§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 01:17 |
Асноўныя геаэкалагічныя функцыі гідрасферы. Гідрасфера — водная абалонка Зямлі. Яна ўключае ўсе акіяны, моры, рэкі, азёры, балоты, леднікі, падземныя воды. У склад гідрасферы ўваходзіць вада ў атмасферы, глебавая вільгаць і вада жывых арганізмаў. Вада ў гідрасферы знаходзіцца ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане.
Гідрасфера пранікае ва ўсе іншыя геасферы. Яна выконвае важную ролю ў глабальных працэсах абмену рэчывам і энергіяй. У прыродзе вада знаходзіцца ў цэнтры большасці ўзаемасувязей. Вадзяная пара ў атмасферы неабходна для стварэння першаснай біялагічнай прадукцыі. Глебавая вільгаць забяспечвае працэс стварэння біямасы Зямлі. Вада — гэта індыкатар стану навакольнага асяроддзя і найважнейшы прыродны рэсурс. Глабальны кругаварот вады — адзін з галоўных працэсаў у прыродзе (мал. 39). Ён служыць асновай адзінства геаграфічнай абалонкі і забяспечвае сусветны абмен рэчывам і энергіяй.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як атмасферныя ападкі ўплываюць на прыродную занальнасць сушы?
Кругаварот вады на Зямлі — гэта бесперапынны замкнёны працэс перамяшчэння вады, які ўключае яе выпарэнне з паверхні акіяна і сушы, перанос вадзяной пары ў атмасферы, яе кандэнсацыю, выпадзенне ападкаў і сцёк вады.
Клуб географаў-знаўцаў. Вада — асяроддзе існавання для многіх раслін і жывёл. Расліны да 90 %, а жывёлы да 75 % складаюцца з вады. Вада складае каля 70 % чалавечага цела. Змяншэнне вады на 10–20 % у жывых арганізмах прыводзіць да іх гібелі. Калі чалавек на працягу 5 сутак не ўжывае ваду, ён гіне.
Кругаварот вады спрыяе ачышчэнню атмасферы і паверхні Зямлі ад прыродных і антрапагенных забруджванняў. Дажджавая вада і снег чысцяць паветра. Паверхневыя воды змываюць забруджвальныя рэчывы ў раствораным або цвёрдым стане ў моры і акіяны. Значная частка гэтых рэчываў асядае на дно або перапрацоўваецца ў выніку прыродных біяхімічных працэсаў.
Вада гідрасферы ажыццяўляе эрозію і дэнудацыю горных парод, перанос і адклад прадуктаў іх разбурэння. Яна валодае высокай растваральнай здольнасцю. Прыродныя растворы сустракаюцца ва ўсіх геасферах, удзельнічаюць у глабальным геалагічным кругавароце рэчываў.
Стан гідрасферы Зямлі характарызуецца яе водным балансам.
Водны баланс — суадносіны за пэўны прамежак часу прыходу, расходу і акумуляцыі вады для якога-небудзь воднага аб’екта.
Водны баланс Зямлі — гэта суадносіны колькасці вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў, і колькасці вады, што выпараецца з паверхні сушы і Сусветнага акіяна за пэўны перыяд часу. У сярэднім для Зямлі колькасць ападкаў складае 1020 мм у год, выпарэнне з паверхні акіяна — 880 мм і сушы — 140 мм.
Акіяны і моры разам з воднымі аб’ектамі сушы (леднікі, рэкі, азёры, вадасховішчы, балоты) пакрываюць тры чвэрці паверхні Зямлі. Вялікая плошча, высокая цеплаёмістасць і іншыя фізічныя ўласцівасці вады маюць вялікае значэнне для цеплавога і воднага рэжымаў нашай планеты. Яны з’яўляюцца найважнейшым фактарам фарміравання клімату, глеб, расліннасці і ўсёй прыроды Зямлі.
