§ 23. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 23. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 02:34 |
Кароткая гісторыя вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы. Працяглае асваенне сусветных запасаў і рост аб’ёмаў здабычы энергетычных рэсурсаў прывялі чалавецтва да энергетычнай праблемы. Развіццё сусветнай гаспадаркі ў другой палове ХХ ст. звязана з выкарыстаннем двух асноўных шляхоў яе вырашэння.
Экстэнсіўны шлях вырашэння энергетычнай праблемы прадугледжвае далейшае павелічэнне здабычы энерганосьбітаў і абсалютны рост энергаспажывання. Гэты шлях быў характэрны для свету аж да сярэдзіны 1990-х гг. У цяперашні час такі спосаб пераважае ў краінах, якія развіваюцца.

У выніку высокіх тэмпаў росту аб’ёмаў здабычы і спажывання энергетычных рэсурсаў у некаторых краінах у 1980-х гг. стала назірацца вычарпанне іх запасаў. Гэтая тэндэнцыя прывяла да пошукаў спосабаў больш рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў, а менавіта — павелічэнню вытворчасці прадукцыі на адзінку энергетычных выдаткаў. Такі шлях сталі называць інтэнсіўным.
Інтэнсіўны шлях вырашэння энергетычнай праблемы, які першапачаткова актыўна выкарыстоўвалі ў асноўным развітыя краіны, дазволіў у значнай ступені змякчыць наступствы энергетычнага крызісу 1970–1980-х гг. У гэтых краінах прайшла перабудова эканомікі з мэтай скарачэння энергаёмістасці і энергаёмістых вытворчасцей. Напрыклад, гэта было характэрна для металургіі, цяжкага машынабудавання. Акрамя таго, многія найбольш энергаёмістыя вытворчасці сталі пераносіцца ў краіны, якія развіваюцца.
За перыяд 1990–2018 гг. энергаёмістасць ВУП у свеце скарацілася на 1,5 % (мал. 165).
Свет і Беларусь. Што з’явілася прычынай развіцця парашковай металургіі ў Беларусі?
Клуб знаўцаў-географаў. Пад энергаёмістасцю ВУП разумеюць адносіны аб’ёму спажыванай энергіі да ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці.
У некаторых краінах свету зніжэнне энергаёмістасці ВУП перавысіла 2,5 %. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, Кітаі, Індыі, Чэхіі. Краінамі з найменшымі аб’ёмамі энергаёмістасці ВУП у свеце, па даных за 2018 г., з’яўляюцца Вялікабрытанія і Італія. Максімальныя значэнні энергаёмістасці ВУП характэрны для Украіны і Расіі (мал. 166).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з максімальнай і мінімальнай энергаёмістасцю ВУП.
У цэлым вырашэнне глабальнай энергетычнай праблемы і ў будучыні будзе залежаць ад зніжэння энергаёмістасці эканомікі, гэта значыць памяншэння расходу энергіі на адзінку вырабленага ВУП.
Такім чынам, глабальнай энергетычнай праблемы ў яе ранейшым разуменні як пагрозы абсалютнага недахопу рэсурсаў у свеце не існуе. Праблемай выступае ўстойлівае забеспячэнне энергарэсурсамі, у тым ліку таннымі.
Рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў свету і энергазберажэнне. Вычарпанне сыравіннай базы энергетычных рэсурсаў свету прывяло да неабходнасці фарміравання падыходаў да іх рацыянальнага выкарыстання. Мэтазгоднасць рацыянальнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў свету абумоўлена чатырма асноўнымі прычынамі (мал. 167).

Эфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў дазваляе чалавеку жыць лепш (больш вырабляць цяпла, энергіі і прадукцыі ў разліку на адзінку рэсурсаў). Неэфектыўнае расходаванне прыродных рэсурсаў забруджвае атмасферу, ваду і глебы.
Рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў у свеце прывяло да ўзнікнення энергазберажэння і энергазберагальных тэхналогій.

