§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ

Рэкультывацыя парушаных ландшафтаў, яе асноўныя этапы і напрамкі.

Павышаны ўзровень П3

icon

Рэкультывацыя — аднаўленне тэрыторыі, парушанай гаспадарчай дзейнасцю чалавека, з выкарыстаннем комплексу спецыяльных мерапрыемстваў і тэхналогій.

Адрозніваюць два асноўныя этапы рэкультывацыі: горнатэхналагічны і біялагічны. Пры горнатэхналагічнай рэкультывацыі разраўноўваюць адвалы, тэрасіруюць схілы, аднаўляюць урадлівы слой глебы, праводзяць меліярацыйныя работы, будуюць пад’язныя шляхі і г. д.

Работы пры біялагічнай рэкультывацыі залежаць ад абранага напрамку аднаўлення ландшафтаў і прыродных асаблівасцей тэрыторыі. Яны ўключаюць комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці глеб і парушаных зямель; стварэнне аб’ектаў адпачынку, вадаёмаў, рыбаводчых сажалак, пасадку лесу і г. д. (мал. 21, 22).

img
Мал. 21. Афанасьеўскі кар’ер, Маскоўская вобласць, Расія
img
Мал. 22. Даліна дыназаўраў, г. Хожаў, Польшча

icon Свет і Беларусь. Прывядзіце прыклады рэкультывацыі парушаных ландшафтаў у Беларусі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пры выбары дрэвавых і хмызняковых парод для пасадак на адвалах горных парод перавагу варта аддаваць мясцовым відам, прыстасаваным да фізіка-геаграфічных умоў дадзенага раёна, так званым піянерным пародам. У якасці дрэў-піянераў у зоне шыракалістых лясоў Сярэдняй Еўропы выкарыстоўваюць алешыну, вярбу, акацыі. Потым высаджваюцца ясень, дуб, таполя, а дрэвы-піянеры паступова высякаюцца. Пасля іх поўнай высечкі ўтвараюцца сталыя шыракалістыя лясы, прыдатныя для лесараспрацовак.

Прадпрыемствы, якія здабываюць мінеральныя рэсурсы, абавязаны яшчэ да пачатку работ забяспечыць магчымасці для аднаўлення парушанага ландшафту. У раёнах здабычы вугалю шахтавым спосабам ліквідуюць тэрыконы, выкарыстоўваючы пароду для будаўніцтва дарог, фундаментаў. Гэта прыносіць двайную карысць: захоўваецца натуральны ландшафт і змяншаюцца выдаткі на будаўніцтва. На месцы былых тэрыконаў разбіваюць паркі, саджаюць лясы. Пустыя пароды, што застаюцца, выкарыстоўваюць для запаўнення выпрацаваных шахт.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У Польшчы, у цэнтры горнапрамысловай акругі ў Хожаве на месцы старых кар’ераў створаны цудоўны парк культуры і адпачынку, вядомы ў краіне і за яе межамі арыгінальнай экспазіцыяй пад адкрытым небам — «Даліна дыназаўраў». Парк створаны як дэндрасад, дзе высаджана 227 відаў дрэў і кустоў і праведзена ландшафтная планіроўка тэрыторыі (мал. 22).