Печатать книгуПечатать книгу

§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Як утвараецца глеба? Якія фактары вызначаюць склад і будову глеб? Як і чаму змяняюцца глебы ў залежнасці ад геаграфічнай шыраты?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць асаблівасці працэсаў утварэння глеб? Як глебы ўплываюць на прыродную разнастайнасць Зямлі? Як адбываецца фарміраванне глебавага покрыва Зямлі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 12:50

Глеба складаецца з мінеральнага і арганічнага рэчыва, вады, паветра і мікраарганізмаў. Гумус — асноўная частка арганічнага рэчыва глебы, якая вызначае глебавую ўрадлівасць. У гумусе ўтрымліваюцца важныя элементы жыўлення раслін — азот, фосфар, сера, калій. Пад уздзеяннем мікраарганізмаў гэтыя элементы становяцца даступнымі для раслін.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як мікраарганізмы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глеб?

Глебаўтваральныя працэсы фарміруюць глебавыя гарызонты — слаі глебавага профілю, якія адрозніваюцца па марфалагічных прыкметах, складзе і ўласцівасцях. Найважнейшым працэсам, што забяспечвае дыферэнцыяцыю глебавага слоя на гарызонты, з’яўляецца вертыкальнае пераразмеркаванне рэчываў пры перамяшчэнні вільгаці і глебавых раствораў. Магутнасць асобных глебавых гарызонтаў складае ад некалькіх сантыметраў да некалькіх дзясяткаў сантыметраў, а магутнасць усяго глебавага слоя — да некалькіх метраў.

Да асноўных фактараў глебаўтварэння адносяцца: глебаўтваральныя пароды, клімат, расліннасць, жывёлы, рэльеф мясцовасці, глебава-грунтавыя воды, час фарміравання і гаспадарчая дзейнасць чалавека.

Глебаўтваральныя пароды ўяўляюць з сябе субстрат, на якім адбываецца фарміраванне глебы. Характар і ступень выяўленасці глебаўтваральнага працэсу ў значнай меры прадвызначаецца хімічным і грануламетрычным складам горных парод.

Клімат уплывае на характар і інтэнсіўнасць выветрывання глебаўтваральных парод. Ад яго залежаць тэмпература глебы і насычэнне яе вільгаццю. Кліматычныя ўмовы вызначаюць шыротную занальнасць глеб і рэгулююць біялагічныя працэсы глебаўтварэння.

Расліны ў працэсе сваёй жыццядзейнасці сінтэзуюць арганічнае рэчыва. Усё жывое, адміраючы, утварае арганічны апад, з якога пад уплывам мікраарганізмаў фарміруецца гумус. Расліны акумулююць хімічныя элементы, якія змяшчаюцца ў глебаўтваральных пародах. Пасля адмірання раслін і раскладання іх рэшткаў гэтыя хімічныя элементы ўзбагачаюць глебу. Жыццядзейнасць жывёл, іх сувязь з глебай і ўдзел у глебаўтварэнні могуць быць рознымі. Яны жывуць у самой глебе, на яе паверхні ці над паверхняй глебы. Жывёлы змяняюць структуру глебы і ўгнойваюць яе. У гэтых працэсах актыўна ўдзельнічаюць дажджавыя чарвякі, лічынкі двухкрылых, суркі, суслікі, краты.

Рэльеф як глебаўтваральны фактар вызначае змяненне кліматычных умоў, уплывае на размеркаванне тэмпературы і ападкаў, узровень грунтовых вод. Ён абумоўлівае вертыкальную занальнасць глеб у гарах. Змену іх уласцівасцей і структуры на схілах рознай экспазіцыі, стромкасці і формы. На схілах адбываецца змыў глебы і назапашванне змытага гумусу ў паніжэннях рэльефу.

Глебава-грунтавыя воды забяспечваюць шматлікія хімічныя і біялагічныя працэсы ў глебе. Яны ўзбагачаюць глебу змешчанымі ў іх хімічнымі злучэннямі, у асобных выпадках выклікаюць засаленне.

