§ 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

Рэсурсны цыкл. Для таго каб стварыць неабходную прадукцыю, атрымаць энергію, сыравіну, чалавек знаходзіць і здабывае прыродныя рэсурсы, перавозіць іх да месцаў перапрацоўкі, вырабляе з іх прадметы, якія ў выніку паступаюць у карыстанне ў выглядзе гатовых вырабаў. Такім чынам чалавек уключае прыродныя рэсурсы ў рэсурсны цыкл.

icon Рэсурсны цыкл — сукупнасць пераўтварэнняў і перамяшчэнняў пэўнага рэчыва на ўсіх этапах выкарыстання яго чалавекам (здабыванне з прыроднага асяроддзя, перапрацоўка, эксплуатацыя, вяртанне ў прыроду).

img
Мал. 150. Віды рэсурсных цыклаў

Вылучаюць некалькі відаў рэсурсных цыклаў, якія цесна звязаныя адзін з адным (мал. 150). Кожны рэсурсны цыкл уключае тры паслядоўныя стадыі: 1) здабыванне з прыроды; 2) перапрацоўка і выкарыстанне; 3) вяртанне ў прыроду. У сувязі з тым што ў сучасным свеце на першы план выходзяць вывучэнне пытанняў рэсурсазабяспечанасці, спажывання рэсурсаў і вырашэнне звязаных з гэтымі пытаннямі праблем, у геаграфіі як навуцы аформіўся новы напрамак — рэсурсазнаўчы.

icon Геаграфічнае рэсурсазнаўства — напрамак, які вывучае размяшчэнне і структуру асобных відаў прыродных рэсурсаў і іх комплексаў, пытанні іх аховы, узнаўлення, эканамічнай ацэнкі, рацыянальнага выкарыстання і рэсурсазабяспечанасці.

Навукоўцы, якія прадстаўляюць гэты напрамак, распрацавалі класіфікацыі прыродных рэсурсаў, прапанавалі канцэпцыі прыродна-рэсурснага патэнцыялу, рэсурсных цыклаў, тэрытарыяльных спалучэнняў прыродных рэсурсаў і іншае. Яны ўдзельнічаюць таксама ў складанні кадастраў прыродных рэсурсаў і іх эканамічнай ацэнцы.