§ 23. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

Рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў свету і энергазберажэнне. Вычарпанне сыравіннай базы энергетычных рэсурсаў свету прывяло да неабходнасці фарміравання падыходаў да іх рацыянальнага выкарыстання. Мэтазгоднасць рацыянальнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў свету абумоўлена чатырма асноўнымі прычынамі (мал. 167).

img
Мал. 167. Прычыны рацыянальнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў

Эфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў дазваляе чалавеку жыць лепш (больш вырабляць цяпла, энергіі і прадукцыі ў разліку на адзінку рэсурсаў). Неэфектыўнае расходаванне прыродных рэсурсаў забруджвае атмасферу, ваду і глебы.

Рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў у свеце прывяло да ўзнікнення энергазберажэння і энергазберагальных тэхналогій.

img
Мал. 168. Святлодыёднае асвятленне

icon Паразважаем. Канцэпцыя зялёнай эканомікі — гэта мадэль эканомікі, якая вядзе да паляпшэння здароўя і сацыяльнай справядлівасці насельніцтва, а таксама да значнага памяншэння небяспечнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і да зніжэння экалагічнага дэфіцыту. Назавіце асноўныя напрамкі развіцця зялёнай эканомікі.

У сучасным свеце колькасць энергазберагальных тэхналогій павялічваецца. Некаторыя з іх перастаюць быць дарагімі і становяцца даступнымі многім. Прыкладамі найбольш распаўсюджаных энергазберагальных тэхналогій з’яўляюцца шклопакеты для вокнаў, энергазберагальныя і святлодыёдныя лямпачкі (мал. 168), электрамабілі, уцяпляльнікі для сцен дамоў, выкарыстанне ў побыце міні-сонечных батарэй і геліяпанэлей для абагрэву дамоў (мал. 169) і інш.

img
Мал. 169. Геліяактыўны будынак

icon Клуб знаўцаў-географаў. У Нарвегіі ў 2014 г. пабудавалі першы офісны будынак, які вырабляе больш энергіі, чым спажывае. Будынак знаходзіцца ў горадзе Тронхейм (мал. 170) і можа прыстасоўвацца да знешніх умоў. У аснове канструкцыі ляжыць ідэя ўтрымання сонечнай энергіі. Сонечныя элементы і цеплавыя помпы вырабляюць электрычнасць і забяспечваюць абагрэў будынка, а марская вада садзейнічае рабоце як сістэмы награвання, так і сістэмы ахалоджвання. Будынак стаіць на вузкім марскім заліве з напрамкам плыні ў бок поўначы, а яго скатны дах звернуты на поўдзень, што стварае аптымальныя ўмовы для назапашвання сонечнай энергіі. Размяшчэнне сонечных элементаў і вокнаў фасада рэгулюе актыўнасць сонца, ствараючы нармальныя ўмовы асвятлення і зводзячы да мінімуму расход энергіі.

img
Мал. 170. Энергазберагальны будынак у Тронхейме