Паразважаем. Канцэпцыя зялёнай эканомікі — гэта мадэль эканомікі, якая вядзе да паляпшэння здароўя і сацыяльнай справядлівасці насельніцтва, а таксама да значнага памяншэння небяспечнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і да зніжэння экалагічнага дэфіцыту. Назавіце асноўныя напрамкі развіцця зялёнай эканомікі.
У сучасным свеце колькасць энергазберагальных тэхналогій павялічваецца. Некаторыя з іх перастаюць быць дарагімі і становяцца даступнымі многім. Прыкладамі найбольш распаўсюджаных энергазберагальных тэхналогій з’яўляюцца шклопакеты для вокнаў, энергазберагальныя і святлодыёдныя лямпачкі (мал. 168), электрамабілі, уцяпляльнікі для сцен дамоў, выкарыстанне ў побыце міні-сонечных батарэй і геліяпанэлей для абагрэву дамоў (мал. 169) і інш.

Клуб знаўцаў-географаў. У Нарвегіі ў 2014 г. пабудавалі першы офісны будынак, які вырабляе больш энергіі, чым спажывае. Будынак знаходзіцца ў горадзе Тронхейм (мал. 170) і можа прыстасоўвацца да знешніх умоў. У аснове канструкцыі ляжыць ідэя ўтрымання сонечнай энергіі. Сонечныя элементы і цеплавыя помпы вырабляюць электрычнасць і забяспечваюць абагрэў будынка, а марская вада садзейнічае рабоце як сістэмы награвання, так і сістэмы ахалоджвання. Будынак стаіць на вузкім марскім заліве з напрамкам плыні ў бок поўначы, а яго скатны дах звернуты на поўдзень, што стварае аптымальныя ўмовы для назапашвання сонечнай энергіі. Размяшчэнне сонечных элементаў і вокнаў фасада рэгулюе актыўнасць сонца, ствараючы нармальныя ўмовы асвятлення і зводзячы да мінімуму расход энергіі.


Усеагульны доступ да сучасных крыніц энергіі. Нягледзячы на агульнасусветны рост аб’ёмаў спажывання энергіі, значная частка чалавецтва адчувае яе недахоп і адсутнасць магчымасці яе выкарыстання.
Па даных ААН, доступ да электрычнасці не маюць 1,2 млрд чал., гэта значыць кожны шосты жыхар Зямлі. Найбольшая частка гэтых людзей пражывае прыкладна ў 12 краінах Афрыкі і Азіі.
На вырашэнне глабальнай энергетычнай праблемы накіравана Мэта 7 з Мэт у галіне ўстойлівага развіцця — «Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх» (мал. 171).
Клуб знаўцаў-географаў. Больш за 3 млрд чал., большасць з якіх пражываюць у краінах Азіі і Афрыкі на поўдзень ад Сахары, па-ранейшаму гатуюць ежу без прымянення экалагічна чыстых відаў паліва і эфектыўных тэхналогій. 860 млн чал. жывуць без электрычнасці. 50 % з іх пражываюць у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары (мал. 172). Нягледзячы на тое што ў апошнія гады назіраецца імклівае пашырэнне маштабаў выкарыстання сонечнай і ветравой энергіі, доля энергіі, што выпрацоўваецца гэтымі крыніцамі, у агульным аб’ёме энергаспажывання застаецца адносна невысокай.

Прагрэсу ў галіне ўстойлівага энергазабеспячэння недастаткова для арганізацыі доступу да крыніц энергіі для ўсіх і рашэння задач, звязаных з выкарыстаннем энергіі з аднаўляльных крыніц. Для дасягнення пастаўленай мэты сусветнай супольнасцю вырашаюцца пяць задач (мал. 173).

Перспектывы развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі. Альтэрнатыўная энергетыка атрымлівае ў свеце ўсё большае развіццё. У 2015 г. 173 краіны свету праводзілі палітыку падтрымкі аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ).
У 2018 г. рост выкарыстання сучасных аднаўляльных крыніц энергіі апярэдзіў тэмпы росту спажывання энергіі. Доля АКЭ ў структуры спажывання складае 20 %. Па прагнозах, да 2030 г. яна вырасце ў свеце да 29 %.
Доля спажывання АКЭ па краінах істотна адрозніваецца (мал. 174).

Свет і Беларусь. Якія альтэрнатыўныя крыніцы энергіі выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь? У якіх абласцях размешчаны электрастанцыі, якія вырабляюць электрычную энергію з альтэрнатыўных крыніц?
Гідраэнергетыка застаецца найбуйнейшай крыніцай аднаўляльнай электраэнергіі і складала ў структуры вытворчасці 68 % у 2016 г. Другое месца займае ветравая энергетыка (18 %), трэцяе — сонечная (7,5 %). Сярод альтэрнатыўных крыніц энергіі найбольшымі тэмпамі станоўчай дынамікі аб’ёмаў вытворчасці адрозніваецца сонечная і ветравая энергетыка.
Перспектывы развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі звязаны з наступнымі трыма напрамкамі: 1) рост долі аднаўляльных крыніц энергіі ў структуры спажывання; 2) рост долі аднаўляльных крыніц энергіі ў структуры вытворчасці электраэнергіі; 3) штогадовае павелічэнне вытворчасці сонечнай і ветравой энергіі (мал. 175).

