§ 20. ПРЫЧЫНЫ І СУТНАСЦЬ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі. Для ацэнкі ступені вычарпання рэсурсаў тэрыторыі або краіны неабходна ведаць іх прыродна-рэсурсны патэнцыял.

icon Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі — сукупнасць прыродных рэсурсаў тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць рэальна ўжытыя ў гаспадарчай дзейнасці пры дадзеных тэхнічных і сацыяльна-эканамічных магчымасцях грамадства з умовай захавання асяроддзя пражывання чалавека.

Для характарыстыкі прыродных рэсурсаў прымяняюцца такія паказчыкі, як колькасць (запасы), якасць (утрыманне карыснага элемента, урадлівасць зямель, каларыйнасць паліва і г. д.), даступнасць (глыбіня залягання, сабекошт здабычы і г. д.) і структура (мінеральна-сыравінны, зямельны, водны і іншыя патэнцыялы). Аднак трэба разумець, што прыродныя рэсурсы — гэта не толькі канкрэтныя матэрыяльныя аб’екты, але і ўмовы навакольнага асяроддзя ў сукупнасці (напрыклад, агракліматычныя ўмовы, сейсманебяспечныя ўмовы і г. д.).

Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі выступае найважнейшым гаспадарчым фактарам і адной з прыкмет, па якой ацэньваецца эканоміка-геаграфічнае становішча краіны.

icon Свет і Беларусь. Ахарактарызуйце прыродна-рэсурсны патэнцыял Рэспублікі Беларусь.

Прыродна-рэсурсны патэнцыял рэгіёна або краіны змяняецца ў працэсе прыродакарыстання. Гэта абумоўлена, з аднаго боку, вычарпаннем асобных відаў прыродных рэсурсаў і нерацыянальнасцю іх выкарыстання, з другога — мэтанакіраванай дзейнасцю чалавека па іх аднаўленні і паляпшэнні (пасадка лясоў, устаноўка гідразбудаванняў, меліярацыя зямель і г. д.).

icon Паразважаем. Як вы разумееце выраз «Мы не атрымалі ў спадчыну Зямлю ад нашых продкаў. Мы пазычылі яе ў нашых нашчадкаў»?