у гісторыю чалавецтва свае карэктывы з-за пандэміі COVID-19 і яе глабальнага ўплыву на развіццё свету.

Павышаны ўзровень П2