Печатать книгуПечатать книгу

§ 25. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ

icon
Успамінаем. Што такое тэрарызм? Калі ўзнікла праблема міжнароднага тэрарызму? Якія міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі з’яўляюцца найбольш небяспечнымі для сучаснага чалавецтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму тэрарызм лічаць галоўнай пагрозай ХХІ ст.? Чаму тэрарызм праяўляецца ў розных формах? Як сусветнай супольнасці супрацьстаяць тэрарызму?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 25. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 19:23

Прычыны і формы праяўлення міжнароднага тэрарызму. З’яўленне феномена міжнароднага тэрарызму супала па часе з завяршэннем працэсу інтэрнацыяналізацыі сусветнай эканомікі, а менавіта калі эканамічныя інтарэсы за мяжой сталі выключна важныя для асобных дзяржаў.

Міжнародны тэрарызм, які з’яўляецца вынікам працэсу глабалізацыі, адносіцца да найбольш значных праблем чалавецтва. Сучасны тэрарызм, які выкарыстоўвае навейшыя тэхналогіі, здольны выклікаць сістэмны сусветны крызіс, і перш за ўсё ў краінах з развітой інфармацыйнай інфраструктурай. Таму адной з яго адметных рыс у XXI ст. лічыцца пераход унутранага тэрарызму ў тэрарызм міжнародны.

Сутнасць тэрарызму заключаецца ў гвалце з мэтай запалохвання. Таму ён выступае адным з найбольш жорсткіх выклікаў сучаснасці і ўяўляе небяспеку для выжывання чалавецтва. Вылучаюць некалькі мэт міжнароднага тэрарызму (мал. 182).

img
Мал. 182. Мэты міжнароднага тэрарызму

Глабальным аб’ектам тэрарыстычных актаў з’яўляецца асабістая і грамадская бяспека. Яе разбурэнне вядзе да запалохвання асобных людзей і цэлых народаў, абмежавання дэмакратычных прынцыпаў у грамадстве і пагрозы існаванню людзей.

icon Свет і Беларусь. Членам якіх арганізацый па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам з’яўляецца Рэспубліка Беларусь? Якія меры адказнасці прадугледжаны заканадаўствам нашай краіны за ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці?

Важная асаблівасць міжнароднага тэрарызму — высокая ступень яго арганізаванасці. Сёння на міжнародным узроўні дзейнічаюць дастаткова масавыя і тэхнічна аснашчаныя тэрарыстычныя арганізацыі. Яны ўяўляюць сабой, па сутнасці, міжнародны тэрарыстычны рух.

У аснове развіцця міжнароднага тэрарызму ляжыць некалькі галоўных прычын, сярод якіх вылучаюць тры групы: сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і духоўна-культурныя (рэлігійныя або ідэалагічныя) (мал. 183).

img
Мал. 183. Прычыны міжнароднага тэрарызму
img
Мал. 184. Формы міжнарод­нага тэрарызму

Сучасны міжнародны тэрарызм мае розныя праявы або формы. Найбольшую небяспеку для свету ўяўляюць чатыры яго формы (мал. 184).

Выкарыстанне выбуховых прыстасаванняў. Асноўная прычына, па якой тэрарысты аддаюць перавагу выкарыстанню выбуховых прыстасаванняў, гэта «эфектыўнасць» тэракта, г. зн. нанясенне значнага ўрону.

Захоп паветранага судна. Дадзеная форма тэрарызму прыводзіць да значных чалавечых ахвяр і прыкоўвае да сябе ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. Гэта тлумачыцца тым, што значную частку тэрарыстычных актаў складаюць захопы, знішчэнні паветраных суднаў і іншыя замахі на бяспеку грамадзянскай авіяцыі.

Захоп марскога судна. Захопы, затрыманні і рабаванне марскіх гандлёвых і іншых грамадзянскіх суднаў, іх экіпажаў і пасажыраў маюць шматвяковую гісторыю. Марскі тэрарызм пачаў пагражаць свету і бяспецы з пачатку 60-х гг. XX ст.

Захоп заложнікаў. Заложнік з’яўляецца асобай, гвалтоўна кім-небудзь затрыманай для забеспячэння выканання дзяржавай або арганізацыяй, да якіх асоба належыць, якіх-небудзь патрабаванняў. Асобы, якія захопліваюць заложнікаў, часта выстаўляюць камбінаваныя патрабаванні: выплата выкупу і выкананне патрабаванняў палітычнага характару.

img
Мал. 185. Віды міжнарод­нага тэрарызму

Праблема міжнароднага тэрарызму звязана з асноўнымі сферамі жыццядзейнасці сусветнай супольнасці і асобных краін: палітыкай, нацыянальнымі адносінамі, рэлігіяй, экалогіяй, злачыннымі супольнасцямі і г. д. Гэта знайшло адлюстраванне ў існаванні розных відаў міжнароднага тэрарызму (мал. 185).

