§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ

Занальныя і рэгіянальныя асаблівасці водазабеспячэння краін свету. Занальныя прыродныя працэсы добра адлюстраваны ў асноўных паказчыках гідралагічнага рэжыму. Напрыклад, рэкі ў зоне вільготных трапічных лясоў мнагаводныя, са слоем сцёку парадку 1200 мм, з высокай доляй падземнага сцёку (каля 50 %). Прыродныя воды гэтай зоны ўльтрапрэсныя (менш за 100 мг/л раствораных рэчываў), з малой канцэнтрацыяй наносаў (менш за 50 г/л). У зоне стэпаў слой сцёку парадку 50 мм на год. Воднасць рэк рэзка змяняецца па сезонах года. Сцёк пераважна (на 80 %) фарміруецца водамі, сцякае па паверхні вадазбору. Воды прэсныя, але са значным утрыманнем солей (да 1000 мг/л), мутнасць вады значная (да 500 мг/л).

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія кліматычныя фактары аказваюць найбольшы ўплыў на занальныя асаблівасці гідралагічнага рэжыму рэк і азёр?