§ 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

Сутнасць праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Мінеральныя рэсурсы адносяцца да неаднаўляльных прыродных запасаў нашай планеты. Менавіта таму адной з глабальных праблем выступае іх вычарпанне. Пад вычарпаннем мінеральных рэсурсаў разумеюць выпрацоўку выкапняў да ступені нерэнтабельнасці далейшай распрацоўкі. Гэта глабальная праблема звязана з абмежаванасцю найважнейшых прыродных і мінеральных рэсурсаў планеты (мал. 140).

img
Мал. 140. Абмежаванасць найважнейшых прыродна-сыравінных рэсурсаў па краінах свету (вышыня слупка прапарцыянальна долі вытворчасці або здабычы на тэрыторыі краіны ў агульнасусветнай. Указаны толькі краіны, у якіх доля хаця б аднаго з відаў сыравіны складае не менш за 5 % ад агульнасусветнай вытворчасці)

icon Свет і Беларусь. Якія карысныя выкапні экспартуюцца з Рэспублікі Беларусь, а якія імпартуюцца ў яе?

Да асноўных прычын вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў адносяцца індустрыялізацыя, навукова-тэхнічны прагрэс у іх асваенні і рост спажывання.

Выкарыстанне мінеральна-сыравінных рэсурсаў залежыць ад прыродных (непасрэдная наяўнасць рэсурсаў) і сацыяльна-эканамічных (узровень развіцця краіны, навукі і ўкаранення распрацовак у асваенне рэсурсаў, неабходнасць развіцця галіны або віду эканамічнай дзейнасці) фактараў.

Чалавецтва пастаянна павялічвае тэмпы выкарыстання мінеральнай сыравіны. Толькі за першую палову XX ст. колькасць здабытых карысных выкапняў перавысіла тую, якую спажыло чалавецтва за ўвесь папярэдні час існавання. Патрэба ў мінеральнай сыравіне працягвае няўхільна ўзрастаць. Да 2000-х гг. патрэба ў медзі ў параўнанні з 1870 г. узрасла ў 4,8 раза; баксітах і цынку — у 4,2; нікелі — у 4,7; нафце — у 5,2; газе — у 4,5 і вугалі — у 5 разоў.

Рэсурсы карысных выкапняў аднаўляюцца ў працэсе эвалюцыі літасферы. Аднак час іх аднаўлення, які вымяраецца сотнямі тысяч і мільёнамі гадоў, несупастаўны з часам распрацоўкі радовішч і хуткасцю расходавання мінеральных багаццяў. Інтэнсіўная распрацоўка радовішч прывяла да прагрэсіруючага вычарпання зямных нетраў.