§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ

Рэгіянальныя асаблівасці водазабяспечанасці краін свету. Размяшчэнне запасаў прэсных вод на Зямлі нераўнамернае (табл. 2).

Табліца 2. Забяспечанасць частак свету рэсурсамі рачнога сцёку

Часткі свету Рачны сцёк, км3 Рэсурсы рачнога сцёку на душу насельніцтва, тыс. м3/год
поўны падземны поўнага падземнага
Еўропа 3100 1065 4,76 1,63
Азія 13 190 3410 5,16 1,34
Афрыка 4225 1465 9,30 3,22
Амерыка 16 340 5480 60,90 20,85
Аўстралія з Акіяніей 1965 465 93,5 22,7
Свет (без Грэнландыі і Антарктыды) 38 830 11 885 9,1 2,70

icon Свет і Беларусь. Як называюць Рэспубліку Беларусь зыходзячы з колькасці водных аб’ектаў?

Павышаны ўзровень П3

У Еўропе ў многіх краінах залішняя колькасць мясцовых водных рэсурсаў. Напрыклад, у Ісландыі на душу насельніцтва прыходзіцца больш за 300 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 100 тыс. м3/год падземнага сцёку ў рэкі. У Нарвегіі — больш за 90 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 30 тыс. м3/год падземнага сцёку.

У Азіі з краін, багатых воднымі рэсурсамі, можна адзначыць Лаос. Тут на душу насельніцтва прыпадае 63 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 14 тыс. м3/год — падземнага. Найменш забяспечаны воднымі рэсурсамі краіны Цэнтральнай і ПаўднёваЗаходняй Азіі. У гэтых краінах пражывае больш за 2,5 млрд чал., а рэкі адрозніваюцца малаводнасцю.

У Афрыцы высокі ўзровень водазабяспечанасці насельніцтва ў ДР Конга — 120 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і 45 тыс. м3/год — падземнага сцёку. У Паўночнай Амерыцы вялікія водныя рэсурсы ў Канадзе (адпаведна 115 тыс. м3/год і 30 тыс. м3/год), у Цэнтральнай Амерыцы — Нікарагуа (54 тыс. м3/год і 22 тыс. м3/год). У Паўднёвай Амерыцы празмернае водазабеспячэнне ў Бразіліі (48 тыс. м3/год і 16 тыс. м3/год) і Венесуэле (56 тыс. м3/год і 17 тыс. м3/год). У Акіяніі значныя водныя рэсурсы мае Новая Зеландыя (128 тыс. м3/год і 64 тыс. м3/год).

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, якія маюць высокі ўзровень водазабяспечанасці.

Забор вады з усіх крыніц свету складае каля 4000 км3 у год. Аб’ём іншых прыродных рэсурсаў, такіх як вугаль або нафта, прыкладна ў 3 разы меншы. За апошнія 80 гадоў сельскагаспадарчае выкарыстанне вады павялічылася ў 6 разоў, камунальнае — у 7 разоў, прамысловае — у 20 разоў, а агульнае — у 10 разоў. Перадача вады на значныя адлегласці каштуе дорага і часта звязана з вялікімі цяжкасцямі. Таму лепш выкарыстоўваць водныя рэсурсы, якія знаходзяцца недалёка ад спажыўца.