Клуб географаў-знаўцаў. У Сусветным акіяне ўтрымліваецца 96,4 % агульнага аб’ёму гідрасферы. На сушы асноўную масу вады змяшчаюць леднікі (1,86 % ад агульных запасаў і 70,3 % ад запасаў прэсных вод). Агульны аб’ём падземных вод складае 1,68 % гідрасферы. З іх прыкладна палова — прэсныя воды. З усяго аб’ёму вод гідрасферы (1338 млн км3) прэсных вод усяго 2,64 %, што можа скласці слой вады на паверхні сушы, роўны прыблізна 240 м.
Вада — асноўны тэрмарэгулятар клімату. Яе павольнае награванне і ахаладжэнне рэгулюе ваганні тэмпературы азёр, мораў і акіянаў. Вялікі ўплыў на клімат аказваюць марскія цячэнні, якія перамяшчаюць нагрэтыя масы вады з тропікаў да полюсаў, а ахалоджаныя арктычныя воды — да экватара. Паглынаючы цяпло пры выпарэнні з паверхні Зямлі і транспірацыі, вада змякчае клімат і ўвільгатняе паветра. На выпарэнне гадавой колькасці атмасферных ападкаў затрачваецца 20 % сонечнай энергіі, якая паступае на Зямлю, але столькі ж энергіі вылучаецца пры кандэнсацыі адпаведнай колькасці вадзяной пары. Такім чынам, кругаварот вільгаці суправаджаецца кругаваротам цеплавой энергіі.
Хуткасць абароту вады ў розных частках гідрасферы розная. У атмасферы вадзяная пара замяняецца 40 разоў на год, або кожныя 9 сутак. Агульная колькасць вады ў рэках мяняецца кожныя 16 дзён, у балотах — 5 гадоў, у азёрах — 17 гадоў, у падземных водах — 1400 гадоў, у акіянах і морах — кожныя 2600–3000 гадоў. Вельмі павольна працякае абмен вады ў ледніках: у горных раёнах — кожныя 1600 гадоў, а ў ледніковых шчытах — кожныя 15 000.

Падземныя воды, асабліва першыя ад паверхні ваданосных гарызонтаў (верхаводка, грунтавыя воды), шмат у чым вызначаюць геаэкалагічны стан ландшафтаў (мал. 40). З імі звязаны ўвільгатненне, пераўвільгатненне і забалочванне глебы, фарміраванне балот, жыўленне рэк і азёр і іншыя геаграфічныя працэсы. Падземныя воды вылучаюцца высокай натуральнай абароненасцю ад забруджвання. У многіх краінах яны шырока выкарыстоўваюцца для задавальнення пітных патрэб. Ёсць краіны, дзе патрэба ў вадзе цалкам (Саудаўская Аравія) або ў вялікім аб’ёме (Бельгія, Данія, Туніс) забяспечваецца за кошт падземных вод. Вялікая роля падземных вод у забеспячэнні вадой жыхароў пустынь і раёнаў шматгадовай мерзлаты.
Клуб географаў-знаўцаў. Эксперты ААН падлічылі, што з-за адсутнасці чыстай пітной вады і ўмоў для элементарнай гігіены ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ад страўнікавых захворванняў пакутуе 1 млрд чалавек і штогод памірае 25 млн чалавек.
Значэнне гідрасферы для жыцця людзей. У жыцці грамадства вада — крытычны фактар многіх эканамічных, грамадскіх і палітычных праблем. Для забеспячэння вадой месцаў, дзе яе не хапае, рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў. Напрыклад, бурацца артэзіянскія свідравіны, будуюцца каналы, плаціны з мэтай назапашвання дажджавых і талых вод, ствараюцца сажалкі і вадасховішчы, штучны паліў пры дапамозе розных дажджавальных установак і г. д. У сусветнай гаспадарцы вада выкарыстоўваецца ў энергетыцы, сельскай гаспадарцы, для прамысловага і камунальна-побытавага водазабеспячэння і інш. Водныя аб’екты задзейнічаны ў якасці транспартных магістраляў, рэкрэацыйных зон, у рыбнай гаспадарцы.
