§ 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 01:17 |
Сутнасць праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Мінеральныя рэсурсы адносяцца да неаднаўляльных прыродных запасаў нашай планеты. Менавіта таму адной з глабальных праблем выступае іх вычарпанне. Пад вычарпаннем мінеральных рэсурсаў разумеюць выпрацоўку выкапняў да ступені нерэнтабельнасці далейшай распрацоўкі. Гэта глабальная праблема звязана з абмежаванасцю найважнейшых прыродных і мінеральных рэсурсаў планеты (мал. 140).

Свет і Беларусь. Якія карысныя выкапні экспартуюцца з Рэспублікі Беларусь, а якія імпартуюцца ў яе?
Да асноўных прычын вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў адносяцца індустрыялізацыя, навукова-тэхнічны прагрэс у іх асваенні і рост спажывання.
Выкарыстанне мінеральна-сыравінных рэсурсаў залежыць ад прыродных (непасрэдная наяўнасць рэсурсаў) і сацыяльна-эканамічных (узровень развіцця краіны, навукі і ўкаранення распрацовак у асваенне рэсурсаў, неабходнасць развіцця галіны або віду эканамічнай дзейнасці) фактараў.
Чалавецтва пастаянна павялічвае тэмпы выкарыстання мінеральнай сыравіны. Толькі за першую палову XX ст. колькасць здабытых карысных выкапняў перавысіла тую, якую спажыло чалавецтва за ўвесь папярэдні час існавання. Патрэба ў мінеральнай сыравіне працягвае няўхільна ўзрастаць. Да 2000-х гг. патрэба ў медзі ў параўнанні з 1870 г. узрасла ў 4,8 раза; баксітах і цынку — у 4,2; нікелі — у 4,7; нафце — у 5,2; газе — у 4,5 і вугалі — у 5 разоў.
Рэсурсы карысных выкапняў аднаўляюцца ў працэсе эвалюцыі літасферы. Аднак час іх аднаўлення, які вымяраецца сотнямі тысяч і мільёнамі гадоў, несупастаўны з часам распрацоўкі радовішч і хуткасцю расходавання мінеральных багаццяў. Інтэнсіўная распрацоўка радовішч прывяла да прагрэсіруючага вычарпання зямных нетраў.
Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі. Для ацэнкі ступені вычарпання рэсурсаў тэрыторыі або краіны неабходна ведаць іх прыродна-рэсурсны патэнцыял.
Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі — сукупнасць прыродных рэсурсаў тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць рэальна ўжытыя ў гаспадарчай дзейнасці пры дадзеных тэхнічных і сацыяльна-эканамічных магчымасцях грамадства з умовай захавання асяроддзя пражывання чалавека.
Для характарыстыкі прыродных рэсурсаў прымяняюцца такія паказчыкі, як колькасць (запасы), якасць (утрыманне карыснага элемента, урадлівасць зямель, каларыйнасць паліва і г. д.), даступнасць (глыбіня залягання, сабекошт здабычы і г. д.) і структура (мінеральна-сыравінны, зямельны, водны і іншыя патэнцыялы). Аднак трэба разумець, што прыродныя рэсурсы — гэта не толькі канкрэтныя матэрыяльныя аб’екты, але і ўмовы навакольнага асяроддзя ў сукупнасці (напрыклад, агракліматычныя ўмовы, сейсманебяспечныя ўмовы і г. д.).
Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі выступае найважнейшым гаспадарчым фактарам і адной з прыкмет, па якой ацэньваецца эканоміка-геаграфічнае становішча краіны.
Свет і Беларусь. Ахарактарызуйце прыродна-рэсурсны патэнцыял Рэспублікі Беларусь.
Прыродна-рэсурсны патэнцыял рэгіёна або краіны змяняецца ў працэсе прыродакарыстання. Гэта абумоўлена, з аднаго боку, вычарпаннем асобных відаў прыродных рэсурсаў і нерацыянальнасцю іх выкарыстання, з другога — мэтанакіраванай дзейнасцю чалавека па іх аднаўленні і паляпшэнні (пасадка лясоў, устаноўка гідразбудаванняў, меліярацыя зямель і г. д.).
Паразважаем. Як вы разумееце выраз «Мы не атрымалі ў спадчыну Зямлю ад нашых продкаў. Мы пазычылі яе ў нашых нашчадкаў»?
Геаграфія запасаў і рэсурсазабяспечанасць свету асноўнымі відамі мінеральнай сыравіны. Найважнейшымі энергетычнымі рэсурсамі свету з’яўляюцца нафта, прыродны газ і вугаль.
Сусветныя даказаныя запасы нафты складаюць 244,1 млрд т. З іх найбольшымі запасамі валодаюць тры краіны — Венесуэла, Саудаўская Аравія і Іран (мал. 141). Запасы прыроднага газу ў свеце складаюць 196,9 трлн м3. Асноўныя запасы гэтай сыравіны сканцэнтраваныя ў Расіі, Іране і Катары (мал. 142). Сусветныя запасы вугалю ацэньваюцца ў 1054,8 млрд т. У ЗША, Расіі і Аўстраліі знаходзяцца яго асноўныя запасы (мал. 143).