Члены груп, якія ажыццяўляюць палітычны тэрор, ставяць сваёй задачай дасягненне палітычных, сацыяльных або эканамічных змен унутры той ці іншай дзяржавы, а таксама падрыў міждзяржаўных адносін.

Нацыяналістычны тэрарызм мае на мэце вырашэнне нацыянальнага пытання, якое ў апошні час набывае ўсё больш характар сепаратызму ў поліэтнічных дзяржавах.

Рэлігійны від тэрарызму абумоўлены спробамі ўзброеных груповак, якія вызнаюць тую ці іншую рэлігію, весці барацьбу супраць дзяржавы, дзе пануе іншая рэлігія або яе напрамак.

Крымінальны тэрарызм фарміруецца на аснове якога-небудзь злачыннага бізнесу (наркабізнес, незаконны абарот зброі, кантрабанда і т. п.) з мэтай стварэння хаосу і напружанасці — умоў, у якіх найбольш верагодна атрыманне звышпрыбыткаў.

Экалагічны тэрарызм рэалізуюць групоўкі, якія выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады барацьбы з навукова-тэхнічным прагрэсам, забруджваннем навакольнага асяроддзя, забойствам жывёл і будаўніцтвам ядзерных аб’ектаў.

У апошні час у свеце атрымаў развіццё такі новы від тэрарызму, як кібертэрарызм (электронны, камп’ютарны тэрарызм). Пад ім разумеюць наўмысную матываваную атаку на інфармацыю, якую апрацоўвае камп’ютар, камп’ютарную сістэму або сеткі. Кібертэрарысты пад выглядам праграм абароны распаўсюджваюць вірусы, атрымліваючы кантроль над камп’ютарамі паліцыі, бальніц, аэрапортаў. Выкарыстоўваючы інфармацыю ў гэтых сістэмах, яны збіваюць з курсу самалёты, змяняюць гісторыі хвароб пацыентаў, забіваючы такім чынам людзей.

Дынаміка міжнароднага тэрарызму ў свеце. Сучасны тэрарызм тэхналагічны, жорсткі і маштабны. Свет аказаўся слабым перад тэрарызмам. Пра гэта сведчаць тэрарыстычныя акты, ад якіх незастрахаваныя гарады і дзяржавы, розныя па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця і палітычнай сітуацыі. За некалькі апошніх гадоў тэракты былі здзейсненыя ў такіх буйных гарадах, як Парыж (мал. 186) і Барселона (мал. 187).

img
Мал. 186. Тэрарыстычная атака ў Парыжы, 2015 г.
img
Мал. 187. Тэрарыстычная атака ў Барселоне, 2017 г.

У параўнанні з 2016 г. у свеце адзначана зніжэнне агульнай колькасці тэрактаў на 23 %, а колькасці смерцяў у іх выніку — на 27 %. У асноўным гэта дзякуючы значнаму — на 34 % — скарачэнню колькасці тэрактаў у Іраку. Ірак працягвае заставацца на першым месцы ў свеце па колькасці тэрактаў: за 2017 г. там быў здзейснены 1951 тэрарыстычны акт, які забраў жыцці амаль 4270 чалавек.

icon Клуб знаўцаў-географаў. 11 верасня 2001 г. у ЗША два пасажырскія самалёты, якія былі ўкрадзеныя тэрарыстамі, урэзаліся ў будынкі-«блізняты» Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, цалкам разбурыўшы іх (мал. 188). Яшчэ адзін самалёт, якім кіравалі тэрарысты, уляцеў у заходняе крыло будынка Міністэрства абароны ЗША ў Вашынгтоне. Чацвёрты пасажырскі лайнер, таксама ўкрадзены тэрарыстамі, упаў і разбіўся каля г. Пітсбург (штат Пенсільванія). Паводле афіцыйных звестак, у Нью-Ёрку загінулі 2749 чалавек, у Вашынгтоне — 189 чалавек, у Пенсільваніі — 44 чалавекі.

img
Мал. 188. Тэрарыстычная атака ў ЗША, 2001 г.