Мінеральныя лячэбныя і сталовыя воды прымяняюцца з бальнеалагічнымі мэтамі. Высокатэмпературныя (геатэрмальныя) воды выкарыстоўваюцца для цеплаэнергетычных патрэб. З высокамінералізаваных прыродных расолаў здабываюць каштоўныя карысныя выкапні: ёд, бром, літый, харчовую соль і інш.
Свет і Беларусь. Прывядзіце прыклады назваў мінеральных вод, якія здабываюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
Важны складнік гідрасферы — Сусветны акіян. Гэта крыніца карысных выкапняў, біялагічных рэсурсаў, сродак міжкантынентальных сувязей, генератар і рэгулятар клімату нашай планеты. Чалавецтва ўсведамляе яго вялікае значэнне, але спусташае прыродныя рэсурсы акіяна і забруджвае яго акваторыю.
Асноўныя геаэкалагічныя функцыі гідрасферы і яе значэнне для жыцця людзей. Вада забяспечвае дзеянне ўсіх працэсаў у чалавечым арганізме. Кісларод і пажыўныя рэчывы дастаўляюцца да ўсіх клетак пры дапамозе вадкасці. Вада забяспечвае рэгуляцыю тэмпературнага рэжыму, удзельнічае ў працэсе пераўтварэння ежы ў энергію, выводзіць з арганізма шлакі, дапамагае ў засвойванні пажыўных рэчываў, а таксама выконвае мноства іншых неабходных функцый.
Клуб географаў-знаўцаў. Без вады чалавек, жывёлы, расліны не могуць існаваць на Зямлі. Яшчэ ў VI ст. да н. э. старажытнагрэчаскі матэматык і філосаф Фалес Мілецкі меркаваў, што вада з’яўляецца першаснай асновай жыцця на Зямлі (мал. 40-1).

Акіян мае важнае транспартнае значэнне. На марскі транспарт прыпадае каля 80 % усяго сусветнага грузаабароту і звыш 95 % перавозак, звязаных з сусветным гандлем. У Сусветным акіяне ўсё большае развіццё атрымліваюць трубаправодны транспарт, лініі электраперадачы. Яны набываюць спецыфічныя рысы, якія вызначаюцца прыроднымі ўмовамі акіяна і дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу. У выніку будаўніцтва тунэляў і мастоў у акіян укараняюцца такія выключна сухапутныя віды транспарту, як аўтамабільны і чыгуначны.
Водныя рэсурсы і водазабяспечанасць. Прыдатныя для выкарыстання прэсныя воды рэк, азёр, леднікоў, падземных гарызонтаў называюцца воднымі рэсурсамі. Асноўныя запасы прэсных вод (каля 2/3) знаходзяцца ў цвёрдым стане ў выглядзе леднікоў (табл. 1). Аб’ём штогод аднаўляльных прэсных вод прыблізна роўны сумарнаму гадавому сцёку рэк у акіян — 45 тыс. км3/год.
Табліца 1. Запасы прэсных вод на Зямлі
Крыніцы прэсных вод | Аб’ём запасаў, тыс. км3 | Доля прэсных вод у сусветных запасах, % |
Леднікі і пастаяннае снежнае покрыва, у тым ліку: | 24 064,1 | 68,7 |
Антарктыды | 21 600 | 61,7 |
Грэнландыі | 2340 | 6,68 |
арктычных астравоў | 83,5 | 0,24 |
горных раёнаў | 40,6 | 0,12 |
Падземныя воды, пераважна прэсныя | 10 530 | 30,1 |
Падземныя льды зоны шматгадовых мёрзлых парод | 300 | 0,86 |
Глебавая вільгаць | 16,5 | 0,05 |
Вада ў атмасферы | 12,9 | 0,04 |
Воды балот | 11,5 | 0,03 |
Воды прэсных азёр | 91 | 0,26 |
Воды ў рэчышчах рэк | 2,1 | 0,006 |
Агульныя запасы прэснай вады | 35 029,2 | 100 |
Пары атмасферы, акіянічныя і марскія салёныя воды ў гаспадарцы пакуль выкарыстоўваюцца нязначна. Яны з’яўляюцца патэнцыяльнымі воднымі рэсурсамі.
