§ 23. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

Кароткая гісторыя вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы. Працяглае асваенне сусветных запасаў і рост аб’ёмаў здабычы энергетычных рэсурсаў прывялі чалавецтва да энергетычнай праблемы. Развіццё сусветнай гаспадаркі ў другой палове ХХ ст. звязана з выкарыстаннем двух асноўных шляхоў яе вырашэння.

Экстэнсіўны шлях вырашэння энергетычнай праблемы прадугледжвае далейшае павелічэнне здабычы энерганосьбітаў і абсалютны рост энергаспажывання. Гэты шлях быў характэрны для свету аж да сярэдзіны 1990-х гг. У цяперашні час такі спосаб пераважае ў краінах, якія развіваюцца.

img
Мал. 165. Дынаміка энергаёмістасці ВУП у свеце, кг нафтавага эквіваленту да дол. ППЗ

У выніку высокіх тэмпаў росту аб’ёмаў здабычы і спажывання энергетычных рэсурсаў у некаторых краінах у 1980-х гг. стала назірацца вычарпанне іх запасаў. Гэтая тэндэнцыя прывяла да пошукаў спосабаў больш рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў, а менавіта — павелічэнню вытворчасці прадукцыі на адзінку энергетычных выдаткаў. Такі шлях сталі называць інтэнсіўным.

Інтэнсіўны шлях вырашэння энергетычнай праблемы, які першапачаткова актыўна выкарыстоўвалі ў асноўным развітыя краіны, дазволіў у значнай ступені змякчыць наступствы энергетычнага крызісу 1970–1980-х гг. У гэтых краінах прайшла перабудова эканомікі з мэтай скарачэння энергаёмістасці і энергаёмістых вытворчасцей. Напрыклад, гэта было характэрна для металургіі, цяжкага машынабудавання. Акрамя таго, многія найбольш энергаёмістыя вытворчасці сталі пераносіцца ў краіны, якія развіваюцца.

За перыяд 1990–2018 гг. энергаёмістасць ВУП у свеце скарацілася на 1,5 % (мал. 165).

icon Свет і Беларусь. Што з’явілася прычынай развіцця парашковай металургіі ў Беларусі?

icon Клуб знаўцаў-географаў. Пад энергаёмістасцю ВУП разумеюць адносіны аб’ёму спажыванай энергіі да ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці.

У некаторых краінах свету зніжэнне энергаёмістасці ВУП перавысіла 2,5 %. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, Кітаі, Індыі, Чэхіі. Краінамі з найменшымі аб’ёмамі энергаёмістасці ВУП у свеце, па даных за 2018 г., з’яўляюцца Вялікабрытанія і Італія. Максімальныя значэнні энергаёмістасці ВУП характэрны для Украіны і Расіі (мал. 166).

img
Мал. 166. Энергаёмістасць ВУП краін свету, кг нафтавага эквіваленту да дол. ППЗ, 2018 г.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з максімальнай і мінімальнай энергаёмістасцю ВУП.

У цэлым вырашэнне глабальнай энергетычнай праблемы і ў будучыні будзе залежаць ад зніжэння энергаёмістасці эканомікі, гэта значыць памяншэння расходу энергіі на адзінку вырабленага ВУП.

Такім чынам, глабальнай энергетычнай праблемы ў яе ранейшым разуменні як пагрозы абсалютнага недахопу рэсурсаў у свеце не існуе. Праблемай выступае ўстойлівае забеспячэнне энергарэсурсамі, у тым ліку таннымі.