§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

Да асноўных фактараў глебаўтварэння адносяцца: глебаўтваральныя пароды, клімат, расліннасць, жывёлы, рэльеф мясцовасці, глебава-грунтавыя воды, час фарміравання і гаспадарчая дзейнасць чалавека.

Глебаўтваральныя пароды ўяўляюць з сябе субстрат, на якім адбываецца фарміраванне глебы. Характар і ступень выяўленасці глебаўтваральнага працэсу ў значнай меры прадвызначаецца хімічным і грануламетрычным складам горных парод.

Клімат уплывае на характар і інтэнсіўнасць выветрывання глебаўтваральных парод. Ад яго залежаць тэмпература глебы і насычэнне яе вільгаццю. Кліматычныя ўмовы вызначаюць шыротную занальнасць глеб і рэгулююць біялагічныя працэсы глебаўтварэння.

Расліны ў працэсе сваёй жыццядзейнасці сінтэзуюць арганічнае рэчыва. Усё жывое, адміраючы, утварае арганічны апад, з якога пад уплывам мікраарганізмаў фарміруецца гумус. Расліны акумулююць хімічныя элементы, якія змяшчаюцца ў глебаўтваральных пародах. Пасля адмірання раслін і раскладання іх рэшткаў гэтыя хімічныя элементы ўзбагачаюць глебу. Жыццядзейнасць жывёл, іх сувязь з глебай і ўдзел у глебаўтварэнні могуць быць рознымі. Яны жывуць у самой глебе, на яе паверхні ці над паверхняй глебы. Жывёлы змяняюць структуру глебы і ўгнойваюць яе. У гэтых працэсах актыўна ўдзельнічаюць дажджавыя чарвякі, лічынкі двухкрылых, суркі, суслікі, краты.

Рэльеф як глебаўтваральны фактар вызначае змяненне кліматычных умоў, уплывае на размеркаванне тэмпературы і ападкаў, узровень грунтовых вод. Ён абумоўлівае вертыкальную занальнасць глеб у гарах. Змену іх уласцівасцей і структуры на схілах рознай экспазіцыі, стромкасці і формы. На схілах адбываецца змыў глебы і назапашванне змытага гумусу ў паніжэннях рэльефу.

Глебава-грунтавыя воды забяспечваюць шматлікія хімічныя і біялагічныя працэсы ў глебе. Яны ўзбагачаюць глебу змешчанымі ў іх хімічнымі злучэннямі, у асобных выпадках выклікаюць засаленне.

Час — гэта асаблівы фактар глебаўтварэння. Глебы, утвараючыся на працягу тысячагоддзяў, адрозніваюцца прапрацаванасцю генетычных гарызонтаў і колькасцю гумусу.

Гаспадарчая дзейнасць чалавека. Чалавек умешваецца ў працэс глебаўтварэння шляхам пераўтварэння глебаўтваральных парод, змены формаў рэльефу, клімату і біёты, арашэння або асушэння глеб, механічнай апрацоўкі і ўнясення ў іх угнаенняў і г. д.