§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ

Асноўныя геаэкалагічныя функцыі гідрасферы. Гідрасфера — водная абалонка Зямлі. Яна ўключае ўсе акіяны, моры, рэкі, азёры, балоты, леднікі, падземныя воды. У склад гідрасферы ўваходзіць вада ў атмасферы, глебавая вільгаць і вада жывых арганізмаў. Вада ў гідрасферы знаходзіцца ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане.

Гідрасфера пранікае ва ўсе іншыя геасферы. Яна выконвае важную ролю ў глабальных працэсах абмену рэчывам і энергіяй. У прыродзе вада знаходзіцца ў цэнтры большасці ўзаемасувязей. Вадзяная пара ў атмасферы неабходна для стварэння першаснай біялагічнай прадукцыі. Глебавая вільгаць забяспечвае працэс стварэння біямасы Зямлі. Вада — гэта індыкатар стану навакольнага асяроддзя і найважнейшы прыродны рэсурс. Глабальны кругаварот вады — адзін з галоўных працэсаў у прыродзе (мал. 39). Ён служыць асновай адзінства геаграфічнай абалонкі і забяспечвае сусветны абмен рэчывам і энергіяй.

img
Мал. 39. Кругаварот вады ў прыродзе

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як атмасферныя ападкі ўплываюць на прыродную занальнасць сушы?

Кругаварот вады на Зямлі — гэта бесперапынны замкнёны працэс перамяшчэння вады, які ўключае яе выпарэнне з паверхні акіяна і сушы, перанос вадзяной пары ў атмасферы, яе кандэнсацыю, выпадзенне ападкаў і сцёк вады.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Вада — асяроддзе існавання для многіх раслін і жывёл. Расліны да 90 %, а жывёлы да 75 % складаюцца з вады. Вада складае каля 70 % чалавечага цела. Змяншэнне вады на 10–20 % у жывых арганізмах прыводзіць да іх гібелі. Калі чалавек на працягу 5 сутак не ўжывае ваду, ён гіне.

Кругаварот вады спрыяе ачышчэнню атмасферы і паверхні Зямлі ад прыродных і антрапагенных забруджванняў. Дажджавая вада і снег чысцяць паветра. Паверхневыя воды змываюць забруджвальныя рэчывы ў раствораным або цвёрдым стане ў моры і акіяны. Значная частка гэтых рэчываў асядае на дно або перапрацоўваецца ў выніку прыродных біяхімічных працэсаў.

Вада гідрасферы ажыццяўляе эрозію і дэнудацыю горных парод, перанос і адклад прадуктаў іх разбурэння. Яна валодае высокай растваральнай здольнасцю. Прыродныя растворы сустракаюцца ва ўсіх геасферах, удзельнічаюць у глабальным геалагічным кругавароце рэчываў.

Стан гідрасферы Зямлі характарызуецца яе водным балансам.

icon Водны баланс — суадносіны за пэўны прамежак часу прыходу, расходу і акумуляцыі вады для якога-небудзь воднага аб’екта.

Водны баланс Зямлі — гэта суадносіны колькасці вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў, і колькасці вады, што выпараецца з паверхні сушы і Сусветнага акіяна за пэўны перыяд часу. У сярэднім для Зямлі колькасць ападкаў складае 1020 мм у год, выпарэнне з паверхні акіяна — 880 мм і сушы — 140 мм.

Акіяны і моры разам з воднымі аб’ектамі сушы (леднікі, рэкі, азёры, вадасховішчы, балоты) пакрываюць тры чвэрці паверхні Зямлі. Вялікая плошча, высокая цеплаёмістасць і іншыя фізічныя ўласцівасці вады маюць вялікае значэнне для цеплавога і воднага рэжымаў нашай планеты. Яны з’яўляюцца найважнейшым фактарам фарміравання клімату, глеб, расліннасці і ўсёй прыроды Зямлі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У Сусветным акіяне ўтрымліваецца 96,4 % агульнага аб’ёму гідрасферы. На сушы асноўную масу вады змяшчаюць леднікі (1,86 % ад агульных запасаў і 70,3 % ад запасаў прэсных вод). Агульны аб’ём падземных вод складае 1,68 % гідрасферы. З іх прыкладна палова — прэсныя воды. З усяго аб’ёму вод гідрасферы (1338 млн км3) прэсных вод усяго 2,64 %, што можа скласці слой вады на паверхні сушы, роўны прыблізна 240 м.

Вада — асноўны тэрмарэгулятар клімату. Яе павольнае награванне і ахаладжэнне рэгулюе ваганні тэмпературы азёр, мораў і акіянаў. Вялікі ўплыў на клімат аказваюць марскія цячэнні, якія перамяшчаюць нагрэтыя масы вады з тропікаў да полюсаў, а ахалоджаныя арктычныя воды — да экватара. Паглынаючы цяпло пры выпарэнні з паверхні Зямлі і транспірацыі, вада змякчае клімат і ўвільгатняе паветра. На выпарэнне гадавой колькасці атмасферных ападкаў затрачваецца 20 % сонечнай энергіі, якая паступае на Зямлю, але столькі ж энергіі вылучаецца пры кандэнсацыі адпаведнай колькасці вадзяной пары. Такім чынам, кругаварот вільгаці суправаджаецца кругаваротам цеплавой энергіі.

Хуткасць абароту вады ў розных частках гідрасферы розная. У атмасферы вадзяная пара замяняецца 40 разоў на год, або кожныя 9 сутак. Агульная колькасць вады ў рэках мяняецца кожныя 16 дзён, у балотах — 5 гадоў, у азёрах — 17 гадоў, у падземных водах — 1400 гадоў, у акіянах і морах — кожныя 2600–3000 гадоў. Вельмі павольна працякае абмен вады ў ледніках: у горных раёнах — кожныя 1600 гадоў, а ў ледніковых шчытах — кожныя 15 000.

img
Мал. 40. Падземныя воды

Падземныя воды, асабліва першыя ад паверхні ваданосных гарызонтаў (верхаводка, грунтавыя воды), шмат у чым вызначаюць геаэкалагічны стан ландшафтаў (мал. 40). З імі звязаны ўвільгатненне, пераўвільгатненне і забалочванне глебы, фарміраванне балот, жыўленне рэк і азёр і іншыя геаграфічныя працэсы. Падземныя воды вылучаюцца высокай натуральнай абароненасцю ад забруджвання. У многіх краінах яны шырока выкарыстоўваюцца для задавальнення пітных патрэб. Ёсць краіны, дзе патрэба ў вадзе цалкам (Саудаўская Аравія) або ў вялікім аб’ёме (Бельгія, Данія, Туніс) забяспечваецца за кошт падземных вод. Вялікая роля падземных вод у забеспячэнні вадой жыхароў пустынь і раёнаў шматгадовай мерзлаты.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Эксперты ААН падлічылі, што з-за адсутнасці чыстай пітной вады і ўмоў для элементарнай гігіены ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ад страўнікавых захворванняў пакутуе 1 млрд чалавек і штогод памірае 25 млн чалавек.