§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

Геаграфічныя заканамернасці распаўсюджвання асноўных тыпаў глеб. У залежнасці ад прыродных умоў глебы бываюць занальныя і азанальная. Занальныя тыпы глеб распаўсюджаны ў межах адной прыроднай зоны; азанальная тыпы сустракаюцца ў некалькіх прыродных зонах. На буйных раўнінных тэрыторыях размяшчэнне тыпаў глеб адлюстроўвае асноўную заканамернасць іх прасторавага размеркавання — гарызантальную глебавую занальнасць.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны з добра выяўленай гарызантальнай занальнасцю глеб.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму глебавыя зоны заходняй часткі Аўстраліі і паўднёвай паловы Паўночнай Амерыкі распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў?

Кожнай з прыродных зон уласцівы пэўныя тыпы глеб. Напрыклад, на Усходне-Еўрапейскай раўніне для зоны тундры характэрны тундравыя глебы, для зоны тайгі — падзолістыя; змешаных лясоў — дзярнова-падзолістыя; шыракаліставых лясоў — шэрыя і бурыя лясныя; лесастэпавай — шэрыя лясныя і чарназёмы; стэпавы — чарназёмы і цёмна-каштанавыя; пустыняў — бурыя пустынна-стэпавыя глебы і саланчакі.

Другая заканамернасць геаграфіі распаўсюджвання глеб — вертыкальная занальнасць. Яна выяўляецца ў змене тыпаў глеб ад падножжа горнай сістэмы да яе вяршынь.

Азанальная глебы. У любой прыроднай зоне акрамя занальных ёсць азанальныя глебы. Яны адлюстроўваюць уплыў мясцовых фактараў глебаўтварэння. Да азанальных глеб належаць балотныя і пойменныя, саланчакі, саланцы і інш.

iconСвет і Беларусь. Якія азанальныя глебы найбольш характэрны для Беларусі?

Балотныя глебы характэрныя для субарктычнага і ўмеранага кліматычных паясоў, дзе маецца дастатковае ўвільгатненне. Лішак вільгаці ўскладняе пранікненне паветра ў глебу. Адмерлая расліннасць гніе толькі часткова і адбываецца назапашванне торфу (грубага гумусу). Глебы балот выкарыстоўваюць толькі пасля іх асушэння. Пойменныя глебы ўтвараюцца ў поймах рэк і штогод затапляюцца паводкавымі водамі, якія прыносяць глей. Распаўсюджаны яны ва ўсіх кліматычных паясах. Іх урадлівасць залежыць ад клімату і складу глею, што адкладаецца. Выкарыстоўваюцца яны як сенакосныя ўгоддзі і ралля.

Саланчакі — засоленыя глебы, якія змяшчаюць у паверхневым пласце 1 % і больш растваральных соляў. Засаленне адбываецца ў асноўным з-за выпарэння з паверхні глебы мінералізаваных грунтавых вод. Саланцы ў асноўным фарміруюцца пры рассаленні саланчакоў. Гэтая глеба насычана солямі натрыю, што выклікае з’яўленне ў ёй зацвярдзелага гарызонту, рухомасць гумусу і мінеральных калоідаў і неспрыяльную структуру. Саланчакі і саланцы распаўсюджаны ў пустынях, паўпустынях і стэпах. Экалагічна бяспечнае і эфектыўнае выкарыстанне гэтых і іншых засоленых глеб у сельскай гаспадарцы магчыма толькі пасля іх меліярацыі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У саланцах маецца лішак паваранай солі, наяўнасць якой прыводзіць да з’яўлення асаблівых уласцівасцей глебы — яна становіцца рыхлай, памяншаецца яе порыстасць, у вільготным стане набухае і становіцца воданепранікальнай. Таму над саланцамі затрымліваюцца паверхневыя воды і ўтвараюцца часовыя дробныя саланаватыя азёры.