Паразважаем. Назавіце краіны — лідары па здабычы нафты, прыроднага газу і вугалю. Якая ўзаемасувязь існуе паміж запасамі мінеральна-сыравінных рэсурсаў і ўзроўнем развіцця краіны?
Асноўнай сыравінай для металургіі з’яўляецца жалезная руда. Яе запасы складаюць 170 млрд т. Вядучыя краіны па запасах жалезнай руды — Аўстралія, Бразілія і Расія (мал. 144).
Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца лідарамі па здабычы жалезнай руды.
Рэсурсазабяспечанасць — гэта суадносіны паміж велічынёй прыродных рэсурсаў і памерамі іх выкарыстання. Яна можа выражацца ў колькасці гадоў (мал. 145, 146), на якія павінна хапіць дадзенага рэсурсу, або ў запасах з разліку на душу насельніцтва.


Клуб географаў-знаўцаў. Прыклад разліку, на колькі гадоў хопіць прыроднага рэсурсу: Р = З/з, дзе Р — рэсурсазабяспечанасць, З — запасы дадзенага рэсурсу, з — здабыча рэсурсу. Прыклад разліку прыроднага рэсурсу на душу насельніцтва: Р = З/Н, дзе Р — рэсурсазабяспечанасць, З — запасы дадзенага рэсурсу, Н — насельніцтва дадзенай краіны, рэгіёна, свету.
На паказчыкі рэсурсазабяспечанасці перш за ўсё ўплывае багацце або беднасць тэрыторыі прыроднымі рэсурсамі. Але не меншае значэнне маюць і маштабы іх спажывання.
Свет і Беларусь. Разлічыце агульную рэсурсазабяспечанасць нашай краіны нафтай і на душу насельніцтва, калі вядома, што прамысловыя запасы нафты, паводле ацэнак геолагаў, складаюць 55 млн т, а яе штогадовая здабыча — 1,6 млн т.
Краіны свету адрозніваюцца па запасах прыродных і мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Эканамічна развітыя краіны значна больш забяспечаны рэсурсамі вугалю, жалезных, марганцавых і хромавых руд, поліметалаў, урану і золата. Краіны, якія развіваюцца, лідзіруюць па запасах нафты, прыроднага газу, баксітаў, медзі, волава, вальфраму, алмазаў.
У свеце сфарміравалася група з 10 краін, якія валодаюць, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, найбольшымі запасамі прыродных рэсурсаў. Да іх адносяцца Кітай, Саудаўская Аравія, Канада, Індыя, Расія, Бразілія, ЗША, Венесуэла, ДР Конга і Аўстралія (мал. 147).