Час — гэта асаблівы фактар глебаўтварэння. Глебы, утвараючыся на працягу тысячагоддзяў, адрозніваюцца прапрацаванасцю генетычных гарызонтаў і колькасцю гумусу.

Гаспадарчая дзейнасць чалавека. Чалавек умешваецца ў працэс глебаўтварэння шляхам пераўтварэння глебаўтваральных парод, змены формаў рэльефу, клімату і біёты, арашэння або асушэння глеб, механічнай апрацоўкі і ўнясення ў іх угнаенняў і г. д.

Прасторава-часавыя заканамернасці фарміравання глебавага покрыва. Як і расліннасць, глебавае покрыва адлюстроўвае ў сваім размеркаванні кліматычную занальнасць, але не паўтарае яе з абсалютнай дакладнасцю. Гэта абумоўлена тым, што акрамя клімату глебавае покрыва залежыць ад горных парод, біёты, рэльефу і іншых прыродных фактараў. Акрамя таго, глеба змяняецца больш павольна, чым клімат і расліннасць.

Роля глеб у фарміраванні прыроднай разнастайнасці Зямлі. Глебы выконваюць разнастайныя экалагічныя функцыі. Фізічныя ўласцівасці глеб ствараюць асаблівыя ўмовы для пражывання дробных жывёл, мікраарганізмаў і функцыянавання каранёвай сістэмы раслін. Глебы — звяно ў геалагічным і біялагічным кругавароце рэчываў у наземных біягеацэнозах. Асаблівае значэнне мае біялагічная прадукцыйнасць глеб, названая ў сельскай гаспадарцы ўрадлівасцю. Глеба з’яўляецца ўнікальным асяроддзем пасялення разнастайных відаў і форм жывёл і раслін (мал. 66-1). Без захавання глеб немагчыма захаваць біялагічную разнастайнасць на Зямлі.

img
Мал. 66-1. Жывыя арганізмы, якія жывуць у глебе

iconКлуб географаў-знаўцаў. Колькасць відаў сухапутных жывёл складае 93 % ад агульнай колькасці вядомых відаў жывёл, а раслін — 92 %. Біямаса наземных арганізмаў складае 99,87 % ад сумарнай біямасы планеты. У 1 г урадлівай глебы налічваецца некалькі дзясяткаў мільярдаў клетак мікраарганізмаў.

iconПаразважаем. Чаму кожнаму тыпу глеб уласцівы пэўныя віды і згуртаванні раслін і жывёл?

Геаграфічныя заканамернасці распаўсюджвання асноўных тыпаў глеб. У залежнасці ад прыродных умоў глебы бываюць занальныя і азанальная. Занальныя тыпы глеб распаўсюджаны ў межах адной прыроднай зоны; азанальная тыпы сустракаюцца ў некалькіх прыродных зонах. На буйных раўнінных тэрыторыях размяшчэнне тыпаў глеб адлюстроўвае асноўную заканамернасць іх прасторавага размеркавання — гарызантальную глебавую занальнасць.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны з добра выяўленай гарызантальнай занальнасцю глеб.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму глебавыя зоны заходняй часткі Аўстраліі і паўднёвай паловы Паўночнай Амерыкі распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў?

Кожнай з прыродных зон уласцівы пэўныя тыпы глеб. Напрыклад, на Усходне-Еўрапейскай раўніне для зоны тундры характэрны тундравыя глебы, для зоны тайгі — падзолістыя; змешаных лясоў — дзярнова-падзолістыя; шыракаліставых лясоў — шэрыя і бурыя лясныя; лесастэпавай — шэрыя лясныя і чарназёмы; стэпавы — чарназёмы і цёмна-каштанавыя; пустыняў — бурыя пустынна-стэпавыя глебы і саланчакі.