Энергетычная бяспека. Асновай эканамічнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца энергетычная бяспека, непарыўна звязаная з наяўнасцю доступу да стратэгічных рэсурсаў.
Энергетычная бяспека — забеспячэнне бесперабойнага доступу да энергетычных рэсурсаў па прымальных цэнах.
Павелічэнне попыту на энергарэсурсы ў большасці краін свету, асабліва ў Азіі, і тэрытарыяльны разрыў паміж раёнамі вытворчасці і спажывання энергетычных рэсурсаў рэзка абвастрылі праблему надзейнасці іх паставак, абароны ад прыродных, тэхналагічных, ваенных, палітычных, тэрарыстычных і іншых пагроз.
Клуб знаўцаў-географаў. Праблема бяспекі транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў становіцца ў цяперашні час адной з ключавых. Пагрозы з боку піратаў, палітычная напружанасць у раёне праліваў, абмежаваная прапускная здольнасць шэрагу важных марскіх праліваў патрабуюць рашэнняў, якія будуць гарантаваць бяспеку марскіх шляхоў транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў. Так, праз Армузскі праліў перавозіцца да 15 млн барэляў нафты за суткі (амаль 20 % сусветнага спажывання), праз Малакскі праліў — да 11 млн барэляў, праз пралівы Басфор і Дарданелы — да 3 млн барэляў, праз Суэцкі канал — да 1,3 млн барэляў. Спыненне або абмежаванне транзіту нафты ў гэтых раёнах прывядзе да катастрафічных наступстваў не толькі для сусветнай энергетыкі, але і для эканомікі ў цэлым.
Калектыўнае супрацьстаянне перабоям паставак нафты ў кароткатэрміновым перыядзе застаецца адной з асноўных мэт дзейнасці Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Агенцтва распрацоўвае таксама перспектыўныя стратэгіі дыверсіфікацыі відаў энергіі і крыніц паставак, паглыблення інтэграцыі энергетычных рынкаў.
Падвядзём вынікі. У ХХ ст. рашэнне глабальнай энергетычнай праблемы ажыццяўлялася двума шляхамі: … і … . Рашэнне глабальнай энергетычнай праблемы звязана са зніжэннем энергаёмістасці эканомікі. Рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў абумоўлена шэрагам прычын і прывяло да ўзнікнення … і … . У мэтах вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы ўсё большае развіццё атрымлівае … энергетыка на аснове выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. Забеспячэнне бесперабойнага доступу да энергетычных рэсурсаў па прымальных цэнах з’яўляецца энергетычнай … .
Праверым свае веды. 1. Якім чынам чалавецтва ажыццяўляе вырашэнне энергетычнай праблемы? 2. Чаму важным рашэннем у далейшым развіцці сусветнай эканомікі з’яўляецца зніжэнне яе энергаёмістасці? 3. Якія перспектывы развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі існуюць?
Ад простага да складанага. 1. Як развітыя краіны свету правялі маштабную перабудову эканомікі ў напрамку зніжэння долі энергаёмістых вытворчасцей? 2. Ці змогуць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі забяспечыць электрычнасцю буйныя населеныя пункты? 3. Дзе, на вашу думку, на планеце знаходзяцца рэгіёны, у якіх аптымальна будаваць электрастанцыі, што працуюць на альтэрнатыўных крыніцах энергіі? 4. Якім чынам Рэспубліка Беларусь, маючы нязначныя запасы энергарэсурсаў, можа вырашыць энергетычную праблему?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы матэрыялы ААН па Мэтах у галіне ўстойлівага развіцця (спасылка па QR-коду), прайдзіце тэст «Як я засвоіў МУР 7». 2. Распрацуйце праект «Мая “зялёная” школа», выкарыстоўваючы прынцыпы зялёнай эканомікі. 3. Падрыхтуйце паведамленне «Цікавыя факты з гісторыі энергетыкі».