Па кошту прыродных рэсурсаў вядучыя месцы ў свеце займаюць Расія, Саудаўская Аравія і Канада (мал. 148).
У цэлым у свеце вылучаюцца тры групы краін па рэсурсазабяспечанасці (мал. 149).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны с лішкам рэсурсаў, рэсурсазабяспечаныя краіны і краіны з недахопам рэсурсаў.
Рэсурсны цыкл. Для таго каб стварыць неабходную прадукцыю, атрымаць энергію, сыравіну, чалавек знаходзіць і здабывае прыродныя рэсурсы, перавозіць іх да месцаў перапрацоўкі, вырабляе з іх прадметы, якія ў выніку паступаюць у карыстанне ў выглядзе гатовых вырабаў. Такім чынам чалавек уключае прыродныя рэсурсы ў рэсурсны цыкл.
Рэсурсны цыкл — сукупнасць пераўтварэнняў і перамяшчэнняў пэўнага рэчыва на ўсіх этапах выкарыстання яго чалавекам (здабыванне з прыроднага асяроддзя, перапрацоўка, эксплуатацыя, вяртанне ў прыроду).

Вылучаюць некалькі відаў рэсурсных цыклаў, якія цесна звязаныя адзін з адным (мал. 150). Кожны рэсурсны цыкл уключае тры паслядоўныя стадыі: 1) здабыванне з прыроды; 2) перапрацоўка і выкарыстанне; 3) вяртанне ў прыроду. У сувязі з тым што ў сучасным свеце на першы план выходзяць вывучэнне пытанняў рэсурсазабяспечанасці, спажывання рэсурсаў і вырашэнне звязаных з гэтымі пытаннямі праблем, у геаграфіі як навуцы аформіўся новы напрамак — рэсурсазнаўчы.
Геаграфічнае рэсурсазнаўства — напрамак, які вывучае размяшчэнне і структуру асобных відаў прыродных рэсурсаў і іх комплексаў, пытанні іх аховы, узнаўлення, эканамічнай ацэнкі, рацыянальнага выкарыстання і рэсурсазабяспечанасці.
Навукоўцы, якія прадстаўляюць гэты напрамак, распрацавалі класіфікацыі прыродных рэсурсаў, прапанавалі канцэпцыі прыродна-рэсурснага патэнцыялу, рэсурсных цыклаў, тэрытарыяльных спалучэнняў прыродных рэсурсаў і іншае. Яны ўдзельнічаюць таксама ў складанні кадастраў прыродных рэсурсаў і іх эканамічнай ацэнцы.
Падвядзём вынікі. Вычарпанне мінеральна-сыравінных рэсурсаў з’яўляецца адной з глабальных праблем чалавецтва. Сукупнасць прыродных рэсурсаў тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць рэальна ўжытыя ў гаспадарчай дзейнасці, вызначае …, які можа змяняцца ў працэсе прыродакарыстання. На колькі чалавецтву хопіць таго ці іншага рэсурсу, дазваляе ацаніць … . Вылучаюцца тры групы краін па рэсурсазабяспечанасці: …, …, … .
Праверым свае веды. 1. У чым заключаецца сутнасць праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў? 2. Што такое прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі? 3. Што такое рэсурсны цыкл? Якія цыклы існуюць?
Ад простага да складанага. 1. Чаму праблема вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў, якая не з’яўляецца вострай для асобных краін, мае глабальны характар? 2. Чаму на нафтавых рынках ідзе хвалепадобнае змяненне цэн на чорнае золата? 3. Пошукі карысных выкапняў праводзяцца ў двух напрамках — «ушырыню» і «ўглыб». Што гэта азначае? У якіх краінах свету пераважаюць такія напрамкі?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Складзіце схему аднаго з рэсурсных цыклаў (на ваш выбар). 2. Падрыхтуйце міні-сачыненне «Як зменіцца роля мінеральных рэсурсаў у развіцці эканомікі свету ў будучыні?».