§ 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

Геаграфія запасаў і рэсурсазабяспечанасць свету асноўнымі відамі мінеральнай сыравіны. Найважнейшымі энергетычнымі рэсурсамі свету з’яўляюцца нафта, прыродны газ і вугаль.

Сусветныя даказаныя запасы нафты складаюць 244,1 млрд т. З іх найбольшымі запасамі валодаюць тры краіны — Венесуэла, Саудаўская Аравія і Іран (мал. 141). Запасы прыроднага газу ў свеце складаюць 196,9 трлн м3. Асноўныя запасы гэтай сыравіны сканцэнтраваныя ў Расіі, Іране і Катары (мал. 142). Сусветныя запасы вугалю ацэньваюцца ў 1054,8 млрд т. У ЗША, Расіі і Аўстраліі знаходзяцца яго асноўныя запасы (мал. 143).

img
Мал. 141. Вядучыя краіны па запасах нафты ў свеце, млрд т, 2018 г.
img
Мал. 142. Вядучыя краіны па запасах прыроднага газу ў свеце, трлн м3, 2018 г.
img
Мал. 143. Вядучыя краіны па запасах вугалю ў свеце, млрд т, 2018 г.
img
Мал. 144. Вядучыя краіны па запасах жалезнай руды ў свеце, млрд т, 2018 г.

icon Паразважаем. Назавіце краіны — лідары па здабычы нафты, прыроднага газу і вугалю. Якая ўзаемасувязь існуе паміж запасамі мінеральна-сыравінных рэсурсаў і ўзроўнем развіцця краіны?

Асноўнай сыравінай для металургіі з’яўляецца жалезная руда. Яе запасы складаюць 170 млрд т. Вядучыя краіны па запасах жалезнай руды — Аўстралія, Бразілія і Расія (мал. 144).

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца лідарамі па здабычы жалезнай руды.

Рэсурсазабяспечанасць — гэта суадносіны паміж велічынёй прыродных рэсурсаў і памерамі іх выкарыстання. Яна можа выражацца ў колькасці гадоў (мал. 145, 146), на якія павінна хапіць дадзенага рэсурсу, або ў запасах з разліку на душу насельніцтва.

img
Мал. 145. На колькі гадоў чалавецтву хопіць рэсурсаў прыроднага газу (пры аб’ёмах здабычы 2012 г.)
img
Мал. 146. На колькі гадоў чалавецтву хопіць рэсурсаў нафты (пры аб’ёмах здабычы 2012 г.)

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыклад разліку, на колькі гадоў хопіць прыроднага рэсурсу: Р = З/з, дзе Р — рэсурсазабяспечанасць, З — запасы дадзенага рэсурсу, з — здабыча рэсурсу. Прыклад разліку прыроднага рэсурсу на душу насельніцтва: Р = З/Н, дзе Р — рэсурсазабяспечанасць, З — запасы дадзенага рэсурсу, Н — насельніцтва дадзенай краіны, рэгіёна, свету.

На паказчыкі рэсурсазабяспечанасці перш за ўсё ўплывае багацце або беднасць тэрыторыі прыроднымі рэсурсамі. Але не меншае значэнне маюць і маштабы іх спажывання.

icon Свет і Беларусь. Разлічыце агульную рэсурсазабяспечанасць нашай краіны нафтай і на душу насельніцтва, калі вядома, што прамысловыя запасы нафты, паводле ацэнак геолагаў, складаюць 55 млн т, а яе штогадовая здабыча — 1,6 млн т.

Краіны свету адрозніваюцца па запасах прыродных і мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Эканамічна развітыя краіны значна больш забяспечаны рэсурсамі вугалю, жалезных, марганцавых і хромавых руд, поліметалаў, урану і золата. Краіны, якія развіваюцца, лідзіруюць па запасах нафты, прыроднага газу, баксітаў, медзі, волава, вальфраму, алмазаў.

У свеце сфарміравалася група з 10 краін, якія валодаюць, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, найбольшымі запасамі прыродных рэсурсаў. Да іх адносяцца Кітай, Саудаўская Аравія, Канада, Індыя, Расія, Бразілія, ЗША, Венесуэла, ДР Конга і Аўстралія (мал. 147).

img
Мал. 147. Пяць вядучых краін свету па колькасці відаў прыродных рэсурсаў, 2018 г.
img
Мал. 148. Вядучыя краіны па кошту прыродных рэсурсаў, трлн дол.

Па кошту прыродных рэсурсаў вядучыя месцы ў свеце займаюць Расія, Саудаўская Аравія і Канада (мал. 148).

У цэлым у свеце вылучаюцца тры групы краін па рэсурсазабяспечанасці (мал. 149).

img
Мал. 149. Групы краін па рэсурсазабяспечанасці

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны с лішкам рэсурсаў, рэсурсазабяспечаныя краіны і краіны з недахопам рэсурсаў.