Адным з паказчыкаў стану водных рэсурсаў і звязаных з імі геаэкалагічных праблем з’яўляецца водазабяспечанасць.
Водазабяспечанасць — колькасць водных рэсурсаў у разліку на квадратны кіламетр тэрыторыі або душу насельніцтва (альбо тысячу, мільён жыхароў) краіны або рэгіёна.
Водазабяспечанасць краін свету значна адрозніваецца. Узровень меншы за 500 м3 на чалавека ў год з’яўляецца надзвычай нізкім для ўстойлівага развіцця дзяржавы. Узровень 1000 м3 на чалавека лічыцца крытычным. Ён паказвае, што краіна знаходзіцца ў стане вострага дэфіцыту водных рэсурсаў. Многія краіны з рэсурсамі, якія перавышаюць 5000 м3/чал., выглядаюць добразабяспечанымі. Але на самай справе сярэдняя лічба часта хавае сур’ёзныя рэгіянальныя адрозненні ўнутры краін. Колькасць насельніцтва свету павялічваецца, а аб’ём наяўных водных рэсурсаў застаецца пастаянным, таму дэфіцыт павялічвацца. У далейшым гэта паглыбіць супярэчнасці, звязаныя з выкарыстаннем водных рэсурсаў на міжнародным і нацыянальным узроўнях.
Паразважаем. Як адрозніваецца гаспадарчая дзейнасць у краінах з розным узроўнем водазабяспечанасці? Як кліматычныя ўмовы ўплываюць на водазабяспечанасць краін свету?
Клуб географаў-знаўцаў. Да 2025 г. 1,4 млрд чал. у 45 краінах свету будуць мець менш за 1000 м3 вады на чал. у год. Каля 75 % насельніцтва свету прыблізна ў 100 краінах будзе жыць ва ўмовах дэфіцыту вады, пад пагрозай экалагічнай, эканамічнай і палітычнай няўстойлівасці.
Рэгіянальныя асаблівасці водазабяспечанасці краін свету. Размяшчэнне запасаў прэсных вод на Зямлі нераўнамернае (табл. 2).
Табліца 2. Забяспечанасць частак свету рэсурсамі рачнога сцёку
Часткі свету | Рачны сцёк, км3 | Рэсурсы рачнога сцёку на душу насельніцтва, тыс. м3/год | ||
поўны | падземны | поўнага | падземнага | |
Еўропа | 3100 | 1065 | 4,76 | 1,63 |
Азія | 13 190 | 3410 | 5,16 | 1,34 |
Афрыка | 4225 | 1465 | 9,30 | 3,22 |
Амерыка | 16 340 | 5480 | 60,90 | 20,85 |
Аўстралія з Акіяніей | 1965 | 465 | 93,5 | 22,7 |
Свет (без Грэнландыі і Антарктыды) | 38 830 | 11 885 | 9,1 | 2,70 |
Свет і Беларусь. Як называюць Рэспубліку Беларусь зыходзячы з колькасці водных аб’ектаў?
У Еўропе ў многіх краінах залішняя колькасць мясцовых водных рэсурсаў. Напрыклад, у Ісландыі на душу насельніцтва прыходзіцца больш за 300 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 100 тыс. м3/год падземнага сцёку ў рэкі. У Нарвегіі — больш за 90 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 30 тыс. м3/год падземнага сцёку.
У Азіі з краін, багатых воднымі рэсурсамі, можна адзначыць Лаос. Тут на душу насельніцтва прыпадае 63 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 14 тыс. м3/год — падземнага. Найменш забяспечаны воднымі рэсурсамі краіны Цэнтральнай і ПаўднёваЗаходняй Азіі. У гэтых краінах пражывае больш за 2,5 млрд чал., а рэкі адрозніваюцца малаводнасцю.
