§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

Глеба складаецца з мінеральнага і арганічнага рэчыва, вады, паветра і мікраарганізмаў. Гумус — асноўная частка арганічнага рэчыва глебы, якая вызначае глебавую ўрадлівасць. У гумусе ўтрымліваюцца важныя элементы жыўлення раслін — азот, фосфар, сера, калій. Пад уздзеяннем мікраарганізмаў гэтыя элементы становяцца даступнымі для раслін.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як мікраарганізмы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глеб?

Глебаўтваральныя працэсы фарміруюць глебавыя гарызонты — слаі глебавага профілю, якія адрозніваюцца па марфалагічных прыкметах, складзе і ўласцівасцях. Найважнейшым працэсам, што забяспечвае дыферэнцыяцыю глебавага слоя на гарызонты, з’яўляецца вертыкальнае пераразмеркаванне рэчываў пры перамяшчэнні вільгаці і глебавых раствораў. Магутнасць асобных глебавых гарызонтаў складае ад некалькіх сантыметраў да некалькіх дзясяткаў сантыметраў, а магутнасць усяго глебавага слоя — да некалькіх метраў.