Другая заканамернасць геаграфіі распаўсюджвання глеб — вертыкальная занальнасць. Яна выяўляецца ў змене тыпаў глеб ад падножжа горнай сістэмы да яе вяршынь.

Азанальная глебы. У любой прыроднай зоне акрамя занальных ёсць азанальныя глебы. Яны адлюстроўваюць уплыў мясцовых фактараў глебаўтварэння. Да азанальных глеб належаць балотныя і пойменныя, саланчакі, саланцы і інш.

iconСвет і Беларусь. Якія азанальныя глебы найбольш характэрны для Беларусі?

Балотныя глебы характэрныя для субарктычнага і ўмеранага кліматычных паясоў, дзе маецца дастатковае ўвільгатненне. Лішак вільгаці ўскладняе пранікненне паветра ў глебу. Адмерлая расліннасць гніе толькі часткова і адбываецца назапашванне торфу (грубага гумусу). Глебы балот выкарыстоўваюць толькі пасля іх асушэння. Пойменныя глебы ўтвараюцца ў поймах рэк і штогод затапляюцца паводкавымі водамі, якія прыносяць глей. Распаўсюджаны яны ва ўсіх кліматычных паясах. Іх урадлівасць залежыць ад клімату і складу глею, што адкладаецца. Выкарыстоўваюцца яны як сенакосныя ўгоддзі і ралля.

Саланчакі — засоленыя глебы, якія змяшчаюць у паверхневым пласце 1 % і больш растваральных соляў. Засаленне адбываецца ў асноўным з-за выпарэння з паверхні глебы мінералізаваных грунтавых вод. Саланцы ў асноўным фарміруюцца пры рассаленні саланчакоў. Гэтая глеба насычана солямі натрыю, што выклікае з’яўленне ў ёй зацвярдзелага гарызонту, рухомасць гумусу і мінеральных калоідаў і неспрыяльную структуру. Саланчакі і саланцы распаўсюджаны ў пустынях, паўпустынях і стэпах. Экалагічна бяспечнае і эфектыўнае выкарыстанне гэтых і іншых засоленых глеб у сельскай гаспадарцы магчыма толькі пасля іх меліярацыі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У саланцах маецца лішак паваранай солі, наяўнасць якой прыводзіць да з’яўлення асаблівых уласцівасцей глебы — яна становіцца рыхлай, памяншаецца яе порыстасць, у вільготным стане набухае і становіцца воданепранікальнай. Таму над саланцамі затрымліваюцца паверхневыя воды і ўтвараюцца часовыя дробныя саланаватыя азёры.

icon Падвядзём вынікі. Глеба складаецца з ... і ... рэчываў, ..., ... і ... . Да асноўных фактараў глебаўтварэння адносяцца: глебаўтваральныя ..., ..., ..., ..., ... мясцовасці, глебава-грунтавыя ..., ... фарміравання і ... дзейнасць чалавека. Глебы выконваюць разнастайныя ... функцыі. У залежнасці ад прыродных умоў глебы бываюць ... і ... . Прыкладам занальных глеб з’яўляюцца ...-... глебы змешаных лясоў. Да азанальных глеб належаць ..., ..., ..., ... і іншыя.

icon Праверым свае веды. 1. Якія прыродныя фактары забяспечваюць фарміраванне глеб? 2. У чым заключаецца антрапагеннае ўздзеянне на глебы? 3. Чым адрозніваюцца азанальныя тыпы глеб ад занальных?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія прасторава-часавыя заканамернасці характэрныя для фарміравання глебавага покрыва? 2. Што агульнага і адрознага ў гарызантальнай і вертыкальнай занальнасці глеб?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Якія асноўныя тыпы глеб характэрны для вашай мясцовасці? 2. Прывядзіце прыклады ўплыву прыродных фактараў на фарміраванне глеб у вашай мясцовасці.

icon

Web-рэсурсы.
Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Глебы.

Універсальная навукова-папулярная анлайн-энцыклапедыя «Кругасвет».