У Афрыцы высокі ўзровень водазабяспечанасці насельніцтва ў ДР Конга — 120 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і 45 тыс. м3/год — падземнага сцёку. У Паўночнай Амерыцы вялікія водныя рэсурсы ў Канадзе (адпаведна 115 тыс. м3/год і 30 тыс. м3/год), у Цэнтральнай Амерыцы — Нікарагуа (54 тыс. м3/год і 22 тыс. м3/год). У Паўднёвай Амерыцы празмернае водазабеспячэнне ў Бразіліі (48 тыс. м3/год і 16 тыс. м3/год) і Венесуэле (56 тыс. м3/год і 17 тыс. м3/год). У Акіяніі значныя водныя рэсурсы мае Новая Зеландыя (128 тыс. м3/год і 64 тыс. м3/год).
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, якія маюць высокі ўзровень водазабяспечанасці.
Забор вады з усіх крыніц свету складае каля 4000 км3 у год. Аб’ём іншых прыродных рэсурсаў, такіх як вугаль або нафта, прыкладна ў 3 разы меншы. За апошнія 80 гадоў сельскагаспадарчае выкарыстанне вады павялічылася ў 6 разоў, камунальнае — у 7 разоў, прамысловае — у 20 разоў, а агульнае — у 10 разоў. Перадача вады на значныя адлегласці каштуе дорага і часта звязана з вялікімі цяжкасцямі. Таму лепш выкарыстоўваць водныя рэсурсы, якія знаходзяцца недалёка ад спажыўца.
Занальныя і рэгіянальныя асаблівасці водазабеспячэння краін свету. Занальныя прыродныя працэсы добра адлюстраваны ў асноўных паказчыках гідралагічнага рэжыму. Напрыклад, рэкі ў зоне вільготных трапічных лясоў мнагаводныя, са слоем сцёку парадку 1200 мм, з высокай доляй падземнага сцёку (каля 50 %). Прыродныя воды гэтай зоны ўльтрапрэсныя (менш за 100 мг/л раствораных рэчываў), з малой канцэнтрацыяй наносаў (менш за 50 г/л). У зоне стэпаў слой сцёку парадку 50 мм на год. Воднасць рэк рэзка змяняецца па сезонах года. Сцёк пераважна (на 80 %) фарміруецца водамі, сцякае па паверхні вадазбору. Воды прэсныя, але са значным утрыманнем солей (да 1000 мг/л), мутнасць вады значная (да 500 мг/л).
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія кліматычныя фактары аказваюць найбольшы ўплыў на занальныя асаблівасці гідралагічнага рэжыму рэк і азёр?
Падвядзём вынікі. У склад гідрасферы ўваходзіць вада ў …, глебавая … і вада … арганізмаў. Дзякуючы кругавароту вады атмасфера ачышчаецца ад прыродных і антрапагенных … . Вада — асноўны … клімату. У сусветнай гаспадарцы вада выкарыстоўваецца ў …, …, … . Прыдатныя для выкарыстання … воды …, …, леднікоў, падземных … называюцца … рэсурсамі. Водазабяспечанасць краін свету значна … .
Праверым свае веды. 1. Якое значэнне мае вада для функцыянавання геаграфічнай абалонкі? 2. Якія асноўныя прыродныя фактары вызначаюць водны баланс Зямлі? 3. Які ўплыў аказваюць падземныя воды на навакольнае асяроддзе?
Ад простага да складанага. 1. Якія прыродныя і антрапагенныя фактары ўплываюць на водазабяспечанасць краін свету? 2. Якія наступствы выклікае недахоп чыстай вады для насельніцтва?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце калаж «Вада ў жыцці чалавека». 2. Распрацуйце міні-праект пра забяспечанасць вадой краін, дзе востра стаіць праблема недахопу чыстай вады.