У лік дзесяці краін свету, дзе ў 2017 г. было здзейснена больш за ўсё тэрактаў, увайшлі таксама Афганістан, Індыя, Пакістан, Філіпіны, Нігерыя, Самалі, Непал, Егіпет і Сірыя. На топ-5 краін гэтага спіса прыпадаюць 59 % усіх ахвяр.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце асноўныя «кропкі пульсацыі» міжнароднага тэрарызму.

У 2018 г. няўрадавыя ўзброеныя групоўкі здзейснілі звыш 15,3 тыс. тэрактаў па ўсім свеце. У выніку атак загінулі больш за 13,4 тыс. мірных жыхароў. Колькасць тэрактаў істотна ніжэйшая — на 33,2 %, чым у 2017 г.

Для вымярэння ўзроўню тэрарыстычнай актыўнасці ў краінах свету навукоўцамі Інстытута эканомікі і міру распрацаваны Глабальны індэкс тэрарызму (Global Terrorism Index).

Глабальны індэкс тэрарызму вымярае ўзровень тэрарыстычнай актыўнасці ўнутры той ці іншай краіны па чатырох асноўных паказчыках: 1) колькасць тэрарыстычных інцыдэнтаў; 2) колькасць загінулых; 3) колькасць пацярпелых; 4) узровень матэрыяльнага ўрону.

Паводле рэйтынга 2018 г., да пяці краін свету з найбольшымі значэннямі Глабальнага індэкса тэрарызму адносяцца Ірак, Афганістан, Нігерыя, Сірыя, Пакістан.

Асноўныя меры пераадолення праблемы міжнароднага тэрарызму. Паколькі тэрарызм выклікаецца многімі сацыяльнымі, палітычнымі, эканамічнымі, гістарычнымі і іншымі прычынамі, то і барацьба з тэрарызмам уяўляе сабой выключна складаную задачу.

Міжнароднай супольнасцю ствараюцца арганізацыі, накіраваныя на барацьбу з тэрарызмам. У першую чаргу гэтая місія ўскладзена на ААН. Пад яе эгідай распрацоўваюцца важныя дакументы па супрацьдзеянні тэрарызму, ствараюцца антытэрарыстычныя цэнтры.

Асноўнымі дакументамі, накіраванымі на барацьбу з міжнародным тэрарызмам, сёння з’яўляюцца:

  • • Канвенцыя аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць асоб, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай, у тым ліку дыпламатычных агентаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з захопам заложнікаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з вярбоўкай, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наёмнікаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з бомбавым тэрарызмам.

У мэтах умацавання і ўзмацнення антытэрарыстычнай дзейнасці дзяржавы — члены ААН у 2006 г. пачалі новы этап барацьбы з тэрарызмам, прыняўшы Глабальную контртэрарыстычную стратэгію.

Стратэгія складае аснову канкрэтнага плана дзеянняў і змяшчае 4 раздзелы (мал. 189). Яна заснавана на беспрэцэдэнтнай згодзе адносна асуджэння тэрарызму ва ўсіх яго формах і праявах.

img
Мал. 189. Асноўныя раздзелы Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН

icon Падвядзём вынікі. Міжнародны тэрарызм з’яўляецца вынікам працэсу глабалізацыі. Міжнародны тэрарызм мае пэўныя мэты: …, …, …, …, … . Асноўнымі прычынамі міжнароднага тэрарызму з’яўляюцца: …, …, … . Дзеянні тэрарыстаў праяўляюцца ў формах: …, …, …, … . Праблема міжнароднага тэрарызму звязана з рознымі сферамі жыццядзейнасці грамадства: …, …, …, …, … . Да краін свету з найбольшымі значэннямі Глабальнага індэкса тэрарызму адносяцца …, …, … .

icon Праверым свае веды. 1. Чаму праблема міжнароднага тэрарызму з’яўляецца адной з найважнейшых геапалітычных праблем XXI ст.? 2. Чым небяспечныя тэрарыстычныя арганізацыі? 3. Чаму ўсе дзяржавы свету павінны аб’яднацца ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам?

icon Ад простага да складанага. 1. Ці згодны вы з выказваннем «Міжнародны тэрарызм — сусветная вайна новага тыпу»? Адказ растлумачце. 2. Чаму эпоха інфармацыйных тэхналогій спрыяе актыўнай дзейнасці міжнародных тэрарыстаў?

icon Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вас запрасілі прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі па супрацьдзеянні тэрарызму. Якія меры барацьбы з гэтай пагрозай чалавецтву вы гатовыя прапанаваць? Выступіце з паведамленнем перад вучнямі класа.

Павышаны ўзровень §25-1